Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Мастацкія асаблівасці паэмы "Сцяг брыгады"

   Паэма «Сцяг брыгады» напісана ў форме дзённіка яе галоўнага персанажа Алеся Рыбкі. Абраная форма дазваляла А. Куляшову спыняцца на асобных эпізодах, даваць іх у пераказе, стварала адчуванне непасрэднай і жывой плыні падзей. Свой «вандроўны дзённік» Рыбка пачынае з апісання першых дзён вайны, з развітання з родным горадам, хатай, хатнімі рэчамі. У творы «ажываюць», пачынаюць гаварыць цацкі дачкі і сына. Попел спаленай вуліцы, дзе ён жыў, стукае ў сэрца і патрабуе помсты. Пачатак вайны такі нечаканы і жахлівы, што ўсё, што адбываецца, здаецца герою прывідным, немагчымым: «Што мяне палявыя дарогі вядуць – я не веру, што па іх мае босыя ногі ідуць – я не веру...»
   Гэтая частка паэмы, напоўненая выключным драматызмам і трагедыйнасцю, створана на аснове асабіста перажытага. З пачаткам вайны А. Куляшоў прыехаў у Мінск, але сям’і сваёй тут ужо не застаў. Пакінуўшы ахоплены полымем горад, падаўся бежанскімі дарогамі шукаць ваенкамат. Больш года пісьменнік насіў паэму ў сабе, пачаў працаваць над ёю ў верасні 1942 г., а праз месяц «Сцяг брыгады» быў закончаны. Стварэнню вобраза Заруднага дапамагло знаёмства А. Куляшова з членам Ваеннага савета 11-й арміі камісарам І. Зуевым. «Сустрэча з гэтым разумным, яркім чалавекам, які валодаў нейкай дзіўнай якасці прыцягваць да сябе людзей, запала мне, як гавораць, у душу... Я не пісаў партрэт Зуева, аднак сустрэча з ім не магла прайсці бясследна, яна працавала на вобраз Заруднага», – згадваў у сярэдзіне 70-х гадоў А. Куляшоў.
   Асноўная праблема твора – сцвярджэнне вернасці воіна свайму абавязку перад радзімай. Менавіта на вернасць праходзяць праверку героі паэмы, сімвалам яе з’яўляецца вынесены з бою і з акружэння сцяг брыгады. Вырашаецца гэта праблема па-мастацку, праз паказ карцін народнага жыцця, раскрыццё складаных адчуванняў і перажыванняў герояў. Пашыраюць, узбагачаюць рамкі паэмнага дзеяння раздзел пра жыццё ў леснічоўцы, дзе лечыцца камісар Зарудны, а Рыбка і Ворчык дапамагаюць гаспадару ўправіцца з сенакосам, песня жней, сустрэча галоўнага героя з роднымі мясцінамі і г. д.
   Алесь Рыбка, сын земляробчага народа, не можа без душэўнага болю глядзець, як нішчыцца праца селяніна:

Я іду каля жыта.
Пакасілі яго кулямёты,
Усё пакасілі,
А тупыя фашысцкія боты
Яго малацілі.
Танкі гусеніц жорнамі
Жыта пасля памалолі,
Коні потныя, чорныя
Хлеб замясілі на полі.
Кроў была ім дражджамі,
Палілі агнём і жалезам...

   Карціна здратаванага жыта набывае сімвалічны сэнс. За ёй паўстае разбуранае мірнае жыццё, асновай якога была стваральная праца. У песні жней зноў узнікае вобраз жыта, ён яшчэ больш трагедызуецца, бо тое, што павінна даваць жыццё (слова жыта сутнасна блізкае слову жыць), становіцца прычынай смерці. Жнучы на замініраваным полі, каб не пакінуць дачушку без хлеба, гінуць маці і бацька, жняя і араты.
   Аўтар узнавіў у творы складаную псіхалагічную калізію. На шляху герояў, калі яны выходзяць з акружэння, паўстаў бацькоўскі дом. Ворчык не вытрымаў, пакінуў таварышаў. Сваю віну перад імі ён павялічыў яшчэ тым, што, забыўшыся, прыхапіў з сабой сцяг. Зарудны і Рыбка расстрэльваюць Ворчыка як здрадніка, бо здрадзіў памяці загінуўшых таварышаў.
   Сустрэчай з бацькоўскім домам выпрабоўваецца і Алесь Рыбка, аднак ён змог заціснуць свой боль. Аўтар паэмы псіхалагічна матываваў учынкі герояў. Ворчык, пачуўшы ад Лізаветы, што немцы дайшлі да Урала, страціў веру, разгубіўся. Дома чакаў яго яшчэ большы ўдар: жонка павесілася, просячы ў перадсмяротнай запісцы адпомсціць за яе. Маральна знішчаны Мікіта прымае смерць ад рук таварышаў без ніякіх скарг і нараканняў, тым самым прызнаючы сваю віну і справядлівасць пакарання.
   Рыбка аказаўся не толькі больш моцны духам і вытрыманы. У гэтым учынку героя таксама выявілася жорсткасць і прамалінейнасць ваеннага часу. Нежаданне Рыбкі прыйсці у свой дом «нікчэмным, слабым жабраком» уражвае, але не пераконвае, бо пабачыць у вайну жывога бацьку і мужа было вялікім падарункам лёсу, бо гэтая сустрэча магла быць апошняй.
   Сёння паўстае яшчэ адно пытанне – пра справядлівасць такога пакарання Ворчыка, пра ступень яго віны.

 

Похожие статьи:

ПераказыСвяшчэнныя атрыбуты дзяржавы

Уладзімір ЖылкаУладзімір Жылка - Покліч

Аркадзь КуляшоўСцяг брыгады. Ідэйны змест, мастацкія асаблівасці

Аркадзь КуляшоўАркадзь Куляшоў - Сцяг брыгады

Алесь СалавейАлесь Салавей - Трыялет