Вясною, як толькі прыгрэла сонейка, яна першаю выглянула з сухой леташняй травы і адразу расцвіла жоўтым цветам. Азірнулася вакол, бачыць: выглянулі з травы і расцвілі іншыя кветкі – маленькія жоўтыя сонейкі.
– Гэта мае сваякі, – сказала кветка, і ёй стала радасна, што яна не адна на свеце.
Але з кожным днём прыгравала сонейка, і кветка пачала сівець.
Замест жоўтай зрабілася белай-белай.
– Што ж цяпер будзе? – спалохалася яна, бо ўбачыла, што ўсе яе сваякі таксама белыя. Чуе кветка: ляціць цяжкі касматы чмель.
Яна ведала гэтага чмяля. Ён часта лятаў тут і гудзеў сваім тоўстым голасам, збіраў мёд і ніколі не мінаў яе пялёстачкаў.
– Што будзе? – трывожна спыталася кветка. – Няўжо я загіну і загіне ўся мая радня?
Мудры чмель ёй сказаў:
– Не палохайся. На той год закрасуеш ізноў. Толькі трэба зрабіць так, каб твае дзеці разляцеліся як мага далей.
– А як мы разляцімся? У маіх жа дзетак няма крылаў?
Мудры чмель думаў-думаў і нічога не прыдумаў.
– Думай сама, – сказаў ён. Загуў як самалёт і паляцеў.
Доўга думала кветка-дзьмухавец і нарэшце радасна ўсклікнула:
– Прыдумала! – і пачала кветка-маці шыць сваім дзеткам белыя шаўковыя парашуцікі. І толькі дзьмухнуў ветрык, паляцелі сынкі і дачушкі – кожны на сваім белым парашуціку. І кожны стараўся адляцець далей. Хто дзе ўпаў – там і заснуў да будучай вясны.
А як толькі пасля зімы прыгрэла сонейка, прачнулася маці, глянула – а навокал жоўта ад кветак.
– Як я добра прыдумала! – радасна сказала кветка-маці.
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Зязюльчыны слёзы (Паводле А. Гурскага)
Янка Журба → Янка Журба - Дзяўчынка і кветкі
Міхась Зарэцкі → Міхась Зарэцкі - Кветка пажоўклая
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - Верас
Васіль Зуёнак → Васіль Зуёнак - Гарлачык