Пад полудзень з асмужанай прыціхлай прасторы павеяла яго блізкасцю. Нарэшце, можа, прыйдзе ён, доўгачаканы, першы за гэту вясну дождж.
Але ён не прыйшоў, як прыходзяць вясновыя дажджы, гарэзліва, весела, імкліва, з першай маланкай і громам, а нейк нябачна, спакваля і няўпэўнена заскробся, як малое кацяня, па бляшаных дахах гарадскіх дамоў.
Сонны, ляны і скупы, ледзь варушыцца ён у прыціхлым паветры, і толькі мокрыя казыркі стрэх ды пасвяжэлая зеляніна дрэў выдаюць, што прайшоў ён недзе далёкай стараною або проста пацвяліўся з намі, страсянуўшы з сябе лішнія кроплі. Толькі назаўтра пераддзень пачаўся ён, ціхі і спорны, а раніцай памацнеў.
Я так ссох душою па добраму вясноваму дажджу, што знарок пайшоў на вуліцу, каб на самім сабе адчуць яго свежасць, пах мокрае вопраткі. Хадзіў, пакуль не вымак. Вальней стала дыхаць.
Змяніўшы адзежу, яшчэ доўга цешыўся, як прыемна было пад цёплымі пырскамі не толькі зверху, але і з-пад колаў машын, што абдавалі вадою з лужын і каляін.
Лёгка зразумець урачыстую радасць дзяцей, для якіх вясновы або летні дождж – заўсёды жаданы друг у гульні, з якім весела бегаць навыперадкі і пацвельвацца: «Дожджык, дожджык, секані! Дожджык, дожджык, абгані!»
Похожие статьи:
Вера Вярба → Вера Вярба - Дожджык
Васіль Хомчанка → Васіль Хомчанка - Дождж
Васіль Зуёнак → Васіль Зуёнак - Сонечны дождж
Пераказы → Цана дажджавой кроплі
Пераказы → Грыбныя дажджы