Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Андрэй Федарэнка - Памылка

Увага!!! Поўны змест

   – Сягоння, Аксана, ты не зусім добра ведаеш правілы, – сказаў Максім Раманавіч і лагодна паглядзеў на светлавалосую, тоненькую, у акуратнай школьнай форме дзяўчынку, што стаяла каля дошкі.
   Ад слоў настаўніка Аксана трошкі пачырванела і апусціла галаву, нібы прасіла тым самым у настаўніка прабачэння, што не змагла спадабацца яму сваім адказам.
   – Але заўсёды ты так добра рыхтавалася, – працягваў Максім Раманавіч, – і, мабыць, зробім мы так: прадыктую табе яшчэ некалькі слоў. Напішаш, не саб’ешся – пастаўлю пяцёрку. Не спяшайся, успамінай правілы. І не хвалюйся. Будзе чацвёрка – дык і чацвёрка добрая адзнака.
   Настаўнік зняў акуляры, расцёр пальцам чырвоны след ад іх на пераноссі і падняўся з-за стала. Другакласнікі, якія не адвыклі шчэ ад зімовых канікулаў, перашэптваліся і шумелі. Хутка ўрок павінен быў скончыцца. Каб супакоіць дзяцей, настаўнік прайшоў ад стала да сярэдзіны класа і назад.
   – Ба-раць-ба, – прадыктаваў ён, а пачулася як «ба-радзь-ба». – Ма-лаць-ба, – ізноў пачулася як «маладзь-ба».
   Аксана пісала марудна, абдумваючы кожнае слова, і настаўнік яе не прыспешваў.
   – Кась-ба...
   У гэты час празвінеў званок, дзяўчынка хутка дапісала слова і павярнулася тварам да класа. Дзеці ўсе разам загаманілі, зашамацелі кніжкамі, сшыткамі, зашчоўкалі замкамі ранцаў і партфеляў. Максім Раманавіч прыжмурана зірнуў на дошку, падышоў да стала і схіліўся над журналам.
   – Пяць! – аб’явіў ён, шукаючы пальцам патрэбны радок.
   – У Аксаны ж памылка! – выгукнуў раптам адзін хлопчык, які сядзеў дагэтуль смірна за першай партаю. Ён быў тоўсценькі, круглатвары, зваўся Антосем і гэтак жа, як і Аксана, быў выдатнікам. – У Аксаны памылка, Максім Раманавіч, – паўтарыў ён, устаўшы з-за парты, – яна напісала «касьба» цераз «з».
   Усе прыціхлі, перасталі нават збірацца. Максім Раманавіч надзеў акуляры.
   – Гэта добра, што ты сочыш за ўрокам, – сказаў ён Антосю, – а памылку мы зараз паглядзім. Калі яна ёсць... – Настаўнік падышоў блізка да дошкі і ўбачыў памылку.
   Дзяўчынка спехам, проста рукою, выцерла «з», але, відаць, ад разгубленасці напісала заместа яе «ц». Стала ўжо зусім няправільна – «кацьба».
   Настаўнік усміхнуўся:
   – Ну, нічога... Ты заўсёды была такая старанная, а памылілася, мабыць, таму, што вучыла толькі правілы. Але ў кніжцы, пад правіламі, напісаны і выключэнні з правілаў, толькі дробнымі літаркамі. Усе гэтыя словы і ёсць выключэнні, бо пішуцца не так, як чуюцца.
   – Яна вучыла, напісала ж два словы! – крыкнуў нехта.
   – Трэба яшчэ лепш вучыць, – сказаў Максім Раманавіч.
   Ён паставіў дзяўчынцы чацвёрку, Антосю – маленькі плюсік і адпусціў дзяцей.
   На двары, калі Антось спускаўся па сходках школьнага ганка, адзяваючы на хаду паліто, да яго падышлі некалькі хлопчыкаў, аднакласнікаў. Заходзячы ўвесь час наперад, чапляючы ззаду за ногі, яны пачалі дражніцца:
   – Ябеда тоўстая!
   – Плюсік-шмусік!
   – Гляньце, атрымаў плюсік – і рад!
   – І рад! – агрызнуўся Антось. Што яму яшчэ было казаць? – А вы мне зайздросціце, бо я лепшы за вас. Бо мяне настаўнікі хваляць.
   – Трэба дражніць яго цяпер Плюсікам! – выступіў наперад і крыкнуў Казімер, высокі задзіра з чубком, як у дарослых хлопцаў. Гэта ён заступаўся за Аксану ў канцы ўрока. – Ты ніякі не разумны, як цябе хваляць, а пяцёркі табе ставяць за гэта... ну... – і Казімер засмяяўся, азірнуўся на хлопцаў.
   Усе за ім засмяяліся. Антось не вытрымаў, скочыў з тратуара ў снег і аббег гурт, але дзеці лёгка дагналі яго і зноў акружылі. Цяпер яны нават не дражніліся, а проста стаялі і пасмейваліся, пераглядаліся і паплёўвалі сабе пад ногі. Антось спалохаўся:
   – Не лезьце! Я не ябеднічаў, а сказаў праўду!
   – Праўду? А я табе зараз вушы буду церці брудным снегам, – сур’ёзным голасам сказаў Казімер, нахіліўся і набраў прыгаршчы снегу з граззю. – Я табе пакажу праўду...
   Тут са школы выйшлі дзве настаўніцы, пайшлі да дзяцей. Зразу ажыўшы, Антось штурхануў Казімера ў грудзі і пабег. У спіну яму бохнула цяжкая снежка, ды ён не спыніўся, крутнуў за вугал школы, – а тут ужо й вуліца, людзі ходзяць і стаяць на прыпынку... Антось ускочыў у аўтобус, праехаў адзін прыпынак, а тады паціху ўжо, спакойна пайшоў дадому. Ён жыў адсюль недалёка, у новым мікрараёне.
   «І сказаў, і атрымаў плюса! – пацыкаўся ў думках Антось з Казімерам, якога найбольш баяўся з усіх. – І мая праўда, і вучуся я лепш за вас, і разумнейшы за вас. І вывучуся начальнікам, і куплю машыну самую дарагую. А вы пазірайце!»
   Каля іхняга пад’езда, у падвале, жыў кот. Антось прыадчыніў дзверы, пазваў, і кот прыбег, пачаў хрыкаць, церціся вухам і пыскай аб чаравік. Антось пагладзіў яго па задзёртым, доўгім хвасце. Кот хацеў бегчы за ім і ў пад’езд, але ён не пусціў.
   Дома бацька на кухні чытаў кніжку. Маці яшчэ не было з работы. Антось распрануўся, памыў рукі і сеў за стол.
   – Калі ўжо, тата, дадуць нам новую кватэру? – уздыхнуў ён.
   Тата паставіў перад ім талерку з галушкамі, паклаў лыжку.
   – Скора, – сказаў ён, паліваючы галушкі смятанай. – Праз год-два.
   – Ого! А ў школу я тады хоць у другую пайду?
   – У другую, у другую.
   – І то хлеб, – Антось зноў уздыхнуў. – Дужа кепскі ў нас клас. Нядружны... Тата, сёння настаўнік не ўгледзеў здалёк памылкі на дошцы, а я ўбачыў і сказаў.
   Бацька патрусіў пляшкаю з малаком, адчыніў, паставіў перад сынавай талеркаю:
   – Што-што? Я праслухаў, настаўнік зрабіў памылку?
   – Не настаўнік, а Аксана – ты не ведаеш яе. Каб я не сказаў, што памылка – была б ёй пяцёрка. А так – чацвёрка. Тата, казаць праўду – заўсёды добра?
   – Заўсёды, – мармытнуў бацька, гартаючы кніжку. – Заўсёды трэба казаць праўду... Так, ты еш, а я пайду трохі паляжу – дужа галава з нечага баліць.
   Бацька прыадчыніў трошкі фортку і пайшоў. Антось паеў, паклаў у мыйнік талерку. Задраў руку і пастаяў трохі насупраць форткі – рука хуценька змерзла і пачырванела. Антосю раптам чамусьці стала шкода і свайго ката, і ўсіх катоў, што жывуць зімой у магазінах, у падвалах, туляюцца па вуліцах... І сябе разам з тымі катамі.
   Ён вылавіў з рандэлка лыжкаю чатыры галушкі, загарнуў іх у паперу і паклаў на падаконніку, каб астылі. Выйшаў на калідор надзяваць паліто, і якраз зазваніў тэлефон.
   – Хто? – Антось падняў трубку. – Гаварыце!
   – Мы аб’яўляем табе вайну! – Шчаўчок, упала манета, кароткія гудкі.
   – Хто гэта? – гукнуў бацька.
   – Ніхто... Гэта мне.
   Антось узяў галушкі, спусціўся ў падвал, дзе на старой ватоўцы, у кутку пад цёплаю трубою, ляжаў кот. Кот пацягнуўся, падрыгаў заднімі лапамі і падбег да хлопчыка. «Кісынька, кісынька», – шаптаў Антось, гладзіў, карміў ката і слухаў, як той хрыкае.
   Ён вельмі баяўся ісці заўтра ў школу.
   Ён вельмі любіў дзяўчынку Аксану са свайго класа.
   Ён ведаў, што трэба заўсёды казаць толькі праўду, але каяўся, што сказаў пра памылку.
   Ён жа быў яшчэ зусім малы.

Похожие статьи:

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Шчарбаты талер

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Падслуханая казка

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Жаніх па перапісцы

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Бляха

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Пеля