Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Барыс Сачанка - Дарога праз лес

Увага!!! Поўны змест

   Ад школы, дзе вучыць Леанід Акімавіч, да Замхоўя крыху больш сямі кіламетраў. Гэта калі праз лес, ці, як кажуць, брадамі. Дубы і клёны, сярод якіх дзе-нідзе пракідаюцца танклявыя беластвольныя бярозкі і кусты арэшніку, упіраюцца скрозь у самае неба. За парэпанымі, у два і ў тры абхваты камлямі часам нельга разгледзець малаўезджаную дарогу праз дзесяць-дваццаць крокаў.
   То тут, то там на дарозе плеснеюць, гніюць доўгія дрыгвяністыя брады з жабамі ў стаячай, цвілой вадзе. За імі – зноў лес. Дрэвы адно ў адно: тоўстыя, старыя, з бародамі сівога моху на ствалах. Яны заўсёды захоўваюць адвечныя лясныя змрокі.
   Лес гэты ніколі не ведаў ні пілы, ні сякеры. Ён рос, старэў, трухлеў на карані і, калі надыходзіў яго час, падаў... На яго месцы неўпрыкмет падымаўся новы. Так ішлося спрадвеку.
   За адным самым вялікім на гэтай дарозе бродам – Журавым – лес нібы расступаецца, даючы месца паляне. На гэтай паляне яшчэ да вайны стаяла леснічоўка. Цяпер тут засталося толькі печышча. Усё ў быльнягу і ажынніку, яно выпірае аж на самую дарогу.
   Людзі па гэтай дарозе ходзяць рэдка. Сустракаючы тут Леаніда Акімавіча, сёй-той з аднавяскоўцаў пытаў:
   – Чаго гэта, Акімавіч, брадамі ходзіце? Ёсцека ж дарога праз сенажаць... Куды прамей...
   Настаўнік усміхаўся, хутчэй сабе, чым субяседніку, і задуменна казаў:
   – Лес люблю... Ды і прывык хадзіць па гэтай дарозе....
   Неяк хацелі перавесці Леаніда Акімавіча ў Замхоўскую школу, але ён, на здзіўленне ўсім, адмовіўся.
   – Мне добра... Сем кіламетраў... Адпачыць пасля ўрокаў і то як след не паспееш...
   Прывыклі людзі да такіх вандровак настаўніка, думаючы парою: хлопец усю вайну тут прапартызаніў. Ці мала што можа напомніць яму глухая лясная дарога?
   Ідзе, крочыць Леанід Акімавіч, а ў галаве ў яго мінулае – дарагое, незабыўнае. І бесклапотнае, вясёлае маленства, прабасаножанае тут, на ўлонні прыроды, і школа, сябры, настаўнікі... Яго першае і, відаць, апошняе каханне таксама некалі блукала тут... Усплываюць сінія, празрыстыя майскія вечары з духмяным настоем яблыневай квецені ў паветры... Ён хадзіў тады адзін каля леснічоўкі. Усё чакаў – можа выйдзе яна... Ніна. «Я скажу ёй пра ўсё...» – думаў ён. Але Ніна не выходзіла. Сядзела каля прыадчыненага, нічым не завешанага акна і чытала.
   «Ніна... Ты нічога не ведала. Я не асмеліўся падысці да цябе ні на адным школьным вечары, не рашыўся нават пра ўсё напісаць. Не ведала ты і пра тое, хто выкраў у цябе з партфеля твой здымак...» Ці не ён, той здымак, і загубіў усё – мару, каханне. А ён, Леанід, так бярог яго. І ў цяжкіх, крывавых баях пры адступленні, і ў школе той, куды трапіў неўзабаве пасля ранення, – усюды здымак быў з ім, як напамінак аб далёкім шчасці.
   І вось стала вядома, што яго, Леаніда, самалётам пераправяць праз лінію фронта да партызан. Якраз у родныя мясціны.
   З самалёта выкінуўся ноччу. Знаёмы лес сустрэў ціхім, прытоеным шэптам.
   Схаваўшы пад выварацень рацыю, да самага ўсходу прабіраўся да партызанскай зоны з думкамі пра заданне, пра маці, вёску. Пра яе, Ніну... Раніца ў той дзень выдалася нейкая насцярожаная. Манатонна ціўкалі пеначкі, спалохана лопалі крыллем, пырскаючы халоднай расой, дзікія качкі. Дыміўся, хаваючыся за кусты, туман.
   – Хэндэ хох!..
   Картавы голас з-пад дуба выбіў Леаніда з задумення і прымусіў нырнуць у гушчар, шукаць паратунку.
   Аўтаматная чарга збіла на плячо некалькі галінак...
   Леанід ведаў свой лес, брады, раку Віць... «Толькі б дабегчы да ракі...» – мільгала ў галаве. Ногі правальваліся ў месіва твані, спаўзалі з купін. Гразь плюхала ў ботах. Ён чуў, як трашчала голле, каўкала дрыгвяністая багна.
   «Чаму не страляюць?»
   Яшчэ крокаў праз колькі ён здагадаўся: «Хочуць узяць жывога».
   «Трэба скінуць гімнасцёрку, – цюкнула яму, калі ён дабег да ракі, – пакласці яе перад ботамі. Хай тады акружаюць «парашутыста»... А тым часам – у раку. На тым беразе – партызанская зона...»
   Гадзіны праз дзве Леанід быў у партызанскім лагеры. І тут успомніў, што разам з гімнасцёркаю трапіў у рукі ворагаў здымак. Нінін здымак...
   Праз тыдзень, ліпеньскай ноччу, Леанід наведаў маці. Ад радасці тая не ведала, што рабіць. Стаўляла на стол то малако, то халодную бульбу, якая засталася ад вячэры, то прыносіла сала. І ўсё расказвала, расказвала свае вясковыя і партызанскія навіны.
   Леанід доўга не рашаўся запытаць пра Ніну. Толькі перад самым світаннем, калі ўжо адыходзіў, не вытрымаў:
   – Мама, а дзе цяпер Ніна? Ніна Лучанка?
   І пачуў страшнае, у што доўга не хацелася верыць...
   – Няма яе ўжо, сынок... Немцы павесілі... Учора... Кажуць, трымала связь з Масквой. У кішэні парашутыста знайшлі яе здымак. Відаць да яе пасылаўся чалавек... На допыце, кажуць, маўчала, нікога не выдала...
   ...Крочыць Леанід Акімавіч лясною дарогай...
   Мінае лета, пачынае журботна курлыкаць жураўліная восень, пасля – мяцеліцы, снягі, а Леанід Акімавіч ходзіць і ходзіць той дарогай, па якой вялі на смерць Ніну... Яго Ніну...

Похожие статьи:

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Зерне і млын

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Хлеб

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Карчоўнік

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Сляды

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Ля даўняга селішча