Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Артур Вольскі - Вярніся, ластаўка!..

Увага!!! Поўны змест

   Ішоў першы ўрок геаграфіі. Самы першы ў Лёнікавым жыцці. На сцяне вісела вялізная карта свету. На стале стаяў на чорнай ножцы круглы, як мяч, глобус.
   Лёнік ужо ведаў, што глобус – гэта маленькае ўвасабленне Зямлі. А карта паўшар’яў – нібыта партрэт яе з двух бакоў. Ведаў ён і пра тое, што без глобуса, без карты немагчымы ніякія падарожжы. Ні па сушы, ні па вадзе, ні нават па небе. Таму і карцела яму як хутчэй пазнаёміцца з гэтымі вернымі спадарожнікамі і памагатымі вялікіх мораплаўцаў і землеадкрывальнікаў.
   Як чароўную казку, слухаў ён зараз расказ настаўніка.
   Вось ужо Лёнік уяўляе сябе Хрыстафорам Калумбам. На капітанскім мосціку. Вакол бушуе бязмежны акіян. А цьмянае святло карабельнага ліхтара падае на карту, дзе вызначаны яшчэ не вывераны шлях у далёкую і такую прывабную Індыю. Ён зусім не падазрае, што замест Індыі трапіць да берагоў неадкрытай дасюль Амерыкі...
   Ды што там Калумб! Лёнік ужо не Лёнік, а Пятро Клімук. Неабсяжнае зорнае неба адкрывае перад адважным касманаўтам свае таямнічыя глыбіні...
   Напэўна, і ўсім Лёнікавым аднакласнікам мроілася нешта падобнае. Нават Славік, самы непаседлівы і задзірлівы хлопчык у класе, не круціўся, як звычайна, за партай. І гэта – нягледзячы на тое, што акно было расчынена насцеж. Дарма што верасень. Сонейка ладнавата прыгравала з раніцы. На школьным двары яшчэ зелянела траўка. І лістота з бяроз яшчэ не асыпалася долу.
   І раптам...
   Нешта чорна-белае мільганула маланкай пад самай столлю. У адзін бок кінулася. У другі. Трапяткім клічнікам застыла ў процілеглым ад акна кутку. На роліку электраправодкі. Першы ўсхапіўся Славік.
   – Ластаўка! – крыкнуў ён, імгненна апынуўшыся нагамі на парце. – Акно!..
   Славік так і пабег бы проста па партах зачыняць акно. Але, сустрэўшыся вачыма з дакорлівым позіркам настаўніка, ціхенька споўз на сваё месца.
   Сам настаўнік нават не варухнуўся. Толькі ўказка ў яго руцэ ледзь прыкметна ківалася з боку ў бок. І ўсе разумелі: сядзіце ціха, не варушыцеся...
   Адчуўшы, што яму нічога не пагражае, чорны клічнік на белым роліку ажыў. І зноў зрабіўся ластаўкай. Ластаўка нясмела шчабятнула. Раз. Яшчэ раз. Крутнула галоўкай. Пераляцела ў другі кут. На гэткі ж ролік. Агледзелася. Зноў – нічога страшнага. Павесялела. Праціўкала нешта накшталт «чы-кір-це, чы-кір-це». Пакруцілася. Перапырхнула на абажур электрычнай лямпачкі, што вісела над сталом настаўніка.
   Больш як дваццаць пар дапытлівых вачэй глядзела на птушку. Дзе толькі звычайная гарэзлівасць падзелася! Дзеці сядзелі так ціха, што здавалася, не дыхалі.
   Ластаўка зусім асмялела. Сарвалася з абажура. Зрабіла некалькі віражоў па класе. Закружыла над глобусам. І тут, запырхаўшы крыльцамі, як перад адтулінкай у родным гняздзечку, павісла на нейкі момант над глобусам. Лёніку здалося, што лапкі яе амаль кранаюцца гладкага бока маленькага двайніка зямлі. Якраз у тым месцы, дзе жаўцела Афрыка.
   Пра Афрыку Лёнік таксама ведаў. Яна нагадвае па абрысах кабуру для пісталета, якую разам з каўбойскім поясам купіў яму некалі тата. І колерам такая ж.
   Не паспеў Лёнік падумаць пра ўсё гэта, як ластаўка, нібы зрабіўшы надзвычай важную справу, сіганула над самымі галовамі дзяцей. І – проста ў адчыненае акно. А там, за акном, на электрычных правадах ужо чакалі яе шматлікія сяброўкі і сябры. З гэткімі ж чорнымі спінкамі і белымі грудкамі. З гэткімі ж хвосцікамі-нажнічкамі.
   Цяпер яны разам шуснулі з правадоў і ўсёй чарадой падаліся ў блакітнае неба.
   І адразу ў класе загуло. Нехта сцвярджаў, што гэта ластаўка з таго самага гнязда, якое ўвесну меўся спароць Славік.
   Славік тут жа зрабіў заяву, што ён толькі жартаваў, бо не мае звычкі крыўдзіць птушак...
   Тут настаўнік узняў руку. Вочы ў яго былі лагодныя як ніколі.
   – Малайцы вы ў мяне. Не пакрыўдзілі птушку. Яна ж да нас развітацца прылятала. Чулі, як шчабятала? «Чакайце!.. Чакайце!..» А дарога ў яе далёкая... Ці вернецца з таго выраю да нас, на радзіму...
   Лёнік не збіраўся нічога гаварыць. Проста само сабой у яго вырвалася:
   – Вернецца! Абавязкова вернецца! Яна ж цяпер дарогу ведае!..
   І ніхто не засмяяўся ў класе. Ніхто нават не ўсміхнуўся. Вельмі ж усім хацелася, каб маленькая птушка сапраўды вярнулася з вялікага падарожжа.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыПершы аблёт

Янка ЖурбаЯнка Журба - Ластаўкі

Міхась ЗарэмбаМіхась Зарэмба - Рыжая ластаўка - ГДЗ

Пераказы, дыктантыЛастаўкі бабулі Паўліны

Якуб КоласЯкуб Колас - Ластаўкі