Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Барыс Сачанка - Сляды

Увага!!! Поўны змест

   Чалавека нешта непакоіла. Ён то сядзеў воддаль ад дарогі, прыхінуўшыся да камля дуба, то ляжаў, падклаўшы пад галаву пацёрты рэчавы мяшок, то, уцягнуўшы ў плечы доўгую шыю, хадзіў сюд-туд па ўскрайку лесу і не-не дый паглядваў на вёску, што відна была за дробным бярэзнікам на пагорку. Часам позірк яго спыняўся на звітым з сухое травы і валосся гняздзечку, якое пагойдвалася на галінцы кашлатай хваінкі. Гняздзечка ажывала, калі прылятала шустрая шэрая птушачка. Тады з яго высоўвалі галоўкі маленькія, амаль голыя птушаняты. Яны высока выцягвалі худыя шыйкі, наперабой ціліўкалі і жоўтымі кволымі дзюбкамі хапалі прынесены корм. Чалавек у момант хмурнеў, браўся аберуч за галаву і падоўгу не варушыўся. Пасля, схамянуўшыся, выпростваў плечы, ускідваў пакамечаны мяшок. Але нешта кожны раз стрымлівала яго – ісці ў вёску ён чамусьці не рашаўся...
   Толькі калі шэрань надвячорка зацягнула далячынь і стала зусім цёмна, чалавек выкіраваўся на дарогу і, насцярожана ловячы шолахі, аглядаючыся раз-пораз, паволі пакрочыў у вёску.
   Каля хаты з чаратовым дахам, які, нібы шапка-кучомка, ссунуўся набок, ён спыніўся. Зладзеявата агледзеўся, зазірнуў праз шчыліну ў варотах у двор і, упэўніўшыся, што ніхто не бачыць, пералез цераз нізкі дашчаны плот. Ступіў некалькі крокаў і спыніўся пад яблыняй, трошкі ў баку ад святла, што падала з незавешанага акна...
   У хаце вячэралі. Пажылая жанчына стаяла каля засланага белым абрусам стала, налівала ў конаўку з вялікага гладыша малако. Да конаўкі цягнулася малая, амаль што дзіцячая рука...
   Чалавек уздрыгнуў, твар яго перасмыкнуўся, нібы ад болю. Прыгнуўшыся, каб не зачапіцца галавой за голле, ён асцярожна пакраўся да акна, прынік да сцяны. Але таго, каго яму так хацелася ўбачыць, – не ўбачыў: засланяў вушак...
   Дзесяць год назад чалавек нават не думаў, што зноў хоць калі-небудзь прыйдзе сюды. Ён пакідаў тады дом, каб больш ніколі не вярнуцца. Сям’я здавалася яму непатрэбнай, лішняй... I не змог – вярнуўся... Чаму? Што прыгнала яго зноў сюды? Адчуванне блізкай адзінокай старасці, бацькоўскае сумленне, якое прачнулася і нарэшце загаварыла, жаданне мець сталае жыллё? Хто ведае што? Можа і тое, і другое – усё разам?.. I вось ён тут, каля свайго дома. Пераступі парог – і перад табою твае дзеці, твая жонка... Парог!.. Але ці захочуць яны, дзеці, лічыць яго цяпер сваім бацькам, ці захоча жонка жыць з ім як мужам? Мінула ж, пранеслася, як пыл па ветры, гэтулькі год!..
   Улетку на вёсцы спаць кладуцца рана, з прыцемкамі. Чалавек гэта добра ведаў. Ведаў ён і другое: варта толькі пагаснуць святлу, і ён ужо нізавошта не зойдзе ў хату – не хопіць рашучасці. Зноў давядзецца вяртацца ў лес, хавацца да новага вечара ад людзей ці зусім ехаць адсюль... Куды? Чаго?.. I ўсё адно чалавек не спяшаўся заходзіць у хату – стаяў і стаяў ля акна, нібы быў прывязаны нечым да сцяны...
   Між тым у хаце павячэралі. Жанчына пайшла слаць пасцелі.
   Пагасла святло.
   Чалавек схапіўся рукамі за галаву...
   Ціха плыла над вёскаю ноч. Тлелі, міргаючы, далёка-далёка ў небе зоры. Цьмяна свяціўся Млечны Шлях. Апускаўся нячутна ўсё ніжэй і ніжэй на лес надкусаны месяц. Аб нечым сваім, незразумелым людзям, шапталася лісце...
   А чалавек усё стаяў і стаяў...
   Потым ён асцярожна, падоўгу спыняючыся каля кожнага дрэва, абышоў сад, пастаяў ля хлява, паслухаў, як мерна і нудна жуе жвачку карова, патузаў рукою плот.
   «Новы... Хто паставіў яго?..»
   Вуха раптам улавіла шэпт. Чалавек замёр... Шапталіся каля веснічак на вуліцы двое: хлопец і дзяўчына. Дзявочы голас здаўся яму вельмі знаёмы...
   «Дачка... Няўжо дачка?.. Вырасла, знаецца ўжо з хлопцамі... Каторая – Люда ці Жэня?..»
   Лагодны, замілаваны шэпт хлопца, ціхі, стоены дзявочы смех так расчулілі чалавека, што ён заплакаў, заплакаў, як плачуць толькі мужчыны: скупа, горка...
   Яшчэ трохі спагадзя ён убачыў, як яна, яго дачка («Каторая – Люда ці Жэня?..»), рослая, стройная, папраўляючы на хаду прычоску, лёгка ішла ў хату. Чалавек памацаў за плячыма мяшок, падаўся ўсім целам наперад. Але так і не зрушыўся з месца – застыў. Ён баяўся сустрэцца са сваёй дачкой...

   Ходзячы раніцою па садзе, гаспадыня ўбачыла на градах пад яблынямі, на прызбе каля акон, ля хлява і ля плота сляды вялікіх мужчынскіх ботаў. Яна доўга стаяла, не ведаючы, хто гэта і чаго мог хадзіць тут уночы. I, падумаўшы, што нехта хацеў абабраць сад, пайшла да суседа прасіць сабаку на час, пакуль даспеюць яблыкі...

1958 г.

Похожие статьи:

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Ля даўняга селішча

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Хлеб

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Карчоўнік

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Зерне і млын

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Жаніх і нявеста