Нечакана нападаў, лёг снег. I тата з мамаю, спахапіўшыся, што дроў на зіму нарыхтавалі малавата, пачалі збірацца ў лес.
I мяне з сабой вазьміце, – папрасіўся ў іх сынок Петрык.
– А не змерзнеш? – спытаў у Петрыка тата.
– Не-а!
Апранулі Петрыка цяплей і ўзялі з сабою.
vВыехалі з вёскі. Петрык ад здзіўлення аж рот разявіў. Вачам сваім не паверыў: такая прыгажосць! Быццам чысценькаю белаю ватаю ўсё навокал абкладзена – дарога, дрэвы, кусты. А ў лесе, у лесе што! Елачкі, сасонкі, здаецца, аж папрыгіналіся ад цяжару. Ды і дубы, клёны, ясені зусім інакш выглядаюць, чым улетку. Бароды сівога моху на камлях быццам яшчэ больш пасівелі, пагусцелі, а голле паўкрывала пухнатая шэрань. і далёка-далёка ўсё відаць, нават сляды звяроў.
Тата з мамай, узяўшы пілу і сякеру, ужо завіхаліся каля паваленай – ці не бурай? – старадрэвіны. А Петрык усё ніяк не мог адвесці вачэй, любаваўся і любаваўся зімовым лесам.
– Тук-тук-тук! – пачулася раптам аднекуль зверху.
I Петрык насцярожыўся, спытаў таямніча:
– Хто гэта там стукае?
– Дзяцел, – адказаў тата.
– Што ён робіць?
– А ты схадзі ды паглядзі!
Пайшоў Петрык пад тое дрэва, адкуль стук чуўся. І доўга глядзеў, хочучы здаўмецца, што робіць высока на дрэве чырвонагаловы прыгажун дзяцел. Аж пакуль холадна не стала, не змёрз. Толькі тады спахапіўся Петрык, да таты, мамы пабег.
– Мне холадна, – прызнаўся ён.
– Холадна? – не здзівіўся тата. – А ты пагрэйся.
– Як пагрэцца?
– А вось на табе ручку пілы ды дровы пілуй. А я тым часам сучча буду абсякаць. Глядзіш – сагрэешся, дый мы з маці хутчэй управімся, дадому паедзем.
Узяў Петрык ручку пілы, пачаў пілаваць разам з мамай дровы. Ён да сябе пілу цягне, а мама – да сябе. I не заўважыў, як сагрэўся. Нават рукавіцы з рук зняў, кажушок расшпіліў.
– Ну, сагрэўся? – спытаў у Петрыка тата.
– Сагрэўся, – весела адказаў Петрык і засмяяўся.
– Чаго гэта ты раптам? – паглядзела на Петрыка мама.
– Дзятла ўспомніў.
– Што, здагадаўся, чаму ён так упарта дзюбаю тукае? – падміргнуў тата.
– Ага. Таксама, мусіць, грэецца.
– Грэецца, а заадно і дрэва лечыць, – дадаў тата.
Похожие статьи:
Барыс Сачанка → Барыс Сачанка - Хлеб
Барыс Сачанка → Барыс Сачанка - Сляды
Барыс Сачанка → Барыс Сачанка - Карчоўнік
Барыс Сачанка → Барыс Сачанка - Зерне і млын
Барыс Сачанка → Барыс Сачанка - Ля даўняга селішча