Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Андрэй Федарэнка - Падслуханая казка
Увага! Поўны змест
Настаўнік даў вучням хатняе заданне — кожнаму намаляваць якуюсь кветку.
Марыйцы спачатку заданне падалося лёгкім. Дзяўчынка добра малявала, да таго ж ведала і любіла мноства самых розных кветак. Ранняй вясной яна любіла дзьмухаўцы і лотаць, улетку — смолкі і валошкі, увосень — вяргіні і астры... Якая ж з гэтых кветак самая прыгожая, самая любімая? За акном цяпер не вясна, не лета і не восень, а сцюдзёная зіма, белыя гурбы снегу, і адзіныя кветкі — тыя, што намаляваў мароз на ваконным шкле.
Дзяўчынка думала-выбірала ўвесь вечар і потым, у ложку, засынаючы, таксама думала. Ад гэтага ёй прысніўся сон. Прысніўся заліты сонцам, запоўнены птушыным спевам празрысты летні дзень, поплаў, які нагадваў дарагі стракаты дыван, — столькі на ім было кветак... I калі яна, босая, лёгкая, ступала па гэтым мяккім дыване, кветкі схіляліся да яе і хваліліся кожная сваёй прыгажосцю. Вядома, гэта быў сон, таму кветкі і маглі размаўляць. Галасы іх пераліваліся ціхім журчаннем ручайка, ранішнім жаўруковым спевам, лёгкім пошумам ветрыку, які забаўляецца з маладой лістотаю... Пунсавелі красуні ружы і стараліся прыхаваць пад лісцем свае шыпулькі; звінелі, бы нанізаныя на нітку парцалянавыя званочкі, бялюткія ландышы; выхваляліся адзін перад адным смешныя таўстуны цюльпаны самых розных колераў; надуваліся ад гонару таўсташчокія півоні; разбегліся і застылі па ўсім поплаве бесклапотныя рамонкі; сінелі між імі маўклівыя сціплыя незабудкі, сон-трава і "цвяток" яе, Марыйчынай радзімы — непаўторная валошка...
Дзяўчынка слухала, любавалася кветкамі і аніяк не магла выбраць лепшае. Гэтая прыгожая, а паглядзіш — другая яшчэ прыгажэйшая... Раптам яна пачула меладычныя, танюткія і чыстыя, як перазвон крышталю, галаскі. Дзяўчынка агледзелася. Ах, яна нават не заўважыла, што наступіла на цэлую сямейку непрыкметных сярод гэтай раскошы колераў і пахаў звычайных маргарытак! Цяпер яны, прымятыя, падымаліся з зямлі, атрэсваліся, распраўлялі пялёсткі і лісточкі, падстаўлялі сонцу свае бела-ружовыя вяночкі з жаўтком пасярэдзіне. Яны гаварылі так ціха, што дзяўчынцы, каб пачуць іх, давялося прысесці і нагнуцца ледзь не да зямлі.
— Каб толькі гэтая дзяўчынка захацела паслухаць нас! — сказала адна з кветак, і Марыйка, як гэта бывае толькі ў снах, чамусьці адразу зразумела, што гэта нямецкая маргарытка. — Каб дала нам хоць крышачку ўвагі! Можа, тады яна выбрала б нас? Мы ніколькі не горшыя за іншыя кветкі. Гэта ж акурат мы здавён-даўна прыносім дзецям і дарослым радасць, стараючыся прадказаць іхні лёс. Можна загадаць любое жаданне, потым абрываць па чарзе пялёсткі, і тое слова, пры якім будзе абарваны апошні пялёстак, і павінна азначаць: збудзецца ці не збудзецца жаданне.
— Гэта праўда, — азвалася другая кветка, і зноў Марыйка адразу зразумела, што гэта маргарытка-францужанка. — Мы цвіцём з ранняй вясны да позняй восені, і няма ў свеце краіны, дзе нельга было б нас сустрэць, дзе не варажылі б на нашых пялёстках! Я таксама расказала б гэтай дзяўчынцы, як яшчэ ў старадаўнія часы рыцары дарылі нас сваім дамам і на стужках, якімі абвязвалі букеты, рабілі такія надпісы: "Кожная кветка мае сваю вабнасць, але калі б мне прапанавалі на выбар адразу тысячу кветак, усё адно я выбраў бы толькі маргарытку!"
— А я расказала б дзяўчынцы, — падхапіла кветка-грачанка, — што нашая назва "маргарыткі" пайшла з грэчаскай мовы і азначае "жамчужыны". I гэта нас апяваў паэт, сцвярджаючы, што мы, незлічоныя белыя кветачкі, рассыпаныя па зялёным лузе, — здаемся сапраўднымі жамчужынамі!
— А я, — умяшалася кветка-італьянка, — распавяла б дзяўчынцы адну з самых прыгожых легендаў пра нашае паходжанне. Вядома, што вялікае сонца больш за ўсё на свеце любіць кветкі, клапоціцца пра іх, песціць, як дзяцей... А кветкі карыстаюцца гэтым і заўсёды аб нечым у яго просяць: адны хочуць быць больш буйнымі, другія — больш духмянымі, трэція — мець прыгажэйшыя пялёсткі... I толькі мы, маргарыткі, ніколі ні аб чым не прасілі, заўсёды адчувалі сябе шчаслівымі, такімі, як стварыў нас Бог. Больш за ўсё мы радуемся, калі нас зрываюць дзеці, гуляюць з намі. I ў падзяку за нашую сціпласць сонца цалуе нас, пакідаючы свой знак — жоўтую плямку пасярэдзіне белых пялёсткаў.
— Я расказала б дзяўчынцы, — прамовіла кветка-аўстрыйка, — што выява букеціка маргарытак ёсць нават на мармуровым помніку. Ён узведзены ў памяць аўстрыйскай імператрыцы Лізаветы, якая заўчасна загінула, а маргарыткі — сімвалы яе дабрыні і сардэчнасці.
—Я, — сказала кветка-англічанка, — радуюся таму, што гэтая дзяўчынка наступіла на нас. У Англіі і цяпер існуе звычай: калі наступіш на дванаццаць маргарытак адразу, вясна надыдзе раней.
— I ў Скандынавіі мы служым прадвесніцамі вясны і аднаўлення жыцця, — падтрымала шведская кветка. — Менавіта ў Швецыі ўпершыню быў наладжаны збор ахвяраванняў для хворых на сухоты, а кветкай, якую даравалі кожнаму, хто рабіў грашовы ўклад, былі выбраны мы, маргарыткі!
—А я, — абазвалася апошняя кветка, — расказала б дзяўчынцы пра нашую агульную з ёю цудоўную і нешчаслівую радзіму. Я расказала б, як яшчэ са старадаўніны тапталі мяне чужацкія коні і людзі, як з веку ў век вострыя сохі і плугі падразалі разам з дзёранам мае карані, і я, як і іншыя кветкі і травы, угнойвала глебу; расказала б, як паласавалі мяне цяжкія жалезныя гусеніцы цягачоў і танкаў і як вырывалі, перамешвалі мяне з зямлёю разрывы бомбаў і снарадаў; расказала б, як прысыпала мяне смяротным радыяцыйным попелам і брудам... I ўсё ж я выжыла! Нездарма ў нашай мове я завуся стакротка. Я зноў расту паўсюль, дзе толькі могуць умацавацца карані, і я хачу, каб бегалі па мне басанож, каб зрывалі мяне і варажылі на маіх пялёстках шчаслівыя дзеці, хачу радаваць вочы і адаграваць душы дарослых...
Марыйка прачнулася. Яшчэ нейкі час у яе вушах адгалоскам звінелі ціхія крышталёвыя галасы, а перад вачыма стаялі бела-ружовыя зорачкі з жоўтымі пячаткамі пасярэдзіне. .
Яна ўжо ведала, якую кветку будзе маляваць.
Адказы на пытанні:
1. Марыйка атрымала заданне намаляваць любімую кветку. Спачатку дзяўчына разгубілася, бо вельмі любіла кветкі і не магла вырашыць, якая лепей за ўсіх. Я на шмат думала, пакуль не заснула і ўбачыла чароўны сон.
2. Яна ўбачыла прыгожую паляну з кветкамі, якія расказвалі аб сабе, але выпадкова дзяўчына ўбачыла непрыкметныя, але вельмі прыгожыя кветкі – маргарыткі, якія паведалі ёй кожная сваю цудоўную і цікавую гісторыю. І дзяўчына зрабіла свой выбар.
3. Кожны аповед маргарытак своеасаблівы, бо па-свойму іх гісторыя дае магчымасць па-рознаму паглядзець на гэтыя маленькія сарамлівыя кветкі. Яны сімвал жыццеўстойлівасці, дабрыні, кахання, шчасця, сардэчнасці. Гэта маленькая жамчужынка, зорачка, якая радуе сэрца чалавека.
4. Беларуская маргарытка, стакротка расказала аб жыццеўстойлівасці, бо яна расла на зямлі, якую доўгія стагоддзі руйнавалі, тапталі, білі, калолі, узрывалі, пасыпалі радыяцыйным попелам і брудам. Але нягледзячы на гэта, кветка марыць бачыць шчаслівыя вочы дзяцей і закаханых, адаграваць душы дарослых.
5. Дзяўчынка вырашыла намаляваць стакротку, таму што яе ўразіла гісторыя гэтай простай і адначасова самай прыгожай кветкі, якую любяць і ведаюць у кожнай краіне свету.
Похожие статьи:
Андрэй Федарэнка → Андрэй Федарэнка - Гісторыя хваробы
Андрэй Федарэнка → Андрэй Федарэнка - Шчарбаты талер
Андрэй Федарэнка → Андрэй Федарэнка - Пеля