Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Агляд творчасці Аркадзя Куляшова
Аркадзь Куляшоў нарадзіўся 6 лютага 1914 г. у вёсцы Саматэвічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. У перыяд з 1931 па 1933 г. вучыўся ў Беларускім вышэйшым педагагічным інстытуце ў Мінску; у 1934 годзе працаваў у газеце «Чырвоная змена», а затым з 1934 па 1936 г. займаў на Беларускім радыё пасаду літаратурнага рэдактара; з 1936 па 1937 г. працягваў працу ў якасці літаратурнага кансультанта ў кабінеце маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў; з 1941 па 1943 г. з’яўляўся супрацоўнікам рускамоўнай вайсковай газеты «Знамя Советов», потым – пры Беларускім штабе партызанскага руху; з 1945 па 1946 г. – рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва». Апошняе месца працы Куляшова, калі ён стаў ужо шырокавядомым і паважаным паэтам (у 1968 г. атрымаў званне народнага паэта БССР), – загадчык сцэнарнага аддзела і галоўны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм».
Заўсёды свабодныя і музычныя, куляшоўскія вершы 30-х гг. (а першы ягоны верш быў надрукаваны ў 1926 г.) адпавядаюць духу часу. У зборнік «Росквіт зямлі» (1930), напрыклад, уваходзяць вершы «Радасць» (1929) і «Пяцігодка» (1929), у якіх выказваецца яўная падтрымка і нават усхваленне ролі камсамола ў трагічным працэсе калектывізацыі (у чым Куляшоў быў не адзіны). Звыш меры ідэалізуецца калгаснае жыццё і ў іншым вершы, «Сонечнае заўтра» (1931), аднак значна цікавейшым (нягледзячы нават на больш складаныя часы, у якія ён быў напісаны) з’яўляецца твор «У зялёнай дуброве» (1938-1939), дзіўны, народны, часам банальны, ён, аднак, ідэалізуе каханне, сяброўства і шлюб пры сацыялізме. Вартыя ўвагі таксама дзве даволі эмацыянальныя і рамантычныя гістарычныя паэмы «Крыўда» (1930-1931) і «Гарбун» (вядомая раней пад назвай «Антон Шандабыла, 1932-1934). Гэтыя паэмы паказваюць, што на пачатку 30-х гг. Куляшоў быў не проста паэтам з вельмі тонкім музычным пачуццём, але і вынаходлівым эксперыментатарам.
Адрозным і пастаянным лейтматывам паэм гэтага перыяду, відавочна, можа лічыцца вайна, якой і прысвячаліся паэмы без якога-кольвечы заўважальнага перапынку: спачатку грамадзянскай вайне, потым савецкай кампаніі ў Заходняй Беларусі і на Украіне і, нарэшце, Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг. «Сцяг брыгады» (1942) – адна з найбольш поўных сілы кранальных трагічных паэм сярод усіх твораў пра першыя гады вайны. Наступныя радкі складаюць першую з дзесяці частак паэмы:
Ад імя жыхароў,
Наша вуліца Нова-Маскоўская,
Гавару, што з усімі пайшоў
У Чырвонае войска я.
Хоць і сцёрта ты, бачу,
Ды памяць твая не сатрэцца,
Бо грукоча твой попел гарачы
Усім нам у сэрца.
Я табе абяцаю і попелам родным клянуся,
Што з дарогі ўначы не саб’юся,
Вярнуся, вярнуся!..
У паэзіі Куляшова таго часу адчуваецца ўплыў знакамітага рускага паэта-футурыста Маякоўскага, што асабліва бачна ў вобразнасці, тэхніцы і характары маладога лірычнага героя. Гэта можна заўважыць не толькі ў «Сцягу брыгады», але таксама і ў іншых творах, такіх, як, напрыклад, крыху дзіўнаваты і надзвычай русафільны верш «Вуліца Маскоўская» (1940). У пасляваенныя гады Куляшоў стварыў фактычна без усялякага натхнення некалькі вершаў на палітычную і публіцыстычную тэматыку, у якіх не ставала чалавечай цеплыні, што зрабіла паэму «Сцяг брыгады» чымсьці большым за проста вершаваны ўсеагульны плач. Сярод іх можна назваць вершы «Камуністы» (1948), «Слова да Аб’яднаных Нацый» (1946), «Новае рэчышча» (1948) і «Толькі ўперад» (1949). Два апошнія – невыразныя пеоны, якія рамантызуюць савецкія міралюбівыя пагадненні. Іншая вялікая, але створаная без натхнення паэма «Грозная пушча» (1955), прысвечаная гераічнай барацьбе працоўных-камуністаў Заходняй Беларусі супраць жорсткіх польскіх уладаў, з’яўляецца нечым не на шмат большым за вершаваную хроніку.
У паслясталінскі перыяд Куляшоў не так хутка, як некаторыя з ягоных калегаў-пісьменнікаў, адрэагаваў на новыя ўмовы, хоць, з другога боку, ён і не апусціўся так нізка, як некаторыя іншыя, напрыклад, Пятрусь Броўка. Фактычна Куляшоў амаль што змоўк на некалькі гадоў, а затым цыклам з шаснаццаці вершаў (1961-1963) распачаў новы этап сваёй творчасці. У той час, як адбывалася станаўленне ўласцівай ягонаму вершу дынамічнасці і рытмічнай віртуознасці, паэт адмаўляецца ад палітычнай і публіцыстычнай тэматыкі, а разам з тым і ад фальшывага рытарычнага слоўніка сталінскага перыяду. Зборнік вершаў пад назвай «Новая кніга» (1964) з’яўляецца фактычна адной вялікай паэмай на тэму актыўнай і адказнай ролі паэта ў сучасным духоўным і грамадскім жыцці. Новыя погляды Куляшова добра адлюстраваныя ў вершы, які пачынаецца словамі «Шторм акіянскі стрэў на трэці дзень я...» (1962) і ўключае наступныя радкі:
Ні перад злом, ні перад крывадушшам
Сцяг белы я ніколі не ўзніму.
Ні перад хваль пагрозным хваляваннем,
Ні перад смерцю, ні перад каханнем,
Калі мяне не мужным мараком
Яно захоча бачыць, а рабом.
Гэтая новая пазіцыя прымае нават больш выразную форму (нягледзячы на тое, што паэт не называе імёнаў) у цыкле вершаў пад назвай «Маналог» (1966), прысвечаным памяці Змітрака Астапенкі і Юлія Таўбіна – двум са шматлікіх беларускіх пісьменнікаў, якія загінулі ў час сталінскіх чыстак. Апошнія дзве страфы другога верша, «Сябры мае! Пад пустак дыванамі...», даюць добрае ўяўленне пра боль і сорам, уласцівыя новай грамадзянскай пазіцыі Куляшова:
Няма куды сваю жалобу ўскласці
Ні жонкам, ні знаёмым, ні сябрам.
Сябры мае, хіба аб гэтым шчасці
У маладосці марылася нам?
Вяло нас музы строгай блаславенне
На шлях цяжкі, ды што казаць аб тым...
Я – ваша памяць, вы – маё сумленне:
Я дрэўка, вы – трывалы сцяг на ім.
У 1970-1971 гг. Куляшоў піша выдатную паэму «Далёка да акіяна», дзе дае рэтраспектыўную і інтраспектыўную карціну свайго ўласнага жыцця, якое, як рака, пракладае сабе шлях, каб у выніку ўліцца ў акіян, і яно значна больш цікавае ў сваіх вытоках, чым у акіяне. Іншая, больш позняя паэма «Варшаўскі шлях» (1973), прысвечаная рускаму паэту і рэдактару Аляксандру Твардоўскаму, выклікае не меншы інтарэс. Паэма ў форме трагічнага маналога падкрэслівае адказнасць мастака перад грамадствам, паказвае драматызм і складанасць тых часоў, у якія ім абодвум было наканавана жыць, уздымае сур’ёзныя пытанні і праблемы, і пры гэтым не губляецца дакладнасць паэтычнага бачання аўтара. Можна сказаць, што такое вось спалучэнне грамадскага і асабістага і ёсць характэрнай рысай лепшых паэм Куляшова ў паслясталінскі перыяд. Сярод іншых твораў паэта неабходна таксама ўзгадаць драматычны эпічны твор «Хамуціус» (1975) пра нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага, некалькі крытычных артыкулаў і шэраг перакладаў на беларускую мову, у тым ліку пушкінскага «Яўгенія Анегіна», «Энеіду» І. Катлярэўскага і «Гаявату» Г. Лангфела.
Пры ўсіх сваіх узнагародах і афіцыйных пасадах, Аркадзь Куляшоў заставаўся сапраўдным паэтам рамантычнага накірунку, які, спалучыўшы вобразнасць і багатую метафарычнасць з шырынёю літаратурных ды іншых асацыяцый, зрабіў адметны і каштоўны ўнёсак у беларускую паэзію.
Крыніца: Макмілін А. Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя: Манаграфія / Пер. з англ. А. Літвіноўскай / А. Макмілін. – Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. – 332 с.
Похожие статьи:
Аркадзь Куляшоў → Аркадзь Куляшоў - Балада аб чатырох заложніках
Аркадзь Куляшоў → Аркадзь Куляшоў - Хамуціус