Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Андрэй Федарэнка - Рэпетыцыя

І

   Пад канец трэцяга ўрока дзверы ў шостым «А» класе прачыніліся, зазірнула маладая практыкантка Ліза Сасноўская – яна ж кіраўніца школьнага драмгуртка – і, папрасіўшы ў настаўніка прабачэння, зрабіла аб’яву:
   – Каця і Аксана, на перапынку, калі ласка, збіраемся ў актавай зале... Абавязкова, бо прыйдзе сам завуч, – дадала яна, знікаючы.
   Празвінеў званок. Удзельніцы драмгуртка Каця Аляшкевіч і Аксана Гамола хуценька збеглі на першы паверх і ўвайшлі ў гулкую актавую залу. Сапраўды, завуч Андрэй Адамавіч ужо сядзеў на адным з крэслаў у першым радзе, перад сцэнаю, трымаючы ў руцэ нейкую паперчыну, і размаўляў з Лізай Сасноўскаю.
   – Праходзьце, сядайце! – убачыўшы дзяўчынак, запрасіла Ліза.
   – Нічога, мы пастаім...
   У гэты момант у дзвярах адзін за адным з’явіліся яшчэ ўдзельнікі – тры хлопчыкі са старэйшых класаў: светлавалосы хударлявы Антон, рэдактар школьнай сцен-газеты, паэт, футбаліст і вялікі выдумшчык; Віця – невысокі, таўсматы, добры (заўсёды дасць спісаць); і Мікола – круглы выдатнік і разам з тым чамусьці надзвычай сарамлівы.
   – Усе ў зборы? – спытаў у Сасноўскай завуч.
   – Яшчэ павінен быць хлопчык, але захварэў.
   – Ну што ж, хопіць і гэтых.
   Вучні паўкругам абступілі завуча. Той зірнуў у паперку, пачаў:
   – Такая справа... Пазванілі мне толькі што з гарана – так і так, праз тыдзень адбудзецца агляд-конкурс на лепшую пастаноўку сярод школьных драмгурткоў. Умовы... паглядзім умовы. Першая, яна ж галоўная, – каб пастаноўка была арыгінальная. Што азначае прыдуманая або калектыўна, або аўтарам, кім-небудзь з нашых вучняў... Я думаю, такія знойдуцца. Другая – пастаноўка павінна быць арыгінальная ў прамым значэнні, павінна... так сказаць... розніцца ад сцэнак, што будуць паказаны на аглядзе іншымі школамі.
   – Яе трэба напісаць нам самім? – спытаў Антон.
   – Вось іменна. Я думаю, гэта павінна быць нешта без цімураўцаў, без чырвоных гальштукаў, без ералашаўскіх школьных анекдоцікаў... Але разам з тым – каб было нешта сучаснае. Без псеўдафальклору, без рознага сюсюкання, бабаў-ёгаў і кашчэяў. Усё гэта адразу прыходзіць у галаву, і ўсё гэта лёгка могуць прыдумаць і ў іншых школах.
   Практыкантка Ліза Сасноўская пераглянулася з вучнямі.
   – Можа...
   – Можа, нешта нацыянальнае? – перабіў яе завуч. – Каб быў подых гісторыі і разам з тым – павевы сучаснасці? Ну і мараль, само сабою... Гэта абавязкова. Каб кожны знаходзіў у гістарычным сюжэце штосьці сваё, сённяшняе... Дарэчы, ніколі не мог зразумець, чым дзіцячыя творы павінны розніцца ад дарослых. Помню, у восем гадоў прачытаў Гюго «Дзевяноста трэці год», а ў шаснаццаць – «Віцю Малеева ў школе і дома» – і цікава было! Я думаю, дзеці школьнага ўзросту ўсё разумеюць і ўспрымаюць так, як і дарослыя, проста яны часта, каб не крыўдзіць дарослых, падстройваюцца пад іх, робяць выгляд, што ім цікава, як Іван-дурань збіраецца ратаваць царэўну...
   – Зразумела, Андрэй Адамавіч, – ізноў сказаў Антон. – Трэба прыдумаць штосьці для дзяцей, але каб цікава было і дарослым.
   – Так! Бачу, вам многа тлумачыць не трэба. Мы ўсе тут у прынцыпе дарослыя людзі, чаму я і гавару з вамі як з роўняю... Паўтару толькі: будзе многа калектываў. Па выніках гэтага агляду будуць меркаваць аб культурным узроўні нашай школы ў цэлым. Будзе прымаць сур’ёзная камісія. І тым не менш не сумняваюся, што мы неяк вылучымся, здзівім усіх, спадабаемся...
   Ён паглядзеў на гадзіннік.
   – Словам, усё зразумела? Рэпеціруйце, выдумляйце, эксперыментуйце... Час ёсць. Актавая зала на гэты тыдзень, што застаўся да агляду, – вашая. Калі спатрэбіцца, магу нават вызваліць вас ад урокаў... не ўсіх, вядома... Фізкультуры там ці працы... Аднак прабачце, я спяшаюся.
   Завуч падняўся.
   – Пачакайце, Андрэй Адамавіч! – спыніла яго Сасноўская. – Здаецца, у нас ёсць такая сцэнка, пра якую вы казалі. Гэта казка, але ў ёй, здаецца, ёсць усё, што трэба: элементы нацыянальнага, фальклор, пэўная мараль, і яна, здаецца, будзе цікаваю як дзецям, так і дарослым!
   – Ліза, вы не зразумелі, народныя казкі...
   – Казка не народная, а стылізацыя! Прычым, як мне здаецца, не без таленту. Яе прыдумаў наш Антон.
   Ад здзіўлення завуч сеў ізноў на сваё месца, забыўшы, што спяшаўся.
   – Антон? Вось гэты? Сам?
   – Сам, – пацвердзіла Сасноўская. – Ён увогуле малайчына, усе нашыя сцэнкі – гэта яго работа! Яшчэ вершы піша і нават друкаваўся ў гэтым... як яго... «Першацвеце».
   – Сапраўды? – Андрэй Адамавіч раптам нават працягнуў руку, каб пагладзіць Антона па галаве, але спахапіўся і зрабіў выгляд, што хацеў толькі зірнуць на гадзіннік. – Ну што ж, так і быць – паказвайце вашу сцэнку. Праўда, у мяне ўрок вось-вось...
   – Ды мы хутка! – узрадавалася Сасноўская. – Толькі фінал! Так, хлопчыкі, давайце касцюмы, дэкарацыі! Аксана, рыхтуй магнітафон!
   Хлопчыкі між тым вынеслі з-за кулісаў крэслы, стол, Мікола накрыў яго абрусам. Віця з Антонам устанавілі на сцэне дзве вялікія бутафорскія калоны. Затым дзеці ненадоўга зніклі за кулісамі. За стол, у крэслы селі Антон – у світцы, з прыклеенымі доўгімі вусамі – «пан», і Каця – «пані».
   – Пачынаем! – крыкнула Сасноўская, сядаючы побач з завучам.
   Аксана пстрыкнула клавішам магнітафона, і загучала чароўная старадаўняя скрыпічная музыка.
   З-за кулісаў, нясмела падштурхоўваючы адзін аднаго, паказаліся Мікола з Віцем, пераапранутыя ў мужыкоў. Яны яшчэ здалёк знялі шапкі і, падыходзячы, пачалі нізка кланяцца Антону з Кацяй – «пану» і «пані».
   П а н. Значыць, просіце дапамогі? Што ж, так і быць, памагу.
   – Каця, рухайся трохі! – умяшалася Сасноўская. – Устань, прайдзіся, зрабі так, што не пан сам дадумваецца, а ты яму падказваеш!
   Каця паслухмяна паднялася, абышла стол, штосьці прашаптала на вуха «пану»-Антону. Абое засмяяліся.
   П а н. Што ж, быць так, як ты, жоначка, раіш... Памагу, мужычкі, але пры адной умове: калі хваліць мяне не будзеце!
   «Мужычкі» паціснулі плячыма, узрадаваныя.
   П е р ш ы  м у ж ы к. Што можа быць лягчэй?
   Д р у г і  м у ж ы к. Смешны ты, Пан! Першы раз чалавека бачу, які не любіць, каб яго хвалілі!
   П а н. Вось і добра, калі згодныя. Тады сядайце са мною за стол, пакармлю вас спачатку – сама Пані прынясе... Жонка!
   «Мужычкі» нясмела сядаюць за стол. Пані выходзіць і прыносіць вялізную міску баршчу і смажаную качку. «Мужычкі» прагна ядуць.
   П а н. Ці дагадзіў я вам з абедам, мужычкі?
   Першы імкнецца нешта сказаць, другі штурхае яго пад бок.
   Д р у г і  м у ж ы к. Хіба гэта абед? Не мог кожнаму па місцы даць, наліў у адну... Боршч кіслы, качка перасмажаная, сухая... Нябось, сам такое не ясі?
   П а н (смеючыся). Добра... Вось табе залаты! А цяпер сядайце вальней, можаце люлькі курыць, а я вам сыграю. Жонка, вынесі скрыпку!
   Пані выносіць скрыпку. Пан пачынае іграць – да таго весела, што мужычкі прытупваюць у лад.
   П а н. Ці дагадзіў я вам, мужычкі? Ці адпачылі пасля абеду?
   І зноў імкнецца нешта сказаць першы мужык, другі яму не дае.
   Д р у г і  м у ж ы к. Які абед, такі і адпачынак! Мой падсвінак у хляве лепш пішчыць, чым ты граеш!..
   П а н (і зноў смеючыся). Што ж, на табе другі залаты.
   Д р у г і  м у ж ы к (уваходзячы ў ролю). Усяго? Пры сваіх грашах мог бы і больш даць!
   П а н. Магу і больш. Прасіце, колькі вам трэба.
   П е р ш ы  м у ж ы к (на гэты раз адштурхнуўшы другога). Ты нас карміў, паіў, сама Пані на стол падавала, люлькі курыць дазволіў, іграў нам, грошай хочаш даць – і за ўсё гэта цябе няможна пахваліць?! Няможна падзякаваць табе?! Не, хай лепш мне нічога не дастанецца, скажу – добры ты чалавек, і дай табе Бог здароўя!
   Другі мужык плюецца.
   П а н (устае, абдымае першага мужыка). Дзякую на добрым слове, чалавеча!.. Жонка, загадай, каб насыпалі яму поўныя кішэні залатых! А табе (да другога) і двух хопіць. І запомні, братка, не варта быць свіннёю, што б табе за гэта ні абяцалі, а варта заўсёды плаціць людзям тым, чым яны табе: на дабро – дабром!
   – Усё, – аб’явіла Сасноўская. – Як, Андрэй Адамавіч? Завуч замест адказу запляскаў у ладкі.
   – Цудоўна! Выдатна проста! Ану, пан, падыдзі сюды! Антон, саромеючыся, падышоў бліжэй, за ім і астатнія ўдзельнікі.
   – Дай пацісну тваю руку... Можа, я паціскаю руку будучага нашага Андэрсена! Скажы, Антон, гэта ж трэба было неяк прыдумаць? Як ты прыдумаў?
   – Як прыдумаў? Ведаеце, ёсць такі мультфільм... Там пра дзяўчынку. Хто пахваліць яе лепш за ўсіх – атрымае вялікую смачную цукерку, памятаеце? Я глядзеў, і мне захацелася зрабіць наадварот: хто не пахваліць лепш за ўсіх...
   Андрэй Адамавіч быў уражаны:
   – Ты глядзі! Ну, малайчына. А я вось і два радкі ў рыфму напісаць не змагу, – ён зіркнуў на гадзіннік, заспяшаўся. – Што ж, можна будзе паказаць і гэтую сцэнку... Толькі адно, мне здаецца, – выхад на фальклор, на казачнасць – самы лёгкі і просты. Калі Антон, паглядзеўшы мультфільм, прыдумаў, дык чаму яшчэ нехта не зможа? І потым – усё ж гэта яўная стылізацыя: дарослыя героі, казачная мова... Абмежаваны час і месца дзеяння. Можа, паспрабаваць яшчэ штосьці? Час ёсць... у вас ёсць, у мяне ўжо, на жаль, няма! Словам, смялей эксперыментуйце, выходзьце... ну...
   – На сучаснасць выходзіць, Андрэй Адамавіч? – падказаў Антон.
   – Вось-вось! Што-небудзь такое, ведаеце, – «когда уйдёшь со школьного двора», «мальчик с девочкой дружил, дружбой этой дорожил», і ў такім родзе... Усё, пабег!
   Завуч і сапраўды амаль подбегам выйшаў з актавай залы. Крыху разгубленыя дзеці разам з Сасноўскай паглядзелі яму ўслед.
   – Ох, падазраю, што дагадзіць яму будзе нялёгка, – уздыхнула Аксана, пераматваючы на магнітафоне назад касету.
   – Нічога страшнага! – бадзёра азвалася Сасноўская. – Помніце, у нас была якраз школьная, пра сяброўства, сцэнка? Давайце заўтра збярэмся, запросім яго і пакажам.
 

ІІ

   Назаўтра пасля ўрокаў удзельнікі драмгуртка на чале з Сасноўскай былі ў зборы ў пустой актавай зале.
   Хутка на сцэне з’явіліся дэкарацыі: школьны клас – парты, стол, дошка... Аксана з Сасноўскай селі, як і ўчора, у першым радзе, Аксана ўключыла магнітафон, з якога ціхенька загучала песня – тая самая, «когда уйдёшь со школьного двора».
   На сцэне тым часам Каця – у школьнай форме, з каснічкамі на галаве, з партфелем у руцэ – нібыта збіралася выйсці з класа, а Антон, Мікола і Віця заступілі ёй дарогу.
   К а ц я. Ах, што такое? Дайце прайсці!..
   Не даюць, перамінаюцца з нагі на нагу, падштурхоўваюць адзін аднаго.
   А н т о н. Каця, мы хочам пагаварыць з табою... Мы ўжо не дзеці. Хутка выпускныя экзамены. Потым шляхі нашы разыдуцца ў розныя бакі. Скажы, нарэшце, каго з нас траіх ты выбіраеш?
   К а ц я. Ах, хлопчыкі, я вас усіх выбіраю! Усіх трох люблю аднолькава...
   У гэты час у актавую залу, махаючы рукамі, каб не звярталі на яго ўвагі, на дыбачках увайшоў завуч Андрэй Адамавіч.
   А н т о н. Мы былі самыя лепшыя ў класе сябры. Нас дражнілі трыма мушкецёрамі. Заўсёды мы былі разам, стаялі адзін за аднаго гарою... пакуль не з’явілася ты...
   – Антон, што значыць «з’явілася»? – перабіла Сасноўская, гледзячы ў нейкія лісткі.
   А н т о н. Ой, пакуль ты не перавялася да нас з іншай школы. Мы пісалі табе запіскі, ты адказвала на іх, хадзіла з намі ў кіно, танцавала на дыскатэках, падказвала нам урокі, давала спісваць... Мы не маглі падзяліць цябе. Трох лепшых сяброў ты зрабіла трыма ворагамі. Але мы не хочам больш варагаваць! Выберы аднаго з нас – так будзе лепш, і мы зноў станем сябрамі!
   К а ц я. Ах, як гэта для мяне нечакана! (Задумваецца.) Добра. Калі так, я згодна. Я выберу з вас кагосьці... але не цяпер, а скажам, гады праз два. Калі за гэтыя два гады вы мяне не забудзеце, мы ўсе зноў збярэмся разам, і я выберу з вас таго, хто за гэты час большага ў жыцці даб’ецца. Вось ты, Антон, добра пісаў сачыненні – пастарайся за гэты час стаць журналістам ці хоць бы паступі на журфак... Ты, Віця, заўсёды ўсё перапрадаеш – ад жвачак да шпаргалак, вядомы ўсёй школе фарцоўшчык, пастарайся стаць, напрыклад, бізнесменам... А ты, Мікола, любіш парадак, дысцыпліну, збіраешся вучыцца на афіцэра – вось і паглядзім, што з цябе праз два гады атрымаецца... Такая мая ўмова. Ці згодны?
   Каця працягвае далонь, і ўсе ўтрох у знак згоды кладуць свае далоні на яе.
   Пад тую ж школьную музыку змяняюцца дэкарацыі. На сцэне – гратэскна-шыкоўны офіс: з камп’ютэрамі, тэлефонамі, дэкаратыўнымі пальмамі... Каця, загрыміраваная пад дарослую дзяўчыну, сядзіць за часопісным столікам, увесь час глядзіцца ў люстэрка, трымае ў пальцах незапаленую цыгарэту.
   – Прайшло два гады! – прашаптала Сасноўская завучу, і той кіўнуў, што зразумеў.
   К а ц я - б і з н е с м е н ш а. Як я хвалююся! Хто б мог падумаць, што яны мяне не разлюбяць!.. Вось-вось яны прыдуць, і я вымушана буду адмовіць ім, сказаць, што за гэты час я пакахала зусім іншага чалавека... Як растлумачыць ім гэта? Як даказаць, што я зусім не жорсткая, не легкадумная?! Так, Антон цяпер піша артыкулы, друкуецца ў газетах. Віця ўдала робіць бізнес, Мікола вучыцца ў прэстыжным ваенным вучылішчы. Але ж яны нават не здагадваюцца, што ўсімі сваімі поспехамі яны абавязаны мне! Так, мне. Што ўладкоўваць іх памагаў мой дзядзька, які займае высокую пасаду, і пра існаванне якога яны нават не здагадваюцца... Я адплаціла ім за каханне і вернасць, папрасіла дзядзьку, каб памог ім. Але ці трэба гаварыць ім пра гэта? Прыніжаць іх самалюбства? Не, хай думаюць, што ўсяго дабіліся самі!..
   Перад дзвярыма ў офіс топчуцца Антон з фотаапаратам на шыі, Віця ў касцюме, у беленькай кашулі, Мікола ў ваеннай форме, у фуражцы.
   А н т о н. Не, я не магу! Хай нехта з вас зойдзе і ўсё растлумачыць...
   В і ц я. А што тлумачыць?
   А н т о н. Што ў нас ва ўсіх – нявесты! Дый так... Школьныя сяброўствы, клятвы, цацанкі-абяцанкі – гэта несур’ёзна. Прайшло столькі часу – мы ўжо не дзеці!
   М і к о л а. Ды чаму мы ўвогуле павінны перад ёю адчытвацца?
   А н т о н. Не забывайцеся! Ці не думаеце вы, што змаглі б нечага дабіцца ў жыцці без Кацінага дзядзькі? Вось так яно. А хто прыдумаў?
   Віця. Ну, ты, ты...
   А н т о н. Хто яшчэ ў школе пранюхаў пра яе дзядзьку? Хто, ведаючы, што ў яе добрая душа і што яна на ўсё пойдзе, каб аддзячыць нам за каханне, якога не было, прыдумаў усю тую камедыю з запісачкамі, калі мы хадзілі за ёю, як прывязаныя, запрашалі ў кіно, на дыскатэкі? «Ах, мы ўсе цябе кахаем!», «Ах, выберы з нас каго-небудзь аднаго!»
   В і ц я. Ты, ты.
   М і к о л а. А раз ты, дык і выкручвайся сам! Ідзі і жаніся з ёю!..
   Андрэй Адамавіч запляскаў у ладкі, перапыняючы рэпетыцыю:
   – Хлопцы, хлопцы, досыць! Падыдзіце сюды, калі ласка! Ну, хлопцы, закруцілі вы так, што галаву зломіш... Хто гэтую... гэта ўсё прыдумаў? А, забыўся – ну, вядома ж, Антон!
   – Няўжо вам не спадабалася, Андрэй Адамавіч? – уразілася Сасноўская. – Вы ж нават да канца не даглядзелі, а там канцоўка нечаканая: убачыўшы Кацю, яны закахаюцца ў яе, на гэты раз па-сапраўднаму!
   – Не, канцоўка тут ні пры чым. Ты, Антон, я бачу выдумляльшчык добры, але не старайся, дружа, пераплюнуць самога сябе... Урэшце, мы школьнікі, і гледачамі нашымі будуць таксама школьнікі. У гэтай вось вашай, з дазволу сказаць, пастаноўцы дзіцячага сюсюкання, магчыма, і сапраўды няма, але няма і нічога таго, што можна было б паказваць дзецям. Чаго тут хапае, нават цераз край, дык цынізму, разліку, а таксама офісаў, бізнесаў і таму падобнае – а ўсё разам гэта завецца адным словам: па-лі-ты-ка! Якраз тое, што цяпер менш за ўсё павінна цікавіць і дарослых і, тым больш, дзяцей. А ў вас уся сцэнка акурат на палітыцы і закручаная. Давайце так думаць: а калі б Каця не стала бізнесменшаю? А калі б за гэтыя два гады ўлада памянялася, і гэты яе ўплывовы дзядзька – дарэчы, ці не стаіць за ім якаясь канкрэтная асоба? – гэты дзядзька паляцеў бы са свайго месца сторч галавою? Тут сам сюжэт дапускае варыянтнасць... Не, не. Я вам так скажу: няма нічога больш пераменлівага, чым тое, што нам здаецца вечным. Тут сёння можа быць офіс і бізнес, а заўтра...
   – Цімураўцы з гальштукамі? – панура перабіў Антон.
   – І вельмі проста. Разумны, шустры хлопчык! Вось бачыш, як ты сам усё разумееш... Я перакананы, што ты яшчэ прыдумаеш такую сцэнку, – ахнуць усе! Але не пра сучаснасць. Цяпер ясна бачу. Дзе сучаснасць, там – хочаш не хочаш – палітыка, дзе палітыка – там пераменлівасць, непастаянства... Можа...
   – Можа, гісторыя? – падказала Сасноўская.
   – Вось-вось! Я і сам пра гэта думаў. Да гісторыі цяжка падкапацца – была і прайшла... Толькі трэба што-небудзь такое, ведаеце, нацыянальнае, сівая даўніна, хлопчык з жалейкаю...
   – Дык у нас ёсць акурат такая сцэнка! – узрадавалася Сасноўская. – Дзевятнаццатае стагоддзе, паўстанне Каліноўскага...
   – У вас, я гляджу, чаго ні папытайся, усё ёсць, – заўважыў Андрэй Адамавіч. – І што, таксама Антон прыдумаў?
   – Так, Антон. Ды мы вам зараз і пакажам! Хлопчыкі!
   – Не, не! – спахапіўся завуч. – На сёння хопіць, мне бегчы трэба. Давайце хоць заўтра...
   Ён зірнуў на гадзіннік і хуценька выйшаў.
   – Што ж яму можа спадабацца? – разгублена абвёў усіх вачыма Антон.
   – «Сівая даўніна без псеўдафальклору!» – перадражніла Аксана.
   – «Каб цікава было і дарослым!» – перадражніў Віця.
   – «Смялей эксперыментуйце!» – перадражніла Каця.
   – Нічога страшнага, – сказала Сасноўская. – Я чамусьці ўпэўнена, што заўтра яму спадабаецца!
 

ІІІ

   І зноў, як і ў тыя разы, дзеці з Лізай Сасноўскай сабраліся ў зале пасля ўрокаў. Цяпер на сцэне была дэкарацыя вясковай хаты, печы; каля печы тупала Каця, якая павінна сёння выконваць ролю Маці.
   Гэтым разам Андрэй Адамавіч быў, відаць, вальнейшы, таму прыйшоў яшчэ да пачатку рэпетыцыі. Ён сядзеў на сваім звыклым месцы ў першым радзе і ўважліва глядзеў на сцэну.
   З Аксанінага магнітафона гучала шчымлівая мелодыя жалейкі.
   М а ц і. Божа, Божа, што за часы пайшлі?.. Што ў свеце робіцца? Як звесці канцы з канцамі? Усё лета крапівой ды шчаўем перабіваемся, і забяліць няма чым: апошнюю кароўку, Лысуху-карміцельку, забралі цівуны пана Патоцкага... І калі ж гэта мой сынок з лесу вернецца? Небяспечна цяпер у лесе, страляюць, паўстанне нейкае, кажуць, усчалі... І сам пан Патоцкі, кажуць, памагае тым паўстанцам... Ох, Бога не баіцца! Але адно добра, што з-за гэтага паўстання хоць людзей не так сталі ганяць, у лес схадзіць можна, грыба якога ўхапіць, у гаршчок укінуць, і то смачней... Вось і мой сынок пайшоў у грыбы. І ўсё няма і няма. Хаця каб не ўлез у якое ліха, каб хоць кашулі апошняй не парваў, бо не будзе ў чым бацьку на свята ў царкву схадзіць. Адна ў іх кашуля на дваіх, і ў святы, і ў будні...
   Улятае ў хату Антон, ён жа Сын.
   М а ц і. Дзякуй Богу, жывы! А дзе грыбы, дзе кошык? А кашуля хоць цэлая? (Абмацвае кашулю.)
   С ы н. Ды цэлая, цэлая. Мама, дай мой кавалачак хлеба, той, што на абед адкладзены!
   М а ц і. Нашто табе? Рана яшчэ есці.
   С ы н. Дай.
   М а ц і. Не дам, пакуль не скажаш нашто. І дзе кошык з грыбамі?
   С ы н. Добра, скажу... Толькі пабажыся, што будзеш маўчаць! Мама, я знайшоў у лесе параненага чалавека.
   Маці. Божа, прасвятая Багародзіца!.. Бандыта?!
   С ы н. Які ён бандыт? Ён па-нашаму, па-беларуску мовіць. Прасіў, каб я прынёс яму паесці і каб нікому не казаў, дзе ён.
   Маці. Святы Мікола-заступнік... Гэта ж, мусіць, з тых, што заўчора з маскалямі біліся ў лесе... Ён жывы, кажаш?
   С ы н. Вядома, жывы, раз гаворыць.
   Маці (мармыча сама сабе). Гэта добра, калі жывы...
   С ы н. Давай хутчэй хлеб! Вось, толькі глянь, што ён мне даў... Во – рубель! І казаў, калі памагу, дасць яшчэ столькі, колькі пальцаў на абедзвюх руках!
   М а ц і (спрабуе рубель на зуб). Праўда, цэлы рубель! Вось шчасце ў хату! (Кідаецца да стала, рэжа хлеб.) На, вось табе, хлопчык мой... Нясі, нясі яму, сонейка маё... Дык дзе, ты кажаш, ён ляжыць?
   С ы н. За Цімохавым логам, у Сухім ляску, як на Замошша ехаць.
   Маці. Ага, так, так... Нясі, саколік, толькі сам не з’еш па дарозе!
   Сын знікае.
   М а ц і. Ёсць жа Бог на небе! Вось і да беднага шчасце прыплыло. Жывы, добра кажа... А людзі расказваюць, што ў той паперцы, якую жандары на сцяну карчмы прычапілі, напісана, што за жывога ажно пяць рублёў даюць, а за мёртвага – толькі тры... Хоць падумаўшы, дык яно і тры рублі грошы. Кароўку, Лысуху нашую, карміцельку выкупілі б, кашулю бацьку справілі б...
   – Стоп, стоп, стоп! – пачуўся голас Андрэя Адамавіча. – Усе сюды! Гэта штосьці яшчэ больш не тое...
   З-за кулісаў выйшлі Мікола з Віцем, са сцэны спусціліся Антон з Кацяю.
   – Гэта што, раман ці гістарычная драма? Нам трэба паказаць элементарную дзіцячую сцэнку – разумееце, усяго толькі сцэнку! А ў вас?.. Вось калі б трэба было прыдумаць нейкую пародыю на гістарычны жанр, гэтае... вашае падышло б сама лепш. Ну, Антон!.. Выдумляльшчык ты, я ўжо бачу, таленавіты, але чаму цябе ўвесь час не ў той бок заносіць?.. Скажы, ты, праўда, друкаваўся ў тым... як яго... «Першацвеце»?
   Антон моўчкі кіўнуў.
   – Андрэй Адамавіч! – у дзвярах актавай залы з’явілася сакратарка. – Вас да тэлефона, з гарана!
   – Адну хвілінку, – Андрэй Адамавіч выйшаў.
   – Якой трасцы яму яшчэ трэба? – уздыхнула Каця, сядаючы.
   – Можа, паспрабаваць фантастычны сюжэт? – прапанаваў Віця. – Змяшэнне часоў – сучасны школьнік пераносіцца ў гісторыю, удзельнічае ў паўстанні...
   – Не, – перабіў Мікола, – лепш хлопчык з гісторыі пераносіцца ў наш час, у сучасную школу...
   – Антон, а можа, паспрабаваць сцэнку абсурду? – нясмела сказала Сасноўская. Дзяўчына была яўна разгубленая.
   Антон раптам засмяяўся. Усе зірнулі на яго са здзіўленнем.
   – Чакайце, здаецца, я яго раскусіў! Зараз мы зробім тое, што яму спадабаецца, – весела аб’явіў Антон.
   Ён зрабіў знак, каб усе прысунуліся да яго бліжэй, і пачаў шэптам дзяліцца сваёй задумаю... Неўзабаве вярнуўся Андрэй Адамавіч.
   – Ну, вось, – паскардзіўся, падыходзячы. – Званілі з гарана, з камісіі: вырашана скараціць час на падрыхтоўку. Агляд ужо заўтра! А ў нас нічога не гатова... Эх, Антон, Антон... Паспадзяваўся я на цябе. Давядзецца, мабыць, паказваць тую першую вашу казку, хоць гэта і не выйсце, вядома.
   – Андрэй Адамавіч, паглядзіце яшчэ адну сцэнку, экспромт! – узмалілася Сасноўская. – Ну, калі ласка! Апошні раз, Андрэй Адамавіч!
   – Хіба што апошні раз... – Андрэй Адамавіч прысеў.
   – Хлопчыкі, дэкарацыі, хутчэй!
 

ІV

   Тая самая хата, тая ж печ; гучыць з магнітафона тая самая шчымлівая музыка жалейкі. На печы ляжыць Антон – Янка – і нібыта іграе на жалейцы, за сталом сядзіць Мікола – Разумны брат – пляце лапці.
   С а с н о ў с к а я (выконваючы ролю Казачніцы). Пра Янку, злога Цмока і Ганку! Жылі былі ў адным царстве два браты, разумны і дурны. Дурны ляжаў на печы і граў на жалейцы, а разумны працаваў. Усё было добра, але панадзіўся, як на тое ліха, лятаць у тую мясцовасць страшны, злы трохгаловы Цмок. І хапаў ён толькі самых прыгожых дзяўчат...
   Р а з у м н ы  б р а т (кідаючыся да акна). Што гэта так пацямнела? Няўжо на дождж збіраецца?
   Я н к а. Ды не, гэта зноў Цмок прыляцеў. (Іграе далей на жалейцы.)
   Р а з у м н ы  б р а т. І праўда, Цмок! Во, назад ляціць, нячыстая сіла!.. Каго на гэты раз хапнуў?
   Чуецца голас Ганкі.
   Г а н к а. Браты мае мілыя, бывайце! Не бачыць мне вас больш, бо схапіў мяне люты Цмок!..
   Р а з у м н ы  б р а т. Ай-яй, чуеш, Янка? Што ж нам рабіць? Трэба ж неяк ратаваць дзяўчыну!
   С а с н о ў с к а я. Пачаў Разумны брат збірацца на вайну з лютым Цмокам, у даспехі адзеўся, востры меч у рукі ўзяў. А Янка ляжыць на печы і на жалейцы сабе грае.
   Я н к а. Ідзі-ідзі, але ведай: не перамагчы табе Цмока. Дарэмна сходзіш. Лепш бы ў полі што зрабіў ці тыя ж лапці даплёў... Цмока толькі я магу адужаць.
   Р а з у м н ы  б р а т. Ляжы ўжо, дурань, на печы! Куды табе з Цмокам лютым ваяваць? Ён цябе ў пыл сатрэ, мокрага месца ад цябе не пакіне! (Выходзіць.)
   Янка ляжыць на печы.
   С а с н о ў с к а я. Многа ці мала часу прайшло – але вяртаецца Разумны брат пабіты, кульгаючы, і ні з чым.
   Р а з у м н ы  б р а т (стогне). Ох, пабіў мяне пракляты Цмок трохгаловы!.. І да адной яго галавы не змог падступіцца. Мабыць, так і загіне Ганка на чужой зямельцы!
   Я н к а (пазяхаючы). Што ж, давядзецца мне ісці.
   Р а з у м н ы  б р а т. Куды табе ісці?! У цябе і мяча няма! І даспехаў...
   Я н к а. Кашуля, што на мне, – вось мае даспехі. (Лезе пад печ, выцягвае таўкач для бульбы.) А гэта чым не зброя? Сапраўдная булава!
   Р а з у м н ы б р а т. Дурань ён і ёсць дурань... Шкада мне цябе, усё ж не чужыя! Не хадзіў бы ты, браце, ні за што загінеш! Не перамагчы табе трохгаловага!
   Я н к а. Ну, гэта мы яшчэ паглядзім! (Махае таўкачом над галавою.)
   С а с н о ў с к а я. Доўга ці коратка, але ішоў Янка ў царства злога Цмока тры дні і тры ночы...
   Пакуль Янка ідзе на адным месцы, Мікола – Разумны брат ставіць у канцы сцэны дэкарацыі ўладанняў Цмока: гэта ўсяго толькі клетка, склееная з кардону. У клетцы – Ганка-Каця.
   Г а н к а. Янка, любы, вызвалі мяне адсюль хутчэй! Янка. Здаецца, я чую голас? Нехта заве на дапамогу! Варта паспяшацца!
   На сцэну выбягае трохгаловы Цмок-Віця.
   Ц м о к. А, вось чыім духам запахла! Што ж, давай сілаю мерацца!
   Я н к а. Не хачу я з табой, гадзюкай трохгаловаю, злыднем паганым, лютым, нават і размаўляць! Адпусці лепш Ганку і ўцякай адсюль на ўсе чатыры бакі, бо астанешся без галоў!
   Ц м о к. Не кажы гоп, пакуль не пераскочыш, не лезь папярод бацькі ў пекла, не хвалі сам сябе, пакуль людзі цябе не пахваляць...
   – Віця, спыніся! – не вытрымала Сасноўская. Яна ўвесь час закрывала далоняю рот, каб не разрагатацца.
   Цмок з Янкам пачынаюць біцца, наскокваюць адзін на аднаго.
   С а с н о ў с к а я. Тры дні і тры ночы біліся яны. На трэці дзень узмахнуў Янка таўкачом – і ў Цмока адна галава з плячэй далоў. Другі раз узмахнуў таўкачом – і другая далоў. А з трэцяга разу – адляцела і трэцяя адразу! Узяў Янка Ганку за руку, вывеў з клеткі, прывёў дадому і сталі яны жыць-пажываць, дзяцей нараджаць, дабро нажываць, і ніхто іх болын не трывожыў!
   Антон, Каця, Мікола і Віця сталі ў рад побач з Сасноўскаю. Адклаўшы магнітафон, да іх на сцэну паднялася Аксана. Не спускаючы з завуча вачэй, дзеці па чарзе прадэкламавалі:
   А н т о н. Сябры – дарослыя і дзеці!
   М і к о л а. Вось вам маральнасці ўрок!
   В і ц я. Дабро перамагло, загінуў люты Цмок!
   А к с а н а (убок). Хоць «нету повести банальнее на свете»...
   С а с н о ў с к а я. На ўсе часы, для ўсіх узростаў!
   К а ц я. Бы пакаленням запавет!
   А н т о н. Хоць, можа, прымітыўна ўсё і проста...
   А к с а н а (убок). Затое ёсць «фальклор» і ёсць «сюжэт».
   – Цудоўна! Выдатна! – завуч быў у захапленні. – Гэта акурат тое, што трэба! Я і не сумняваўся, што ўсё ў нас урэшце атрымаецца, – быць нам на першым месцы! Упэўнены – ніхто больш да такога не дадумаецца!..

 

Похожие статьи:

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Жаніх па перапісцы

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Шчарбаты талер

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Падслуханая казка

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Пеля

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Бляха