Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Мастацкія асаблівасці аповесці Васіля Быкава «Аблава»

   На старонках аповесці «Аблава» імкліва разыгрываецца адна са страшных трагедый XX стагоддзя, у выніку якой «распадаліся сем’і, нішчылася людская роднасць, спрадвечная вясковая крэўнасць». Сумленны шчыры працаўнік у адначассе мог згубіць усё, зрабіцца для іншых «жахлівым чужынцам», выгнаннікам, беглым катаржнікам, на якога не распаўсюджваюцца чалавечыя правы і законы. У гэтым на ўласным вопыце пераконваецца галоўны герой аповесці Хведар Роўба.
   Хведара, высланага гвалтам за тысячу вёрст, прывялі да роднага селішча вялікі адчай і вялікая любоў. Са смерцю Волечкі «жыццё адняло ў яго апошнюю радасць, адзіную яго ўцеху... уласнае існаванне траціла ўсякі кошт, ён не надта і даражыў ім; яно даўно зрабілася невыносным». Калі што і трымала Роўбу на свеце, дык гэта жаданне пабачыць родны кут. Пасля перажытых пакут Хведар лічыць шчасцем памерці на сваёй зямлі.
   Нікому Роўба не пагражае і не замінае, нікому з аднавяскоўцаў, нават Мікіту Зыркашу і Зміцеру Цыпруку, з-за якіх пачаліся яго пакуты, не жадае дрэннага. Аднак няма яму месца сярод блізкіх і знаёмых людзей. Ён можа толькі ноччу, як здань, прайсціся па вёсцы, хаваючыся, зазірнуць у акно былога сябра ці сваяка. На радзіме Хведар горшы за звера, за злачынца і за шпіёна, бо столькі самых розных людзей сышліся яго лавіць у лесе.
   І – ужо апошняя кропля ў бязмернай чалавечай трагедыі – сын, бацькаў гонар і надзея, старанна абшуквае балотныя купіны, палюе разам з іншымі на бацьку. Роўба ўвесь час хоча неяк апраўдаць Міколку. Сумныя думкі з’яўляліся яшчэ там, пад Котласам. Роўба-малодшы ніяк не нагадаў пра сябе, не пацікавіўся лёсам бацькі, маці, сястрычкі. Гэта яшчэ неяк можна было зразумець. Дапамагчы родным Міколка не мог, а нашкодзіць сабе – вельмі проста. І Хведар не пісаў яму, як ні прасіла аб гэтым жонка. Вельмі ўразілі Роўбу словы старога чалавека пра адносіны сына-начальніка да калгаснікаў, пра тое, што ён хацеў змяніць прозвішча: «Ну хай адмовіўся ад раскулачанага бацькі, навошта ж так да людзей? І яшчэ мяняць прозвішча? Што ж тады застаецца ад мінулага. Як тады жыць у будучым? Што ён скажа сваім дзецям, калі тыя будуць у яго?» Бацька імкнецца зразумець, адкуль жорсткасць у сына, калі яна выявілася ў яго характары, бо малым Міколка быў жаласлівы да ўсіх.
   Камсамолец-Міколка сказаў пра лепшага сябра, які не змог пераступіць праз матчыны слёзы, не выкінуў з хаты абразы: «Камсамол такіх ашуканцаў сцірае ў парашок». Тады бацьку падумалася, што гэта па моладасці, падрасце сын – паразумнее. З таго часу Міколка «паразумнеў», але не так, як хацелася бацьку.
   Ці змог дараваць, ва ўсім апраўдаць Роўба сына? Не! Пачуўшы цвёрды начальніцкі голас, які ён набыў ужо без бацькі, Хведар пазайздройсціў жонцы, што яна не бачыць усяго і не чуе.
   У аповесці В. Быкава знайшла адлюстраванне балючая, страшная праўда пра рэчаіснасць 30-х гадоў, пра падзеі калектывізацыі. Кароткімі, энергічнымі мазкамі малюе празаік вёску ў перыяд карэннай ломкі адвечнага укладу, жыццё перасяленцаў на поўначы. Ён, як амаль заўсёды ў сваіх творах, паказваючы перажыванні і адчуванні чалавека, нешматслоўны і стрыманы, што яшчэ больш падкрэслівае трагізм становішча Хведара Роўбы, нялюдскасць яго лёсу. Для В. Быкава мала ўзнавіць – ярка, запамінальна, дакладна, – што і як адбывалася. Праз увесь твор праходзіць пытанне-роздум: чаму такое здарылася з чалавекам, віна якога адно ў тым, што ён нарадзіўся, як і бацькі, дзяды яго, як увесь ягоны род, селянінам, любіў зямлю, працу, быў руплівым, дбайным гаспадаром. Адказы пісьменнік шукае ў грамадска-палітычных варунках таго часу.

 

Похожие статьи:

Васіль БыкаўВасіль Быкаў - Аблава

Васіль БыкаўВасіль Быкаў - Сотнікаў

Васіль БыкаўВасіль Быкаў - Пайсці і не вярнуцца

Васіль БыкаўВасіль Быкаў - Жураўліны крык

Васіль БыкаўАблава. Трагедыя Хведара Роўбы і яго сям'і