Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Мастацкія асаблівасці рамана "Запіскі Самсона Самасуя"

   Імя Андрэя Мрыя стала вядома сучаснаму чытачу ў канцы 80-х гадоў XX стагоддзя. Аднагодка М. Гарэцкага, ён прыйшоў у літаратуру на цэлае дзесяцігоддзе пазней і з’яўляецца прадстаўніком новага этапа ў нацыянальным слоўным мастацтве. У лісце да Сталіна, напісаным незадоўта да смерці, пісьменнік характарызуе сябе наступным чынам: «Заўсёды сціплы, забіты, прыціснуты жыццём і хваробамі чалавек». Аднак менавіта А. Мрый адважыўся ў сатырычным асвятленні паказаць нованароджаных гаспадароў жыцця.
   «Узвышанская» публікацыя рамана «Запіскі Самсона Самасуя» (1929) была добра прынята чытачамі і крытыкай. Але хутка Сістэма адчула небяспеку, што хаваў у сабе іранічна -выкрывальніцкі смех аўтара твора. Раман падпаў пад прэсінг разноснай вульгарызатарскай крытыкі. Асобнай кнігай ён не выйшаў. Не трапіла ў друк напісаная к гэтаму часу трэцяя частка «Запісак...» (трэці скрутак, як называе часткі А. Мрый). Пісьменнік пад уздзеяннем грамадска-палітычных падзей вымушаны быў увогуле развітацца са сваім героем.
   Раман «Запіскі Самсона Самасуя» належыць да нямногіх у гісторыі літаратуры сатырычных твораў. Гэта значыць, што аўтар пайшоў на свядомую дэфармацыю рэчаіснасці, звярнуўся да парадаксальных, часам нават абсурдных сітуацый і канфліктаў. Разам з тым зрушанасць жыццёвых прапорцый у творы А. Мрыя не настолькі вялікая, каб не пазнаваліся (ці пазнаваліся з цяжкасцю) час, эпоха, месца дзеяння. Раман створаны на «гарачым» матэрыяле сучаснага пісьменніку жыцця, узнаўляе тыповыя для рэчаіснасці канца 20-х пачатку 30-х гадоў рэаліі.
   Так, «культурная рэвалюцыя», якую праводзіць у Шапялёўцы Самсон Самасуй, адэкватна адбівае змест многіх паслякастрычніцкіх навацый, звязаных з так званым культурным будаўніцтвам. Пачалося актыўнае перайменаванне вялікіх і малых гарадоў, населеных пунктаў, мяняліся на новыя, гучна рэвалюцыйныя, назвы вуліц; прадпрыемствам, установам, калгасам прысвойваліся імёны правадыроў і дзеячаў партыі... Такім чынам, Шапялёўка і Самасуй, як ініцыятар і арганізатар культурных змен у мястэчку, проста ідуць у нагу з часам. Жыццём падказаны пісьменніку антырэлігійная прапаганда і барацьба з перажыткамі мінулага, безліч таварыстваў і грамадскіх арганізацый, сябрам якіх павінен быў быць савецкі працоўны чалавек. Творы шапялёўскага паэта Гарачага -Пушкінзона – пародыя на літаратурныя практыкаванні маладнякоўцаў, якія прэтэндавалі на авангардную ролю ў савецкім мастацтве.
   Як сведчыць у лісце «Другу працоўных Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну» сам аўтар, вобраз Самсона Самасуя не з’яўляецца стварэннем пісьменніцкай фантазіі. Ён «спісаны» з аднаго савецкага кіраўніка. Прататыпаў мелі і некаторыя іншыя персанажы рамана.
   Як і павінна быць у сатырычным творы, сярод герояў мы не сустрэнем станоўчых. Усё, што з імі адбываецца, падаецца аўтарам у камічнай форме. Праўда, смех у рамане афарбаваны па-рознаму. Так, малюючы на пачатку твора каларытную сцэну спрэчкі бацькі з сынам, альбо паказваючы выступленні сялян супраць бязглуздых Самасуевых пачынанняў і прапаноў, пісьменнік толькі ўсміхаецца. Сялянскі практыцызм, ашчаднасць, пачуццё здаровага сэнсу, клопат пра гаспадарку і палеткі для А. Мрыя не маглі быць прадметам з’едлівага, сатырычнага смеху. У дачыненні ж да тых, хто стаяў над народам, прэтэндаваў на ролю яго кіраўнікоў і настаўнікаў, смех, найчасцей, востры, выкрывальніцкі. Такую рэакцыю выклікае, напрыклад, справаздача начальніка міліцыі: «...Неабходна забараніць каровам хадзіць па тратуварах. У мястэчку каля 30 штук такіх інтэлігентных кароў, якія лічуць ніжэй свайго гонару ісці па вуліцы. Мы думаем аслухлых штрафаваць і першы раз браць у каровы 1 р., другі раз 2 р. і трэці раз 3 р.».
   А. Мрый умее стварыць камічную сітуацыю, паставіўшы героя ў смешнае ці нават недарэчнае становішча («вучоная» спрэчка Курыцы, Курапаты і Самасуя, аблава на беспрытульных сабак і г. д.). Часта нават карціны прыроды ў рамане далучаны да стыхіі смеху: «Аднойчы, калі ўся прырода жаласліва скуголіла і прасіла сонца...», «Ніякае дрэва не магло быць хаўруснікам у нашым змаганні з нябесным самагонным апаратам...» Але найчасцей патрэбнага эфекту аўтар дасягае моўнымі сродкамі. Рознастылёвая мова рамана, здаецца, сама сабой выпраменьвае смех: «Некалькі разоў сядзёў я пад арыштам і карміў сваёй чырвонай кроўю блох ды іншых шасцікрылых і шасціногіх херувімаў і сарахвімаў. Ды і не магло быць інакш з маім тэмпераментам».
   Мова іграе вельмі істотную ролю ў характарыстыцы галоўнага героя, выяўляючы яго малаадукаванасць, самазадаволенасць, прымітыўнасць, Гэта звязана з асаблівасцямі формы рамана (твор уяўляе сабой запіскі – апісанне персанажам уласнай дзейнасці). Самсон Самасуй не толькі гаворыць, але і думае газетна-канцылярскімі трафарэтамі і штампамі: «Газетная кампанія, узнятая супраць мяне Лінам, выклікала ультрафіялетавы настрой. Я глядзеў на белыя, бязвінныя рамоны і думаў... Ніякага выразнага адказу я ад расліны не атрымаў. Дый што мне параіла б няшчасная кветка, якая сама, мусіць, думала, як праз 2 ці 3 дні гострае джала касы дзікунскі насмяецца з прыгажосці прыроды ў імя харчова-утылітарных запатрабаванняў? »
   Герой рамана – прадстаўнік народжанага новай уладай чыноўніцтва, кіраўнік раённага маштабу. Сябе ён называе сучасным і бывалым чалавекам. Шапялёўка не першае месца яго працы. Тут ён таксама не затрымаўся (дзейнасць Самасуя ў мястэчку доўжылася дзесьці чатыры-пяць месяцаў). Аднак проста зволіць яго на гэты раз не змаглі, таму рэкамендавалі на працу ў воласць. Як можна пераканацца, герой твора не толькі здолеў прыстасавацца да Сістэмы, але і выкарыстаў яе ў сваіх інтарэсах. Самасуй не проста функцыянер, «вінцік», які патрэбны, «каб часам дзірку якую заткнуць». Так, ён дзейнічае ад імя Сістэмы і па яе законах – нішчыць, кіруе, вучыць, выхоўвае, змагаецца, пры гэтым не паважае і не бачыць канкрэтнага чалавека, не лічыцца з мараллю і прыстойнасцю. Але кіруецца герой рамана карыслівай мэтай, думае толькі пра сябе. «Ат! пройдзе ўсё, а я застануся», – вось сутнасць яго жыццёвай філасофіі.
   Каб «застацца», Самасуй мае ўсе шанцы – умее прыстасавацца і правільна зарыентавацца (тактыка паўступленню ў партыю), настойліва дамагацца пастаўленай мэты (каханне да Крэйны, «культурная рэвалюцыя»), надзелены абсалютнай самаўпэўненасцю і беспрынцыпнасцю (адносіны да Торбы, Ліна). І, пэўна, галоўнае, – у яго невычэрпны запас неўтаймаванай энергіі і жыццёвай сілы. Самасуй ніколі не прызнае свайго паражэння, ён здольны адраджацца, спрабаваць сябе ў новай ролі і новай справе зноў і зноў.
   Выкрываючы ўчэпістага, нахрапістага, самаўпэўненага і амаральнага прыстасаванца, пісьменнік развенчваў і той лад, пры якім такія тыпы адчувалі сябе гаспадарамі жыцця.

 

Похожие статьи:

Андрэй МрыйВобраз Самсона Самасуя

Андрэй МрыйАндрэй Мрый - Калектыў Яўмена

Андрэй МрыйАндрэй Мрый - 3aпіскі Самсона Самасуя

Андрэй МрыйАндрэй Мрый. Запіскі Самсона Самасуя

БиографииАндрэй Мрый