Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Артур Вольскі - Роднае слова

Увага!!! Поўны змест

   Здарылася так, што людзі аднаго краю палічылі, быццам мова, якою гаварылі іх бацькі, дзяды і прадзеды, непрыгожая. Нават грубая і нягеглая.
   – I чаму, – абураліся адны, – у нас «р» толькі цвёрдае, а ў суседзяў ёсць і мяккае?
   – Так, так, – згаджаліся другія, – у суседзяў «г» гучнае, а ў нас – амаль як «х»...
   – А чаго варта наша дзеканне і цеканне! – дадавалі трэція. – Ці «у нескладовае»...
   Што ж рабіць?
   Думалі, думалі і надумалі ўрэшце пазычыць мову ў суседзяў. Яна, маўляў, і багацейшая, і прыгажэйшая. Хоць і вельмі блізкая да тутэйшай. I пазычылі. I ніякіх быццам складанасцей. Многія ж словы аднолькава ў абедзвюх мовах гучалі. Такія важныя і патрэбныя, напрыклад, як «хлеб» і «соль», «мір» і «дом», «поле» і «лес»...
   Але былі і несупадзенні, праз якія здараліся розныя недарэчнасці. Часам смешныя, а часам і не надта. Так, хацеў аднойчы добры чалавек нейкую паслугу зрабіць свайму даўняму сябру. Ды памыліўся. Замест паслугі непрыемнасць атрымалася. Сябар дужа пакрыўдзіўся.
   А чалавек той лічыўся вельмі адукаваным. Сваёй мовай зусім гаварыць развучыўся. I пачаў апраўдвацца на мове суседзяў.
   – У меня, – кажа, – были самые благие намерения...
   Хаця словы ў гэтым сказе на абедзвюх мовах гучалі амаль аднолькава, адно з іх мяняла ўвесь сэнс сказанага. «Благие» ў мове суседзяў значыла – добрыя, а «благія» ў мове тутэйшай – дрэнныя, кепскія, паганыя. Усё наадварот!
   I столькі падобных выпадкаў было, што і не злічыць.
   А тут яшчэ і другая бяда. Пачалі блытаць тутэйшыя людзі, дзе якое «р» вымаўляецца. Дзе трэба мяккае, цвёрдае праскочыць. Дзе трэба цвёрдае, мяккае з’явіцца. Як скажа хто «брукі» замест «брюки», «трапка» замест «тряпка», так суседзі і заходзіліся ад смеху.
   Ды і дзекання і цекання пазбавіцца не ўсім удалося. Толькі ў суседскай мове неўласцівае ёй вымаўленне гучала сапраўды дзіўнавата. А можа, і дзікавата. Не тое, што ў сваёй...
   I зноў задумаліся людзі. Што рабіць?
   Пайшлі да самага старога і самага разумнага ў той краіне чалавека. Спыталіся. А самы разумны чалавек і кажа:
   – Кожны народ сваю мову мае. Кожнаму народу яна – родная. I не шанаваць, не любіць яе – тое самае, што выракацца маці ды бацькі, той зямлі, дзе мы нарадзіліся, якую родным краем завём. Адно магу вам параіць: шануйце мову родную і суседскую паважайце...
   Паслухаліся людзі самага старога ды самага разумнага чалавека. I неўзабаве зразумелі, што ні адной на свеце мовай не выкажаш так дакладна свае думкі і пачуцці, як роднай. I яшчэ ўпэўніліся, што дарма ганілі яе. I багатая яна, і мілагучная. Не горшая за суседскую і за ўсе іншыя мовы.

Похожие статьи:

ССлова

Пераказы, дыктантыХто ж аўтар «Слова пра паход Ігаравы»?

ІншаеСлова пра паход Ігаравы

Рыгор КрушынаРыгор Крушына - Слова

Пераказы, дыктантыРоднае слова