Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Артур Вольскі - Беларусь – мая Радзіма

   Якая прыгожая назва ў нашай краіны – Беларусь!
   А яшчэ мы завём яе – Радзіма. А яшчэ – Бацькаўшчына. Радзіма – бо тут мы нарадзіліся, бо яна нам самая родная з усіх краін на цэлым свеце. Бацькаўшчына – бо яна дасталася нам ад бацькоў нашых. А ім ад іхніх бацькоў – нашых дзядоў. А далей – ад прадзедаў, ад прапрадзедаў... I так – аж да самых далёкіх продкаў.
   Над шырокімі палямі, над векавечнымі пушчамі, над зялёнымі лугамі, над блакітнымі стужкамі рэк і рачулак, над люстэркамі незлічоных азёр лунаюць у высокім небе белакрылыя буслы. Таму паэт назваў краіну нашу зямлёю пад белымі крыламі.
   А колькі багаццяў схавана ў зямлі гэтай! Калійныя солі, якімі ўзбагачаюць глебу, каб яна не бяднела і давала добрыя ўраджаі. Іх здабываюць беларускія шахцёры пад Салігорскам. Вучоныя-геолагі знайшлі ў нетрах Беларусі і золата і кажуць, што ёсць нават алмазы. Трэба толькі як след пашукаць...
   Жыта ў полі, яблыкі ў садах, свойская жывёла на падворках, звяры ў лясах, рыба ў водах... Ды хіба пералічыш усё!
   Але самы вялікі скарб Беларусі – гэта людзі, беларусы.
   Побач з беларусамі жывуць у нашых гарадах і вёсках палякі, літоўцы, рускія, яўрэі, татары... – выхадцы з іншых краін. Усе разам мы складаем беларускі народ. Усе мы – грамадзяне незалежнай Рэспублікі Беларусь. Так завецца наша дзяржава. Усе мы павінны памнажаць сваёй працай яе багацці, бараніць ад нягод і напасцяў, як баранілі яе нашы продкі.

Похожие статьи:

ПераказыСкарбы нашай Радзімы

Алесь БачылаАлесь Бачыла - Радзіма мая дарагая...

Алесь РазанаўАлесь Разанаў - Радзіма

Янка КупалаТэма народнага жыцця і любоў да Радзімы ў творчасці Янкі Купалы

ПераказыГанарымся Бацькаўшчынай