Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Барыс Сачанка - Бабка Адарка

Увага! Поўны змест

   Ні ў кога, мабыць, няма такой бабкі, як бабка Адарка ў Аленкі. Добрая, ласкавая, працавітая. Калі ні прыйдзе Аленка да яе, усё нешта робіць. То каля печы ў хаце завіхаецца, то ў гародзе сее, садзіць, поле, акопвае, то ў лес па ягады ці грыбы спяшаецца. І ўсё быццам камусьці кланяецца, шэпча. Але і пачаставаць умее. І не купленым у магазіне, а сваімі рукамі вырашчаным, сабраным, прыгатаваным. Чаго толькі няма ў бабкі Адаркі! Морква, бручка, мак, гарох, гуркі, памідоры, гарбузікі, арэхі... А што да садавіны, ягад розных, грыбоў, то... І сушаныя, і смажаныя, і вараныя, і квашаныя...
   Нідзе ў вёсцы на сотках так не родзіць, як у бабкі Адаркі. Што ні пасее – усё ўродзіць. І як! Гарбузы – не падняць, памідоры – па кулаку, бульба, морква, бручка – з зямлі не выбраць. І калі ў лес па ягады ці па грыбы бабка Адарка пойдзе – ніхто з ёю не справіцца, больш не прынясе.
   – Адарка нейкія сакрэты ведае! – кажуць у вёсцы пра бабку людзі.
   Неяк бабка Адарка, ідучы ў лес, і Аленку з сабой узяла. І па дарозе, як і звычайна, кланялася і ўсё нешта шаптала, шаптала. Аленка не вытрымала – спытала:
   – Каму ты, бабка, кланяешся, што ты шэпчаш?
   – Людзям, зямельцы, сонейку, – заўсміхалася бабка. – І не шапчу, а дзякуй кажу. Надта ж яны шчодрыя, дабром за дабро, ласкай за ласку плацяць, усё для жыцця, шчасця нам даюць.
   І ў лесе, калі ягады пачаліся, брала іх і ўсё кланялася, шаптала, няйначай, кожнай галінцы, кожнай ягадцы дзякавала.
   Вось якая ў Аленкі бабка Адарка!

 

Похожие статьи:

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Сляды

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Карчоўнік

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Зерне і млын

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Ля даўняга селішча

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Хлеб