Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Мастацкія асаблівасці паэмы "Цунамі"
Паэма «Цунамі» (1968) належыць да філасофскіх твораў.
Асноўная праблема, якую вырашае ў ёй А. Куляшоў, – чалавек і цывілізацыя. У філасофскіх творах досыць часта сустракаецца ўмоўнасць абставін, сітуацый, характараў, ставіцца своеасаблівы мастацкі эксперымент, каб сцвердзіць альбо, наадварот, абвергнуць нейкую выснову. Характэрнай для філасофскіх твораў з’яўляецца абагульненасць вобразаў.
Ён і яна, мужчына і жанчына, героі паэмы «Цунамі». Пра іх вядома толькі тое, што «яму – за трыццаць, ёй – за дваццаць», і што яны кахаюць адзін аднаго. На старажытнай пірозе гэтыя двое пакідаюць Зямлю, чалавечую цывілізацыю і аддаюцца ўладзе хваль.
На даляглядзе –
вечная дарога,
Бясконцых хваль расплаўленае шкло.
Яны і далеч. Іншага нічога
Няма, не можа быць і не было.
Паколькі сучасны свет дыктуе кожнаму асобнаму чалавеку свае законы, часта жорсткія і несправядлівыя, нясе ў сабе патэнцыяльную пагрозу жыццю, здароўю, матэрыяльным і культурным набыткам, героі хочуць быць незалежнымі ад яго, быць па-за часам.
Яны, свае пакінуўшы стагоддзе,
Па добрай волі і сумеснай згодзе,
Да часу першабытнага плылі.
Сітуацыя-эксперымент, у якую трапілі героі, павінна адказаць на пытанні: ці можа сучасны чалавек «згубіцца» на планеце Зямля, пазбавіцца ўсякага ўздзеяння на сябе цывілізацыі, адмовіцца ад яе набыткаў, ці дастаткова для шчасця «быць усюды разам». І на першае, і на другое пытанні падарожжа дало адмоўныя адказы. Спраўдзілася якраз тое, аб чым папярэджваў сучаснік, якога ён і яна назвалі цынікам, убачыўшы ў яго словах намер перашкодзіць іх падарожжу.
Хто ў людскім свеце жыў ад нараджэння,
Без страт няўхільных не пакіне свет...
Дум не заменіць вам пасцель з травы,
Якой вы ўсё жытло сваё заслалі, –
гаворыць цынік. Гаворыць ён таксама пра пагрозу радыеактыўнага апраменьвання, прапаноўваючы ўзяць з сабою лічыльнік Гейгера. Папярэджвае, «што неспакой не лечыць адзінота, што адзіноту лечыць неспакой», і што «дасягнутае шчасце – палон».
Век 20-ы дагнаў вандроўнікаў атамным выбухам, смерцю, якую выпраменьваў на трыццаць міль вакол «вызвалены атам». Сын мужчыны і жанчыны, іх будучыня, нарадзіўся мёртвым.
Яшчэ да нараджэння дзіцяці пачалі ўзнікаць непаразуменні паміж ім і ёю. «Шэсць дзён маўчала. На абрыдлым сене бед прадчуванне непакоіць сны», – характарызуе аўтар душэўны стан гераіні. Потым жанчына з радасцю падхапіла транзістар, што кінула Зямля з карабельнай палубы. Калі Цунамі вярнуў пірогу на мацярык, жанчына пакінула мужчыну без тлумачэнняў, без пісьма.
Узяўшы ў рукі люстэрка, мужчына пераканаўся ў справядлівасці яшчэ аднаго папярэджання цыніка: калі яны пакінулі час, то час не пакінуў іх. Ён не пазнаў свайго аблічча:
Глядзіць і, як па сонечных гадзінах,
Вядзе падлік нелічаным гадам:
Дням восені глыбокай – па маршчынах,
Па сівізне – зімы халодным дням.
Якім бачыць паэт вырашэнне праблемы свабоды і шчасця чалавека ў сучасным свеце? Адказ знаходзім у эпілозе:
Над сонечным мацерыком разліта
Духмянасць ніў спякотным летнім днём.
Ён і яна ў цяньку сядзяць, дзе жыта
Шуміць зялёнай хваляй за гумном,
Як за кармою карабля. Пясчынкай
Адпачывае на руках ралля.
Ганяецца дзіця іх за пушынкай
Падобнай на жывога матыля...
Похожие статьи:
Аркадзь Куляшоў → Аркадзь Куляшоў - Балада аб чатырох заложніках
Аркадзь Куляшоў → Паэзія Аркадзя Куляшова
Аркадзь Куляшоў → Цунамі (скарочана)