Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Лірыка Аркадзя Куляшова
Аркадзь Куляшоў прыйшоў у паэзію вельмі маладым. Дванаццацігадовым хлопчыкам ён надрукаваў у акруговай газеце «Наш працаўнік» першы верш. Да ранніх вершаў паэта належыць знакаміты «Бывай...», пакладзены ў наш час на музыку.
Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.
Чаму так горка, не магу я зразумець.
Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае
На ўсходзе дня майго, якому ружавець.
Ці помніш першае нясмелае прызнанне?..
Над намі жаўранкам звінеў і плакаў май.
Назаўтра золкае, туманнае світанне,
Суровы позірк твой ды мой нямы адчай.
У творы перапляліся смутак, туга і глыбокая любасць да каханай. Крыўды няма, бо прычына ростані – не адмова, не здрада, а жыццёвыя шляхі, якія павялі яе і яго ў розных напрамках. З біяграфіі паэта вядома, што Алеся на год раней за Аркадзя Куляшова закончыла Саматэвіцкую школу.
Лірычны герой твора зусім юны. Боль яго першай душэўнай страты востры, моцны, сапраўдны і разам з тым светлы. Каханая пайшла ў новае жыццё, «за ціхія, далёкія прасторы світальнай зоркай». Боль і смутак лірычнага героя выяўляецца праз дзеяслоў «пайшла», з якога пачынаюцца чатыры страфы верша. У гэтых строфах паэт перадаў рух пачуццяў лірычнага героя пры развітанні. Спачатку каханая блізка, ідзе знаёмым лесам і полем, потым яна знікае з вачэй, хаваецца за «далёкія прасторы» і адчуванне страты ўзмацняецца, гучыць тужлівае «бывай».
Пайшла ты, любая, пад гоман жоўтых сосен,
Пайшла, маўклівая, пад хваль жытнёвых шум,
Туды, дзе гойдала зялёнае калоссе
На сцежках ростані мой адзінокі сум.
Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманны,
Палынны жаль смугой ахутаных дарог,
Каб я хвілінны боль і горыч гэтай раны
Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім не мог.
Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся,
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.
Верш «Бывай...» напоўнены шчымлівым пачуццём развітання з сапраўдным каханнем, памяць пра якое будзе спадарожнічаць усё жыццё. Твор напісаны на адным дыханні, кампазіцыйна зладжаны. А яго аўтару было ўсяго чатырнаццаць гадоў!
Верш «Карусель» з’явіўся праз дзесяцігоддзе, у 1939 г. Яго лірычны герой ужо развітаўся з парой першых, на мяжы дзяцінства і юнацтва, сімпатый, захапленняў, радасцяў, аднак яны не паспелі яшчэ схавацца за далеччу часу. Яшчэ можна на момант вярнуцца ў былое, «на каруселі маляўнічай... адкружыць хвілінак пяць». Вяртанне ў мінулае – сапраўднае свята, таму яно адбываецца не ў звычайны, а ў кірмашовы дзень. Значнасць падзеі падкрэсліваецца ўжо ў першых радках верша. На кірмаш герой твора ідзе «бальшаком, на край зямлі і неба», ідзе «ўсю ночку цёмную». Для яго гэта сустрэча з роднымі мясцінамі:
Ёсць на свеце роднае мястэчка,
Там штогод бываюць кірмашы;
Міма школы меленькая рэчка
Без мяне адна плыве ў цішы.
Мне дакор яе далёкі, звонкі
У забытым чуецца трысці.
Заўтра кірмашовы дзень.
У жонкі
На дзень адпрасіўся:
– Адпусці.
Сустрэча з сябрамі, знаёмымі, з той, што на парозе дарослага жыцця ўсхвалявала сэрца:
Пачуццё былое да дзяўчынкі
Нёс і я.
І тут яе сустрэў.
Між густых аглобляў, як між дрэў,
Я іду на аганёк касынкі.
Настрой верша радасны, светлы, але і крышку настальгічны. Вакол ўсё, як і раней: «Той жа рып гармоняў, бубнаў гром. Тая ж з кірмаша пад гай дарога». Змяніліся аднак, сталі дарослымі, самі героі.
Сем гадоў не бачыліся – раз,
Замуж выйшла,
Добра ладзіш з мужам;
Дзе ж ты карусель? За ўсё адкружым,
Як усё кружылася за нас.
Верш «Карусель» увайшоў у вельмі папулярны ў канцы 30-х гадоў цыкл «Юнацкі свет». «Тут – той шчаслівы і рэдкі выпадак, – адзначае даследчык творчасці А. Куляшова В. Бечык, – калі яно, паэтава пакаленне, з творчай сталасцю і юнацкай непасрэднасцю раскрыла, разгарнула свой унутраны свет, паведала лірычна-пранікліва – то са смуткам, то ўсмешліва, то ў складаным перапляценні розных настрояў – аб сваім каханні, аб сустрэчах і развітаннях, аб першым жыццёвым вопыце з яго салодкай самотнасцю і аб радасным адчуванні ўласнай маладосці».
У гады Вялікай Айчыннай вайны А. Куляшоў напісаў шэраг твораў выключнай лірычнай сілы і духоўнай змястоўнасці: «Ліст з палону», «Над брацкай магілай», «Балада аб чатырох заложніках». З усіх беларускіх паэтаў, якія не абмінулі трагедыю змагання народа з чужынцамі, А. Куляшову ў вышэйшай ступені ўдалося перадаць боль незваротнага, напружанне чалавечага духу, бязмежжа пакут і гора. «Ліст з палону» (1942) – гэта маналог дзяўчыны-беларускі, якую вязуць у няволю, вязуць на здзек і прыніжэнне. Рытм верша, а таксама частае паўтарэнне гукаў «р», «д» стварае ўражанне перастуку колаў цягніка:
«Дарагі!
Не хаваю тугі:
Невясёлы мой лёс, невясёлы...
Пакідаю я родныя сёлы,
Па рэйках вязуць мяне колы
У Нямеччыну,
Нібы ў Турэччыну...
Не адна я, з дзяўчатамі, усіх нас вязуць у няволю».
З кожным ударам-тактам аддаляецца бацькоўская хата, родная зямля і набліжаецца тое пачварнае, што нясе ў сабе слова «няволя».
Твор пазначаны суровай і напружанай танальнасцю, паглыбленай псіхалагізацыяй. Дзяўчына не плача, яна «стала скупою на слёзы», прадчуваючы, што іх не хопіць, каб выплакаць свае гора. Слёзы з’явяцца тады, калі яе каханы прыйдзе і адпомсціць «за зямлю, што нас лёгка насіла».
Я ўжо буду не тая,
А след тваіх ботаў убачу –
Пацалую яго і, як баба старая,
Заплачу...
У вершы паэт звярнуўся да фальклорных вобразаў, да сродкаў народна-песеннай стылістыкі, увёў у сферу лірычнага дзеяння шырокія пласты народнай свядомасці. Так, перад вачыма паланянкі, калі цягнік мінае Дняпро, паўстае нядаўняе гаданне. Тонуць дзявочыя вянкі, толькі яе «сіні вянок плыў у даль паміж хваль». Ён прарочыў сустрэчу з любым «у новай кашулі вайсковай», вяселле. Толькі спрадвечны ход жыцця перапынены вайной, паланянка рашуча абрывае ўспамін:
Але што я пішу, дарагую мне трачу паперу,
Я, ты ж знаеш, гаданням не веру, не веру, не веру.
«Ліст з палону» быў напісаны ў вельмі драматычны перыяд Вялікай Айчыннай вайны. У вершы адчуваецца смутак усёй роднай зямлі, аддадзенай на здзек ворагу:
Шлях суровы, суровы...
Ці ён дойдзе,
Ці знойдзе
цябе, ліст звычайны мой, ліст папяровы.
Як не знойдзе, чытай па дарозе ад Оршы, ад Брэста
Ліст другі,
Ліст даўгі, што на шпалах пісала нявеста.
І калі не яна, не сама, то падругі пісалі няйначай,
Паліваючы кожную шпалу і рэйку слязою гарачай.
Аднак твор паэт заканчвае не драматычна-роспачнай, а аптымістычнай нотай, верай у перамогу над фашызмам: «Ты чытай і адказ на яго на штыку данясі да Берліна...»
У вершы «Над брацкай магілай» (1942), як лічыць даследчык літаратуры М. Арочка, «роздум не пра салдацкую смерць увогуле... а суровая, выключна сціслая ўзрыўная сіла пачуццяў, думкі, якія заглыблены ў сутнасць таго, што адбылося. Такое спасціжэнне смерці складае вышэйшую мудрасць паэзіі. Вытокі яе – ва ўзноўленай адчувальна-балючай канкрэтыцы, якая мае да таго ж дакладныя каардынаты:
Ёсць пад Стараю Русаю
руская вёска Лажыны.
Там, нібы ў Беларусі,
і вербы растуць і рабіны.
У ролі экспазіцыі выступае пейзаж, як сведчанне сваяцтва братніх зямель. Тыя ж дрэвы, тыя ж кветкі на лузе. А цяпер яшчэ – і сваяцтва іншае, сумнае і гераічнае, па-сапраўднаму братняе, таму што яно злучана і аплачана ахвярамі ў бітве за зямлю, родную для адных і другіх:
Там магіла ёсць брацкая ў лузе
за вёскай Лажыны,
Там хлапцы беларускія
чэсна галовы злажылі.
Радкі набываюць характэрную для Куляшова мужную суровасць («Мы без слёз іх хаваем...»). Дэталі пераплятаюцца, утвараючы шырока разгалінаваную вобразную сістэму...
Мы не плачам, хоць знаем,
не проста салдацкія косці
Засыпаем мы жвірам халодным,
а большае штосьці...
Засыпаем мы твары
з вачамі і вуснамі тымі,
На якіх пацалункі
дзяцей і жанок не астылі.
Жвірам сыплем на рукі,
якія дзяцей тых насілі...
...Словы паэта, быццам той пясок, жменя за жменяй, падаюць у брацкую магілу, на настылыя целы таварышаў, сяброў. Гэта толькі гаворыцца: без слёз хаваем. Тут плач унутраны, ён сціскае сэрца і прарываецца ў духоўным узрушэнні:
Хоць прымае іх гэта зямля,
як сыноў сваіх, шчыра,
Але просяць іх вочы
хоць жменьку палескага жвіра.
Толькі дзе яго ўзяць?
Як яны Беларусь пакідалі,
У дарогу з сабою
Мяшэчкаў з зямлёю
Не бралі
Што ім жменька зямлі той?
Ты ўся ім патрэбна, радзіма...
...Глыбока патрыятычны матыў... вырастае не з разумовай сузіральнасці, а з абвостранага адчування кроўнай далучанасці паэта, яго лёсу да лёсу тысяч такіх жа беларускіх хлопцаў, якія сутыкнуліся на полі бітвы з неабходнасцю ахвяраваць сабой... Голас паэта – гэта іх голас.
Аднак наступае момант, калі гаварыць ад іх імя ўжо не хапае сілы, становіцца нясцерпна. Гучыць усхваляваны аўтарскі голас, страсны голас бязмежнай і невынішчальнай любові:
Беларусь мая родная,
як жа я рвуся яшчэ раз
Пеша ўсю цябе змераць,
увесь і чабор твой і верас!..
Сэрца просіць шляхоў,
Што цяжкім маім ботам пад сілу;
Наглытацца хачу туманоў,
Твайго ветру і пылу;
Наглытацца хачу за сябе і за тых,
Што не ўстануць з нябыту...
У пасляваеннай творчасці А. Куляшова назаўсёды засталася памяць аб вайне, яе пакутах, выпрабаваннях, яе строгай мерцы чалавечых вартасцей. Нават тады, калі паэт прама не гаворыць пра ваеннае мінулае, напрыклад, верш «Колас» (1946), памяць пра яго адцяняе і ўзмацняе радасць мірнага жыцця і працы.
Ты, з працы ідучы, прыкмець
Ягоную работу, –
Вусамі ён варушыць ледзь,
Ён мокры ўвесь ад поту.
Ён з глебы гоніць кропляў шмат,
Іх грэе на праменні,
Бо трэба вырасціць зярнят
Яму не меней жмені.
Вайна як частка ўласнай біяграфіі згадваецца ў вершах «Крылы» (1945), «Маё пасведчанне» (1951), «Я хаце абавязаны прапіскаю...» (1963). Паэт імкнецца асэнсаваць пройдзены шлях, свой жыццёвы лёс.
Характэрнай рысай таленту А. Куляшова з’яўляецца філасафічнасць. Аднак яна змагла па-сапраўднаму выявіцца толькі ў апошнія два дзесяцігоддзі жыцця паэта, у зборніках «Новая кніга» (1964), «Сасна і бяроза» (1970), «Хуткасць» (1976), у паэмах «Цунамі» (1968), «Варшаўскі шлях» (1972), «Хамуціус» (1974-1975). Гэта было звязана як з набліжэннем чалавечай сталасці паэта, так і са зменамі ў жыцці грамадства.
А. Куляшоў у многіх вершах разважае над сэнсам жыцця асобнага чалавека і чалавечай цывілізацыі ў цэлым, над лёсам планеты і лёсам зямлян, яе насельнікаў. Думка паэта ахоплівае свет і сусвет, сягае ў будучыню, у новы век. Так, вобраз новага веку прысутнічае ў вершах «Зайздрошчу я мастам...», «Хуткасць», «Маёй рукой пасаджанай бярозе...» і інш. Будучыня ў творах А. Куляшова – увасабленне чалавечнасці і справядлівасці, дзе «прарастуць», заявяць пра сябе толькі добрыя справы. Таму пасаджанай бярозе «гадоў якіх праз сорак, сорак пяць // Не пры глухой дарозе красаваць, //А ў будучага веку на парозе». «Патомак малады», хаваючыся ад спёкі, з удзячнасцю згадае ...Пра рукі і рыдлёўку, Што гэта дрэва не вятрам на здзек Тут пасадзілі, не для ўцехі ўласнай – Пераняслі яго, для долі яснай, Не з лесу ў поле – з веку ў новы век. («Маёй рукой пасаджанай бярозе...»)
У вершах «Маёй рукой, пасаджанай бярозе...», «Зайздрошчу я мастам...» паэт сцвярджае ідэю безыменнасці дабра і добрых спраў. Лірычны герой, які пасадзіў дрэва, зусім спакойна, без крыўды ўспрымае тое, што не ўспомняць «ні пра дамоўку забытую маю, ні пра мяне». Лірычны герой другога верша зайздросціць мастам, а не іх канструктарам, дарогам, па якіх імчаць саставы, «не помнячы праслаўленых імён». Ён хоча,
...Каб так і слова –
не жалезнае,
Знаёмае з пакутай і слязьмі, –
Ад славы і імёнаў незалежнае,
Трымала сувязь з часам і людзьмі.
Для А. Куляшова было важна, каб літаратура, мастацкае слова па-сапраўднаму балелі і радавалі, выклікалі смутак, гнеў, смех, клікалі на бой і адкрывалі прыгажосць. Усё іншае ўжо мала істотнае:
А аўтар хто? Дзе рос? Як празываецца?
Ёсць весткі альбо там яны ляжаць,
Дзе ўжо нічога ўслых не вымаўляецца? –
Знаць гэта важна, але можна і не знаць.
Пэўна, ніхто з нашых паэтаў-класікаў не надаваў такой увагі тэме мастака і мастацтва, як А. Куляшоў. Ён імкнуўся асэнсаваць і паказаць сам працэс творчасці, гаварыў пра цяжкасці працы і вялікую адказнасць пісьменніка перад чытачом, разважаў пра месца творцы ў жыцці, пра змест і сэнс паэзіі і г. д. Слава, прызнанне, вядомасць – жаданыя ці не кожным чалавекам, тым больш мастаком, атрыбуты жыцця – таксама сталі прадметам асэнсавання і роздуму А. Куляшова. Ад «лёгкай славы» ён адмовіўся даўно.
Я ўпарты, не кіну пачатае справы,
Каменне крышу,
Разграбаю пяскі,
Пад кпіны аматараў лёгкае славы
Капаю рэчышча ўласнай ракі...
Бо прагай да працы ахоплены часта я,
І сэрца абпалена смагай радка,
Бо жыць не магу,
Як каня няшчасная,
Кропляй дажджу з лесавога лістка, –
пісаў паэт у вершы «Мая Бесядзь» (1940-1946). Сталы А. Куляшоў добра ведаў кошт сапраўднай славы. Паэзія, якая рабіла творцу вядомым, была, аднак, суровай настаўніцай:
Каб рос хлапчук, не дбаючы аб цудзе,
Каб не лічылі людзі сысунком,
Яна да болю матчыныя грудзі
Пякучым націрала палыном.
Пасля, малыя выверыўшы крокі
На бітым шкле і на жарстве дарог,
Рукою паказала свет шырокі
І босага пусціла за парог.
(«Пра славу», 1973)
Аўтар гаворыць, што шлях да славы ляжыць праз расчараванні, сумненні, пакуты душы, непрыманне і абыякавасць... Нават чагосьці дасягнуўшы, стаўшы вядомым, творца «босым» ідзе ў «свет шырокі», гэта значыць, ён адкрыты для болю, жыццёвых нягод і цяжкасцей. Таму, «калі падносяць кубак славы», лірычны герой верша «лішняе спакусы не глыне». Ён добра помніць «гаркавы на смаглых вуснах прысмак палыну».
У творах А. Куляшова шырока прысутнічае вобраз часу («Мае пасведчанне», «Крылы», «Я хаце абавязаны прапіскаю...» і інш.). Час для паэта – філасофская катэгорыя. Будучы сам вечным, ён вызначае пачатак і канец існавання кожнай жыццёвай з’явы, сведчыць пра змены, якія адбываюцца з кожным. У вершы «Адзіны серп на сённяшнім жніве» (1973) А. Куляшоў параўноўвае праз цякучасць часу дзве эпохі. Пачынаецца твор з сумнага роздуму:
Заглух той дом, што быў маім гняздом,
Што ў свет пусціў і радасць і бяду маю.
Не вечна ўсё пад месяца сярпом,
Хоць ён не зжаў нікога, – так я думаю,
Сялом і полем ідучы з кійком.
Змены ў жыцці чалавека і народа пісьменнік паказвае праз замену звыклых з’яў і рэчаў новымі. На месцы электрастанцыі «магутнасцю на сорак кілават» высакавольтная лінія, камбайн і трактар выцеснілі з поля серп і каня. У звязцы старых і новых з’яў паэт бачыць і сябе. Па сцежках маленства ён ідзе з кійком, адзнакай калі не старасці, то позняй сталасці. У вершы гучыць сум, але няма нараканняў ці крыўды на жыццё, на няўмольную хаду часу. «Ды смешна прагай папракаць няўтольнаю // Зялёную траву, якой я рад», – гаворыць паэт. Ён глядзіць на жыццё па-філасофску, прымаючы яго рук і зменлівасць.
«Гаварылі мы пра многае, у тым ліку і пра смерць. Смерці ён не баяўся, гаварыў – добра ўсё рабіць, жыць трэба добра», – такі факт прыгадваў з апошняй сустрэчы з А. Куляшовым (у чэрвені 1977 г.) даследчык творчасці паэта В. Бечык.
Похожие статьи:
Сучасная літаратура Беларусі → Сучасная беларуская паэзія, яе тэмы і вобразы
Ніл Гілевіч → Матывы і вобразы паэзіі Ніла Гілевіча
Сучасная літаратура Беларусі → Сучасная паэзія Беларусі
Пімен Панчанка → Духоўны свет лірычнага героя ў паэзіі Пімена Панчанкі