Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Барыс Сачанка - Дубы
Яны стаялі на ўездзе ў вёску, на лузе, трохі ўбаку ад дарогі. Стаялі купкаю адзін пры адным – усе тры рослыя, тоўстыя, галлістыя. І калі б я ні вяртаўся дадому – бачыў яшчэ здалёку іх непакорныя, пышныя вяршаліны. Сэрца маё адразу ж напаўнялася радасцю – пройдзе некалькі хвілін, і буду я ў сваёй знаёмай змалку хаце, сярод усяго такога звыклага, роднага. Быццам я ніколі нікуды і не выязджаў.
Самыя розныя ўспаміны ажывалі раптам. Пад дубамі мы, вясковыя хлапчукі, як толькі мінула доўгая, халодная зіма, раставаў снег, зелянеў поплаў, пасвілі свіней. Распальвалі вогнішчы, пяклі пячонікі, ляжалі ў цяньку, уставіўшыся вачыма ў бяскрайні блакіт неба. Думалі, марылі кожны пра сваё. Дубы маўчалі, шумелі лісцем, асабліва калі блізка была навальніца, ліў дождж. Шумелі па-рознаму, то ціха, спаважна, то глуха, трывожна. Гледзячы, якое было надвор’е, адкуль і як дзьмуў вецер.
– Нешта дубы разгаманіліся, – казалі ў нашай вёсцы і пазіралі на неба: ці не набліжаецца чорная хмара?
Ляцелі з лесу ці ў лес птушкі – прысядалі адпачыць на дубах. Затрымліваўся, не мінаў дубоў і вецер, падоўгу гушкаўся ў галінах. Восенню вецер атрасаў з дубоў спачатку жалуды, а потым і лісце. Паднімешся раненька з пасцелі, прыбяжыш пад дубы, а там – услана жалудамі: поўнымі, спелымі.
З усяе вёскі бывалі ў такую пару пад дубамі людзі. Прыходзілі не толькі збіраць жалуды, але і нанізваць на пруцікі сухое лісце. На лісці, усцілаючы ім под печы, пяклі ў нашай вёсцы хлеб. Дубовае лісце з усімі яго прожылкамі прыгожа адбівалася на ніжняй скарынцы бохана. І скарынка была вельмі смачная. Смачная і пахла летам, дубамі…
Па дубах, па тым, як яны распускаліся вясною, гаспадары і гаспадыні меркавалі, што ўжо можна, а што нельга сеяць і садзіць у агародах. Бо дубы – гэта не бярэзнік, не асіннік і нават не алешнік. Яны ніколі не памыляліся, надзейна адчувалі надвор’е: павярнула на цяпло ці ўсё яшчэ будзе стаяць холад…
Словам, дубы належалі вёсцы. Да іх усе прывыклі. Нават уявіць сабе было цяжка, як можа быць вёска без такой красы – дубоў…
І вось сёлета дубоў не стала – усіх трох у адзін дзень. Іх паваліла бура. Наляцела неяк пад вечар знянацку, ды з такой сілай, што не ўстаялі волаты, галлём ляглі на зямлю.
Вяртаючыся з горада ў вёску, я не ўбачыў іх пышных вяршалін. І мне зрабілася, як ніколі яшчэ, неяк няўтульна, сумна. Да слёз шкада было дубоў. Шкада было, што, выспеліўшы тысячы, мільёны жалудоў, дубы не пакінулі сваіх нашчадкаў. Не ўзгадавалі, не ўзрасцілі такіх жа, як самі, волатаў…
Ах, чаму ж дубы былі такія неабачлівыя, бесклапотныя!..
Дый мы, вяскоўцы, таксама…
Похожие статьи:
Барыс Сачанка → Барыс Сачанка - Карчоўнік
Барыс Сачанка → Барыс Сачанка - Хлеб
Барыс Сачанка → Барыс Сачанка - Ля даўняга селішча