Замаўкаюць птушыныя звонкія спевы,
Калі восень прыходзіць у край наш лясны,
І, як свечкі, вакол ярка ўспыхваюць дрэвы
На праводзінах лета, на памінках вясны.
Там, дзе восень ідзе, лес шумлівы радзее,
Вецер гоніць хмарыны з-за цёмных ялін,
Грозны чуючы сівер, лісты, як надзеі,
Аблятаюць на дол з пачарнелых галін.
Я, улюбёны ў жыццё, не скаруся пагрозе
На праводзінах тых, на памінках старых,
Выйду з лесу і стану ў зімы на парозе
Дрэвам я, што лістоў не губляе сваіх.
Я трымаў іх з вясны, да вясны датрымаю,
Не развею па свеце, не кіну ў бяду,
Дружным пошумам іх новы май прывітаю
І з адзінаю просьбай на дол упаду:
– Адгукніся, вясна, мне зязюляй з-за рэчкі,
Дай яшчэ раз прыпасці да любай зямлі
І каштанаў сваіх незгасальныя свечкі
Над маёй адшумеўшай вясной запалі!
Похожие статьи:
Биографии → Аркадзь Куляшоў
Аркадзь Куляшоў → Аркадзь Куляшоў - Хамуціус
Аркадзь Куляшоў → Паэзія Аркадзя Куляшова
Аркадзь Куляшоў → Аркадзь Куляшоў - Балада аб чатырох заложніках
Аркадзь Куляшоў → Аркадзь Куляшоў - Варшаўскі шлях