Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Цунамі (скарочана)
Ён і яна, мужчына і жанчына, на самаробнай пірозе пакідаюць чалавечы кантынент. Яны шчаслівыя ў сваёй адзіноце, аддаўшы «пірогу прыхамаці хваль па прыхамаці сэрцаў закаханых». «Нейкі цынік» іх папярэджваў, што такое падарожжа не навіна для Зямлі і не вырашэнне праблем, што свет пад пагрозай, прапаноўваў узяць з сабой лічыльнік Гейгера (прыладу для вымярэння ўзроўню радыяцыі). «Забыты цынік. Як добра ім адным!.. Які спакой!»
У адкрытым акіяне ён і яна сустрэлі чалавека на плыце. «Ён за вады крынічнае глыток прыёмнік аддаваў». Напаіўшы сустрэчнага, падарожнікі нічога з яго рэчаў не ўзялі: «Ім не трэба дапамога забытых імі вырабаў зямлі».
Праз нейкі час (падліку месяцам і гадам яны не вялі), трапілі ў шторм («На грэбнях чорных хваль зіма раве, завея слепіць лодку-недарэку»). Грозная стыхія пасунулася далей, ды «ўскінуў век, ахрышчаны Дваццатым, на даляглядзе выбуховы грыб». Уцякаючы ад страшнага відовішча, ён і яна дагналі шторм. Пірогу насілі хвалі два дні і ўрэшце выкінулі на бязлюдны астравок. Ён стаў Рабінзонам, яна – Пятніцай.
...З мінулай явы ў гэтую ўзялі
Яны сякеру, простую апратку,
Зярнят чатыры жмені – для раллі.
Яшчэ з сабою захапілі памяць,
Што можа скласці зруб – пад бокам бор,
Агонь здабыць, азначыць плотам двор –
Аседлы кут, які даўно пара мець.
Да Рабінзона з'яўляецца дзіўная незнаёмка, якая хоча вярнуць «да спраў былых».
На астравок зноў налятае шторм. Ён пакідае пасля сябе на беразе, «як дзве пірогі, тушы дзвюх акул, прасвечаных... смяротнай дозай». Ён і яна пакідаюць абжыты астравок. Мужчына абяцае адшукаць месца, «дзе б ні хмары, ні цёмныя трывогі не змаглі парушыць мар былых». Аднак жанчыну ўжо
...Не цешыць болей існаванне
Бяздумнае на ўлонні хваль сівых.
А на душы –
цяжкое прадчуванне
Няўхільных змен.
Няшчасцяў.
Бед ліхіх.
Адбываецца сустрэча з Зямлёй – караблём.Злавіўшы «самотны крык яе вачэй нямых», з карабля кінулі ў лодку транзістар, які стаў паміж людзьмі трэцім лішнім. Урэшце, спрабуючы суцешыць яго, яна выкінула прыёмнік за карму.
Да скалістага астраўка пірогу прыгнаў «няўхільны рух жыцця»: яна чакае дзіця. «Калыску памяць вострая змайстрыла», але калысцы суджана было стаць труной, сын нарадзіўся мёртвым.
Той выбух, ад каторага ўцякалі
Бацькі, той смерці атамныя хвалі
Яго дагналі. Тут. На астраўку.
Зноў аддацца ўладзе акіянскіх хваль яго і яе прымусіла гора. Пірога трапіла ў зону землятрусу – цунамі. Хвалі выкінулі падарожнікаў на бераг, «разбілі лодку. Ветразі, як сеці дзіравыя, павесілі сушыць».
Калі мужчына прыйшоў у сябе, то жанчыны побач не ўбачыў. Ляжала забытае люстэрка, на пяску былі яе сляды, якія ішлі ад яго.
У частцы «Замест эпілога» аўтар паказвае спякотны летні дзень. Мужчына і жанчына сядзяць на ўзмежку поля, шуміць зялёнай хваляй жыта. Іх дзіця ганяецца за пушынкай, падобнай на жывога матылька. Аўтар гаворыць, што, можа, гэта не яны, а іх далёкія патомкі.
Хто б ні былі яны, а толькі зноў
Яны – жыцця людскога сувязныя,
Дзве долькі неразлучныя, якія
Вякам перадаюцца ад вякоў.
Похожие статьи:
Аркадзь Куляшоў → Аркадзь Куляшоў - Варшаўскі шлях
Аркадзь Куляшоў → Аркадзь Куляшоў - Балада аб чатырох заложніках