Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Андрэй Мрый - Гармонія ў ружовым

Увага! Поўны змест

 

   Наш калектыў служачых канторы Дражджавога трэсту вельмі дружны. Мы часта збіраемся да купы на Закандырынскай вул., № 14, на кватэры нашага сакратара т. Белабрысіка. Там мы вядзём вельмі цікавыя і вострыя спрэчкі на бягучыя тэмы дня. Часта ў спрэчцы мы забываемся на ўсякія межы між дазволеным і недазволеным. Тады справа ў нас даходзіць да фізкультурнага вырашэння пытання. У гэтых выпадках жонка т. Белабрысіка т. Марта Белабрысіха супакойна бярэ гарлач з вадою і з выразам невымоўнага шчасця на твары разлівае нас. Гэта аперацыя не толькі праходзіць бязбольна, але ўлагоджвае нас і настройвае ўсіх на вясёлы лад. Уласна кажучы, мы і збіраемся на кватэры Белабрысіка з-за яго жонкі, ветлівай і прыгожай гаспадыні, ад якой і пацярпець можна.
   Пасля вадзяной аперацыі мы п’ём гарбату і потым зноў распачынаем спрэчкі, ужо менш крыважэрна, пакуль гаспадыня, пазяхаючы, заяўляе нам, што чалавек – не машына, без аддыхі гаварыць не можа. Гэта для нас – сігнал ісці дадому.
   Асабліва любіць спрачацца наш бухгалтар Марка Белабус. Я часта дзіўлюся, скуль у яго ўсё бярэцца?! Дзе толькі ён не быў, чаго толькі не бачыў? На кожнае палажэнне ў яго ёсць ілюстрацыя ці контрпалажэнне, кожную думку ён падмацоўвае фактам. У мяне аж галава ходарам ходзіць!
   Іншыя не дужа любяць Марку за яго ўсёзнайства, а я знаходжуся пад нейкім гіпнозам і часта слухаю Белабуса з адчыненым ротам. Магчыма, з гэтай прычыны ён часта гаворыць, звяртаючыся галоўным чынам да мяне, а на іншых глядзіць, як на неабходную дэкарацыю: адзін на адзін гаварыць не цікава, трэба, каб яшчэ было дзве-тры асобы!
   Аднойчы мы ўсе разам з нашым бухгалтарам зайшлі ў таварыства «Прэч старыя транты», дзе доктарам т. Стрыкуліставым была прачытана лекцыя «Аб натуральным падборы ў шлюбы». Гэты паважаны доктар ездзіў у Амерыку, дзе вывучаў метады аздараўлення расы. «У Амерыцы, – гаварыў доктар, – у некаторых штатах шлюбы адбываюцца толькі па рэкамендацыі дактароў, якія дасканальна абследуюць усялякую фізіялагічную дастасаванасць аднае асобы да другой: рост, вагу, прыгожасць, сілу... Наша краіна, як самая перадавая па тонусу свайго развіцця, павінна дзяржаўным парадкам умяшацца ў развядзенне добрых, разумных, прыгожых, здаровых і гераічных людзей. І гэта зразумела, – казаў доктар. – Калі магчыма па нашай волі выгадоўваць завадскіх кароў, бугаёў і іншую жывёлу, дык значную долю энергіі і сродкаў неабходна затраціць на фізічнае і інтэлектуальнае аздараўленне саміх людзей. Няхай жыве новая парода людзей!» – закончыў сваю лекцыю доктар т. Стрыкулістаў.
   Ніхто з нас ні славечка не выпусціў з таго, што гаварыў паважаны доктар, і, калі ён скончыў гаварыць, пачаліся самыя заядлыя спрэчкі.
   Старшыня пры ўсім сваім дыпламатычным падыходзе і моцным голасе аніяк не змог падтрымоўваць які-небудзь парадак. Мы сцягвалі адзін другога з трыбуны, пагражалі кулакамі, калі нам не давалі гаварыць ці абмяжоўвалі наш час, і з пенай на губах выказвалі свае меркаванні аб спосабах аздараўлення народных масаў.
   Асабліва вар’яцеў Марка Белабус, які проста абсароміў нас сваім праектам аздараўлення народу. Вакол нас усе крычалі:
   – Адкуль гэты чалавек? Якое ён мае права свае дурацкія праекты тут выкладваць? Ганеце яго ў зашыйкі!
   А мы маўчалі ды паказвалі яму кулакі.
   Марка высоўваў такую драматургію: неабходна пабудаваць у гарадох і вёсках вялікія дамы свабодных, здаровых і прыгожых людзей. Дамы мужчынскія і жаноцкія! У гэтых дамох дазваляць схадзіцца толькі па дасканальным аглядзе дактароў. Усім іншым забараніць распаўсюджваць сваё племя, а самае лепшае – стэрылізаваць іх!
   І калі на другі дзень мы ўсе сабраліся на кватэры нашага сакратара, дык першым чынам наваліліся на Марку за яго смеху вартае выступленне. Як толькі мы не лаялі яго! На гэты раз Белабрысіха разы тры ці чатыры разлівала нас вадой, бо Марка ўпарта даводзіў, што ўсіх нас трэба стэрылізаваць як нездаровых і непрыгожых людзей, а гэта, зразумела, выводзіла нас з раўнавагі.
   Толькі пасля гарбаты мы супакоіліся. І тады Марка расказаў нам адну гісторыю, якая быццам ілюструе яго тэорыю. Мы заўсёды любім слухаць Марку Белабуса, хоць у большасці выпадкаў ён апавядае аб немагчымых падзеях.
   У гэты вечар ён сваю гісторыю пачаў так:
   – Трэба вам сказаць, што раней я служыў у банку. А камісарам у нас быў мой зямляк. Можа, вы яго ведаеце? Шкулепа! Ён з вахлакоў, як і я. Бацька яго і цяперака бульбу сее ў нашай вёсцы Гніліцы.
   Я аўдавеў, і кепска мне было жыць, хоць жонка і не паспела пакінуць дзяцей. Нейкая пустэльня і гразь наўкола мяне. І грошы невядома куды паўзуць! Вось адзін раз маё начальства – гэты самы Шкулепа – паклікаў мяне ў габінэт ды ўсміхаючыся кажа:
   – Ведаю я, што ў цябе прытуга вялікая. Ты ўжо не малады, каб за дзяўчонкамі конікаў пушчаць, а толькі аднаму жыць табе неспадобна.
   Я ў тон яму, як партыйцу, і кажу:
   – Правільна! Яшчэ Маркс заявіў: нядобра чалавеку быць аднаму, а трэба ў калектыве.
   – Ну, гэта ты брэшаш! – заявіў мне Шкулепа. – Але добра! Ёсць на прымеце эканамічная база для цябе.
   Я пытаю, што і як.
   А камісар высвятляе: там вось і там ёсць яго знаёмая, якую кінуў муж; ёй няма з чаго жыць, дык яна хоча ўзяць на кватэру з поўным хлебам-соллю сталага чалавека. Дык ці не пайшоў бы я?
   Я ўсміхнуўся, ляпнуў камісара сяброўскім чынам па жываце ды кажу:
   – Напэўна, цаца, калі муж адрокся.
   А ён мне:
   – Не кажы так! Мала якая прычына, што кідаюць адзін аднаго. Можа, ён спалохаўся ды спасаваў перад нястрымным імпэтам?
   – І гэта бывае! – кажу я.
   – Схадзі паглядзі на гэту эканамічную базу, – кажа мне Шкулепа ды яшчэ дадае: – Каб я быў халасты, дык рукамі і нагамі павесіўся б на гэтай жанчыне! Не жанчына, а скарб, адным словам, эканамічная база!
   Вельмі любіў камісар гэта слова і торкаў яго, куды трэба, куды не трэба.
   Камісар дае мне яшчэ адрас яе і тлумачыць, як прайсці.
   Вечарам таго ж дня я шагаю да яе. А чаму так скора? Мне дазарэзу трэба было пераехаць куды-небудзь: на старой кватэры нельга было жыць з-за аднае прышчуры, што навязалася да мяне.
   Прыходжу я туды. Сустракае мяне бабачка так гадоў пад трыццаць, у поўным целе, твар ружовы, ямінкі на шчочынах, вочы трохі заплылі тлушчам, але гараць, як вугалькі, як рэвальверчыкі, страляюць.
   Акідваю яе вопытным, напрактыкаваным вокам. Бачу: усё на месцы і ўсё неабходнае ў больш чым задавальняючым ліку.
   – Што вам патрэбна? – пытае мадама ў мяне. А голас цягучы, гітарны. Узіраюся ў яе вочы-рэвальверчыкі, ды слова не магу сказаць. Не баба, а нейкая гармонія ў ружовым. Мне аж горача зрабілася. Усё цела як шпількамі хто коліць. Маўчу ды ўсміхаюся. Яна таксама аглядае мяне. А я нічога сабе мужчына, самі ведаеце. Фізкультурай займаюся дый апранаюся з густам... Хоць праўду сказаць: якія мы людзі, а ёсць горш нас, нечага граху таіць! Адным словам, я досыць прыгожы і здаровы чалавек і нават думаю сабраць грошы і заказаць сваю скульптуру.
   Пры гэтых словах Маркі мы ўсе закрычалі:
   – Хваст ты! Гэта да гісторыі не адносіцца! Хлусня адна!
   – Да душы, праўду кажу! – супакоіў нас Марка і без замешкі апавядаў далей: – Бачу я, што трэба мне гаварыць, а то за дурня ці за злодзея палічыць. Сабраўся з духам ды кажу: чуў я, што вы аддаеце 2 пакоі саліднаму чалавеку з поўным пансіёнам, на ўсім на гатовым!
   Яна прыхільна ўсміхаецца і кажа:
   – Калі ласка, прайдзеце далей.
   Усаджваемся мы, і пачынае яна мяне дапытваць, дзе я служу, колькі атрымоўваю, халасты ці жанаты, адным словам, падсоўвае мне вусную анкету. Каб другая, дык паслаў бы куды трэба. А гэтай бабенцыі не магу адмовіць – запаўняю анкету. Прыйшлася мне даспадобы і заграбастала адразу ў свае лапы. Такім чынам, гадзіны чатыры мы з ёй прагалдамонілі. А на развітанне кажа мне:
   – Не гневайцеся на мяне! Я павінна бліжэй увазнаць вас. Прыходзьце яшчэ заўтра.
   Я і на другі дзень прышагаў да яе ды засядзеўся да паўночы. Сяджу ўжо блізка каля кралі ды козыра ламаю. Што вы думаеце? Нічога! Справа ідзе! Песні мне спявала, ды як добра. Асабліва ўрэзалася мне, як пела яна песню «Каліна жарлівая ў лузе стаіць». Калі ж выходзіў я з дому, дык смела абшчапіў Лору (так яе звалі) ды плюсь яе ў самыя губы. Нічога!
   Іду я дамоў ды ног пад сабою не чую! Думаю: ніяк не выходзіць, як узяць ды жаніцца! Прыйшоў дамоў, аблёгся на руку ды задумаўся. І снуецца ў думках маіх, як дзеці ў нас пойдуць, ды ўсе здаровыя, ружовыя! Самаго ж сябе малюю нейкім Сыленам з Вахчонкам на руках. А я такі чалавек! Чаго мне захочацца, хоць разарвіся – дай!
   На трэці дзень нейкае свята было. Я проста пайшоў да яе зранку з цвёрдым намерам: або тое, або другое.
   Прыходжу. Гаворым з ёю, гуляем па горадзе, нават разам зайшлі ў музей аховы здароўя. А вы ведаеце, якія страхоцці ў гэтым музеі? Усё тое, што прырода дала, так скалечана, што жудасна глядзець. А Лора глядзіць. Відаць – першы раз бача ўсю гэту агіду! Як заварожаная разглядвае. А як выйшлі, яна пытаецца ў мяне:
   – А вы хварэлі калі-небудзь?
   Я кажу:
   – Глупства ўсё гэта!
   Кажу так, каб адчапіцца. Яна ж па вачох адгадала, што нешта такое было, што гэта зусім не глупства!
   Прыйшлі мы на кватэру. Я адвярнуўся на хвіліну ды прытагосіў закусі, цукерак ды бутэльку кісляціны нейкай.
   Селі мы за стол, і пачаў я справу ладзіць. Заву яе ўжо на ты ды прама рэзалюцыю чытаю:
   – Досыць нам талмудзіцца! Безумоўна, мы павінны запісацца! У мяне пэнсія, у цябе кватэра. Ды нашто нам марудзіць?
   – З усёй маёй радасцю, але тут ёсць перашкода!
   – Якая? – пытаю я здзіўлена.
   – А такая, што ты ўжо два гады жывеш без жонкі, дык мала што можа быць... Баюся я, што ў цябе якая-небудзь трасца...
   «Ах, правал цябе вазьмі! – думаю я. – Ашалела баба!» Пачаў я даводзіць ёй. А ў мяне, як на зло, на губе нейкі бурдулёк прыкінуўся. Выходжу я з сябе ды злосна кажу:
   – Дурняў не сеюць, самі растуць!
   А яна падзуджвае мяне:
   – Чым ты давядзеш? Дабудзь пасведчанне ад доктара, тады паверу табе!
   Тут азарт захапіў мяне. Чаго тут саромецца? – думаю сабе. Можна тавар паказаць. Я не саромлівая мімоза! Бах з сябе кашулю, высунуў уперад грудзі: напукліў іх, напружыў мускулы ды тэатральна пытаю:
   – Ці можа чалавек з такой камплекцыяй, з такой мускулатурай і торсам Апалона чым-нсебудзь хварэць?
   Ёй нечага сказаць. Саромліва аглядае мяне, пачырванела ўся, а на сваім стаіць:
   – Рупата чалавеку не пашкодзіць! Вазьмі пасведчанне. Тады супакоюся.
   Тут я не сцярпеў.
   – Не чалавек ты, а зялезнае дрэва, што тоне ў вадзе! – крычу я. – Можа, табе паказацца ў чым матка радзіла?
   – Не трэба! – махае яна рукамі. – Чаго ты ўсшэрсціўся? Калі здароў, дык чаму не згодзен? Відаць, ёсць прычына...
   «Пачакай жа! – думаю я. – І я цябе ўматаю».
   – Добра! – кажу ёй. – Я схаджу да доктара, але і ты павінна гэта зрабіць. Я таксама не ведаю, з якой прычыны цябе муж кінуў.
   – Ты першы схадзі да доктара, тады я!
   – Не, ты першая!
   Спрачаліся мы, спрачаліся, а потым абрыдла мне ўсё гэта. Схапіў я яе, моцна абшчапіў ды прыціснуў да сэрца...
   На другі дзень мы і запісаліся, а праз месяц распісаліся.
   Гэты канец нас усіх вельмі задзівіў.
   – Чаму так скора? – закрычалі мы.
   – Фізіялагічна не падышлі адзін да другога! – заявіў аўтарытэтна Марка Белабус. – Адным словам, як казаў доктар Стрыкулістаў, фізіялагічная недастасаванасць суб’ектаў!
   – Калі верыць вам, дык цяперашняя ваша жонка па ліку трэцяя? – запыталася Белабрысіха.
   – Ня трэцяя, а чацвёртая! Гісторыю аб трэцяй жонцы я не маю намеру расказваць! – заявіў Марка Белабус, падымаючыся з месца і развітваючыся з усімі.
   – Раскажаш калі небудзь! Не ўстрымаешся! – хорам заявілі мы, добра ведаючы натуру Маркі Белабуса.

1927

Крыніца: Мрый А. Творы: Раман, апавяданні, нататкі / Уклад. і прадм. Я. Лецкі. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1993. – 317 с.

 

Похожие статьи:

БиографииАндрэй Мрый

Андрэй МрыйАндрэй Мрый - Няпросты чалавек

Андрэй МрыйАндрэй Мрый - Рабін

Андрэй МрыйАндрэй Мрый - 3aпіскі Самсона Самасуя

Андрэй МрыйАндрэй Мрый - Калектыў Яўмена