Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Анатоль Кудравец - Жулік
Увага!!! Поўны змест
Пад паветкай было светла і суха і нічым не пахла, як у пустой хаце зімой. Дзіўна, але Пятрок не адразу ўбачыў Жуліка, які ляжаў у бліжнім кутку — задам да варот, адкінуўшы руды хвост.
Пятрок пазваў сабаку:
— Жулік!
Сабака не паварушыўся, быццам быў нежывы. Пятрок ступіў яшчэ колькі крокаў.
— Жулік! — Цяпер ён пазваў мацней і з нецярплівасцю. Зноў ні адна шарсціна не ўздрыгнула на спіне сабакі. Пад скурай востра выступалі пазванкі хрыбетніка і рэбры. Рэбры ледзь прыкметна ўздымаліся: сабака дыхаў, жыў. Петраку стала зябка, быццам ён паглядзеў на нябожчыка ці на чалавека, якога ён некалі любіў, але які цяпер памірае, і ён, Пятрок, павінен будзе яго хаваць. Ён выйшаў на двор. З-пад ног сыпануліся кураняты, зацёхкала, закрычала адчайна-пуста курыца. На бузіне церабіліся вераб'і. Сонца стаяла высока і сляпіла вочы з бялёса-мутнай смугі.
— Нешта сабака не адзываецца. Ці не захварэў? — спытаўся Пятрок у маці, зайшоўшы ў хату.
— Ён з зімы хварэе — і не здыхае, і не аджывае. Хай бы дайшоў ужо. Састарэў, глухі, бяззубы.
— Вы хоць есці яму даяце?
— Альбо гэта парасё маленькае, што шчэ няньчыцца з ім. Свінні ядуць, дык і яму хапае. Праўда, дні два нешта не відаць на двары,— маці грукала вёдрамі, абмешваючы ў іх тоўчаную бульбу мукой — свінням.
Пятрок узяў некалькі бульбін у міску, раздушыў рукамі, даліў крупеняй з чыгунка на прыпечку, дабавіў малака і зноў пайшоў пад паветку.
I цяпер Жулік не адазваўся на голас. Толькі калі Пятрок зайшоў ад галавы і паставіў ля носа міску, ён расплюшчыў вочы, зірнуў на Петрака, але таго ажыўлення ці радасці, якія заўсёды былі пры сустрэчы, цяпер не паказаў. Сабака і не глянуў на міску, вочы самі заплюшчыліся. Ён рэдка і цяжка дыхаў, тады быццам раздаваўся ўшыркі, і рэбры выступалі пад скурай, як дручкі ў плоце.
Пятрок прысеў ля сабакі, падняў яго за галаву і сунуў мордай у міску. Жулік таргануў галавой, аблізаў пысу, хлебтануў з міскі разы са два. На большае не хапіла сілы, і ён сунуўся галавой узбоч міскі на выпрастаныя лапы. На каляных, як дрот, чорных валасах пысы засталіся вісець крошкі бульбы. Сабака саслаб так, што не меў сілы нават хлябтаць. Пятрок зноў узяў яго за галаву, задраў угору, расціснуў шчэлепы і пачаў з міскі ліць жыжку ў рот. Яна цякла па азызлаватых пакусаных губах, з куткоў рота на шыю і зямлю, але тое-сёе трапляла і ў глотку, і сабака сутаргава глытаў, мутнымі вінаватымі вачыма пазіраючы на Петрака. Калі на дне міскі засталася адна гушча, Пятрок шпурнуў міску на двор. На яе адразу ж наляцелі куры.
Пятрок узняў Жуліка на ногі:
— Ану пайшлі!
Ногі не трымалі сабаку. Ён вісеў на руках, як на вяроўках. Пятрок адпусціў рукі — сабака асеў на зямлю.
— Не, брат, так нічога не будзе.
Пятрок згроб сабаку за грудзіну і павалок на двор. Жулік і цяпер быў як нежывы, худы зад яго бязвольна валокся па зямлі, грабучы за сабой саломінкі, трэскі.
Сабаку калаціла.
— Ага, давай-давай, у пасцель, можа, цягні, — нязлосна сказала Петраку маці. Яна стаяла ў загарадцы ля хлява, выцірала мокрыя рукі аб спіну кабана, які хлэмкаў над карытам.
Пятрок падцягнуў Жуліка да плота і апусціў на зямлю:
— Хай паляжыць на сонцы, сагрэецца трохі.
Сабака ляжаў, заплюшчыўшы вочы. Праўда, ляжаў адзін ён нядоўга. Яго зараз жа акружылі кураняты, пазалазілі на спіну, на галаву, а адно ўпарта старалася скляваць з пысы бульбяныя крошкі. Хоць сабака і быў ледзь жывы, але яму надакучыла гэта дзёўбанне ў пысу, і ён гыркнуў на іх, клацнуў зубамі. Кураняты рассыпаліся куды каторае. Тут, у кутку паміж плотам і сцяной хаты, было зацішна, душна, і сабака спакойна заснуў.
Выйшла на ганак Ліля — босае чатырохгадовае дзіцянё ў чырвоных трусіках і блакітнай майцы; белае, як папера, незагарэлае цела; зажмурылася, узняўшы тварык угору:
— Ой, як багата сонца!
Працерла вочы, агледзелася кругом, убачыла Жуліка, закрычала радасна:
— Тата, сабака! У нас на двары сабака! Я вазьму ў бабы хлеба і прынясу яму.
— Ты спачатку сама паеш, а сабаку будзеш карміць пасля,— паказала з расчыненых дзвярэй галаву баба.— Ідзі, унучачка, паснедай!
Але малое ўжо было ля сабакі. Жоўтыя падушачкі броваў сабакі цяжка пайшлі ўгору — ён зірнуў на дзяўчынку — і зноў уніз: сціснуў павекі. З вока выкацілася і папаўзла па шчацэ мутная кропля.
— Тата, ён плача! Ты бачыў, ён плача! — Ліля прысела ля сабакі, пачала гладзіць рукой па галаве, па спіне.
— Пайшлі, дачка, паснедаем, а пасля і яму прынясеш што-небудзь — ці хлеба, ці кавалак рыбіны. Ён хворы, яму холадна. Ты ж бачыш, дрыжыкі ходзяць па ўсім Целе. Хай трохі ачуняе, адагрэецца. — Пятрок узяў дачку руку, і яны пайшлі ў хату, пакінуўшы Жуліка аднаго. го зноў акружылі кураняты.
Ліля ў хаце не забавілася, выбегла на двор са скібкай хлеба і рыбінай галавой у руках, паклала Жуліку пад нос. Ён панюхаў і хлеб і рыбіну, але есці не стаў ні тое, ні другое — зноў ткнуўся пысай між лап. Колькі разоў ён расплюшчваў вочы, мусіць, для таго, каб зірнуць на Лілю, хоць гэтым аддзячыць ёй за клопаты. А яна ўжо як прырасла да яго: гладзіла па галаве, па спіне, адганяла куранят...
— Кінь ты, унучачка, гэтага здыхляка, хай яго ваўкі задушаць. Пабач, які ён шалудзівы. Выпэцкаешся, поўсцю ўся абчапляешся,— не пакідала надзеі прагнаць унучку ад сабакі баба. Ды дзе там!
— Ай, баба Маша. Я буду з ім гуляць.
— Што-та за гульня з сабакам,— непрытворна зазлавалася баба Маша.— Мо шчэ якую хваробу прывалок на сабе ці кляшчоў. Бяжы на лужок, унучачка, матылькоў палаві — іх там чоршта лётае...
Але Ліля нічога не хацела слухаць. Падышоў Пятрок.
— Мама, а дзяцей тут няма нічыіх? Каб пайшла, пагуляла?
Ён з дачкой прыехаў да маці ўчора ўвечары і не паспеў яшчэ агледзецца.
— На тым пасёлку ёсць. У Жэні, у Гэлькі, у Аркадзі. Там ёсць. А тут... Адкуль яны будуць. Сядзяць адны старыя карчы, дажываюць век. Вольчына Зіна была, раней прыязджала, прывозіла хлопцаў сваіх. Мусіць, з месяц бегалі на вуліцы. Такія добрыя хлопцы, пазагаралі, цёмныя сталі, як смоль, дык во ў гэтую нядзелю якраз прыехала па іх на машыне, забрала. Што ўжо голасу было, плачу — надта не хацелі ехаць. «Бабачка, міленькая, мы з табой будзем, і кароў будзем адпасваць, і курэй ганяць, усё-ўсё будзем рабіць, што загадаеш...» Надта не хацелася ім ехаць... Дзеці, а тут ім воля вольная,— і лес іхні, і луг, і поле, і канава... Якая яна, ды ўсё ж вада, параздзяюцца дагала, канаву перагародзяць дзёрнам і плешчуцца дзень цэлы, не вылазяць з вады... I ты б узяў яе, ды прайшлі б на канаву ці ў лес...
— Баба, не гаварыце так моцна, а то Жуліка пужаеце. Ён баіцца вашага голасу, бачыце, як уздрыгвае, — перабіла бабу Машу Ліля.
— Жыў будзе твой сабака па гэтым, — як дарослай, сур'ёзна адказала баба Маша. — Ён глухі, нічога не чуе, а ўздрыгвае, то мо ўжо даходзіць. — Яна зірнула на сабаку, потым на Петрака, усміхнулася. — Дастаецца ж яму ўсюды, беднаму, болей, чым каму. Летась са свайго вяселля прывалокся, дык думала, ужо ўсё, ка-а-пец. Нехта бок прапароў і галаву разбіў. Ды жывучы, пранцы яго ведаюць. Паляжаў на сене, паскуголіў трохі, залізаў раны і зноў пайшоў. Кажуць жа, зажывае, як на сабаку. Адыдзіся ты, унучачка, няможна глядзець, як ты гладзіш яго. Бач, поўсць вылазіць на ім, клоччам вісіць. Адыдзіся... I ты маўчыш, не можаш загадаць,— зазлавала на сына.— Знайшлі забаўку ля здохлага сабакі...
Пятрок кіўнуў галавой, але нічога не сказаў ні ёй, ні дачцэ, пайшоў у хату. Маці тыцнулася па двары туды-сюды, дачакалася, калі ішлі на сена бабы з граблямі, і пайшла з імі. Неўзабаве і Пятрок выйшаў на двор. Узяў пад паветкай скрынку з цвікамі, малаток, сякеру, пайшоў на гарод — паднаўляць частакол. Стукаў малатком, кратаў рукамі кожную частаколіну, дзе заганяў новы цвік, дзе забіваў глыбей стары, у колькіх месцах прыбіў новыя колікі — старыя патрухлелі...
Пятрок сам некалі прынёс яго, тоўстага, круглага, як тугі скрутак воўны, шчанюка на кароткіх слабых лапах — у іх не ставала пруткасці нават трымаць сваё кароткае цельца. Было гэта гадоў чатырнаццаць таму назад. Пятрок яшчэ хадзіў у школу — ці не ў восьмы клас. Ён быў якраз у Івана Кнігі, пасабляў згружаць з трактарнага прычэпа дровы, а ў таго дні са тры назад ашчанілася сучка,— як сляпыя краты, поўзаюць па ёй малыя, аж шэсцера. Петраку прыпаў на вока гэты куртаты светла-руды і зусім бездапаможны цяльпук. Трымаць цела не меў сілы, а паспрабаваў Пятрок падражніцца, пстрыкнуў разы са два па носе — агрызнуўся, учапіўся ў палец, што там учапіўся — якія там зубы і сіла! «А ты, брат, з норавам!» — пахваліў шчанюка Пятрок. «Бяры, калі ўпадабаў, мне што, хіба шкода, усё роўна тапіць трэба несці...» — ухмыльнуўся Іван Кніга. Пятрок укінуў шчанюка ў шапку і панёс дамоў.
Так і застаўся жыць. Надта хітрае, жулікаватае было сабачанё з вясёлымі, жывымі вачыма. Жулікаватае... Нейкім далёкім нутром сваім яно чула, што калі выпадак аднойчы падараваў нечаканае шчасце — пакінуў жыць, Дазволіў бегаць па зямлі, мець свой голас і зубы, — то за гэта шчасце трэба змагацца, заўсёды і ўсюды, чым і як даводзіцца.
Жулік быў сабака хітры і разумны. Ён рана пачаў дзяліць людзей на «чужых» і «сваіх» — тых, хто падабаўся гаспадару, Петраку, ці не падабаўся, і ў залежнасці ад таго, да «чужых» ці «сваіх» чалавек належаў, ён і сустракаў: ці пагрозлівым і непрымірымым «Р-р-р!!!», ці прывітальна-ветлівым — тут можна было і хвастом вільнуць, і голас расцягнуць да радаснага падвывання — «Гаў-гаў-гаў!..».
Канечне, навука гэта давалася няпроста, і ці адзін раз адлятаў Жулік ад ганка, адкінуты цвёрдым, як камень, ботам самога ж Петрака, але кожны новы ўрок рабіў яго мудрэйшым. Жулік вельмі скора навучыўся распазнаваць людзей — па вачах. Ці ён баіцца, ці смела ідзе, ці ён шчыры, адкрыты, ці тоіць хітрыкі... Сама горай не любіў Жулік тых, хто асцярожненька ступаў на двор, з гэтакім прыніжаным, прыгорбленым «цюцька-цюцька...». I тут .Пятрок нічога не мог зрабіць з ім. Спачатку не мог, а пасля дык і не хацеў: Жулік рэдка калі мог узненавідзець каго без дай прычыны.
Рознага дастаў Жулік на сваім вяку — і смешнага і балючага. Лёгка, як у сваю будку, заходзіў у чужую хату — лапай прыпадыме клямку, адчыніць дзверы адны, другія, паваліць засланку, і калі блізка стаяў чыгунок з якой ядой — то гэта ўжо было яго.
Адзін раз дык Пятрок сам быў сведкам, як Жулік украў цэлую свіную галаву. У таго ж самага Івана Кнігі. Мужчыны панеслі абсмаленую тушу ў хату, а галаву паставілі на шулу, на снег, каб кроў сцякала ды застыла трохі сала. Жулік толькі і цікаваў гэтага моманту. Хаваючыся за шулой, каб ніхто не ўгледзеў з хаты, ён падкраўся да галавы, стаў дубка, але і тады не мог дастаць да галавы. У другі раз Пятрок, мусіць, умяшаўся б, а тут паляўнічы азарт захапіў і яго: што будзе далей? А далей было даволі проста. Спачатку Жулік спрабаваў лапай скінуць галаву з шулы, ды галава сядзела моцна. Тады ён пачаў танцаваць, падскокваць, каб дастаць зубамі. Смяшней танца Петраку не даводзілася бачыць... Можа, на які дзесяты раз Жуліку ўсё ж пашанцавала: галава шухнула ў снег. Тут ужо ён не даў маху: упіліўся ў вуха і павалок за хлеў, а адтуль — у кусты...
Відаць, лепшага смятанніка, як Жулік, таксама не было сярод сабак. Адчыніць стопку, скінуць накрыўку з гладышкі — ці шмат навукі трэба! Праўда, даставалася і тут ці чапялой, ці колікам, а адзін раз і вілы ўсадзілі ў сцягно... Тыдні са два пралежаў ён тады дома, пад паветкай, гоячы раны...
А то ледзь не трапіў ваўкам на абед. Страшная была зіма тады, марозная, галодная, самая Піліпаўка. Пятрок тады кожны вечар хадзіў да Назара Цмыгі — няўдалага паляўнічага і пустога гаваруна. Сядзелі вечарамі, байкі баялі. Байкі байкамі, а ў Назара была дачка Анюта, і гэта да яе хадзіў Пятрок.
Кожны вечар разам з ім бег і Жулік. Петрака ён чакаў пад лазняй, што стаяла за соткамі ў самым сасонніку. Тут ваўкі і аблажылі яго. Якім шчасцем Жулік вылузнуўся з іх зубоў — а было ваўкоў аж чатыры,— аднаму яму вядома. Праз дзірку ў плоце ён ускочыў у двор. Сенцы не былі зашчэплены, і Жулік уляцеў у іх, а там — на дзежку, з дзежкі — на печ — зімой у сенцах не жылі і ў печы не палілі,— і ўжо там, на печы, даў волю голасу: завыў адчайна і жаласна — так, што аж страшна стала людзям у хаце. Усе выскачылі ў сенцы, запалілі святло і ўбачылі Жуліка. Нават і тады ён баяўся злазіць з печы.
Не адзін год Жулік быў першы на сабачых вяселлях. Тут яму памагалі і сіла, і магутныя іклы, і вёрткасць. Ён не ведаў сабе роўных, пакуль у Назара Цмыгі не вырас паджары, з рудавата-цёмнымі панурымі вачыма ганчак. Некалькі гадоў яны рэзаліся як не насмерць і перамагалі то адзін, то другі, але маладосць нарэшце ўзяла сваё — ганчак адцёр Жуліка. З гэтай новай роллю Жулік доўга не хацеў мірыцца і на кожным вяселлі «паказваў зубы», але гэта ўжо была не тая ярасная і адчайная разня першых гадоў суперніцтва, а проста абарона былога гонару і былой славы — без крыві і вырванага клочча шэрсці. Узрост браў сваё.
Апошнія гады да ўсяго іншага прыйшла і глухата.
Пятрок прайшоў плот ад вуліцы, завярнуў пад поплаў. Час блізіўся пад абед, было душна, і Пятрок падумаў пра тое, што цяжка будзе жонцы ў аўтобусе, калі надумае сёння ехаць.
Высока ў сівой духаце неба, крута заломваючы кругі, плаваў коршак. Здавалася, на зямлі яго мала што цікавіла, — птах проста вылецеў пагуляць, пазабаўляцца, праверыць пругкую сілу распасцёртага крылля. Але Пятрок ведаў, што коршак будзе кружыць так гадзіну, другую, спакойны і ўпэўнены ў праваце дадзенай яму прыродай сілы, і што на зыходзе гэтай ці другой гадзіны рошыцца лёс якой-небудзь жывой істоты,— можа, беднай перапёлкі, ці жаўранка, ці нават курыцы, — але Петраку не хацелася ісці па ружжо, каб пужнуць яго адсюль.
Прыбегла Ліля, стала перад бацькам, склаўшы, як старое, ручкі на жываце: навучылася ад бабы Машы.
— Тата, а Жулік ужо хлеб есць і ўстае на пярэднія лапы, — сказала і светла пазірала на бацьку, і вачаняты яе аж гарэлі ад радаснага ўзбуджэння.
— Добра, дачка. Раз пачаў есці хлеб — будзе жыць. — Пятрок прыгарнуў дачку да сябе.
— Я яму адзін раз прынесла хлеба, і ён увесь яго з'еў, а другі раз не ўвесь з'еў, дык куры ў яго абклявалі.
— Нічога, ён гэтым курам яшчэ пакажа, дзе ракі зімуюць.
— Ага, хай пакажа. — Дачка пабегла назад, у двор, узбіваючы на дарозе пыл лёгкімі ножкамі. Пятрок пайшоў да канавы. Ішоў, блытаючыся нагамі ў канюшыне, сеў на бераг канавы, спусціў разутыя ногі ў ваду, што струменілася па пясчаным дне. Вада халадзіла ногі, абмывала іх, і разам з халадком, з гэтым шаўкавістым казытаннем вады, разам з даўкім, гарачым пахам торфу і разамлелых кветак прыйшло адчуванне дабрыні і спакою. Пятрок даўно ўжо жыў у горадзе і нізавошта не вярнуўся б жыць у сяло, хоць і любіў прыехаць «падыхаць свежым паветрам». Жыць — не вярнуўся б, бо цяпер усё яго жыццё было там, у горадзе, і ён сам увесь быў там, але нейкая маленькая часцінка яго засталася тут, і без яе ён не мог жыць.
Пятрок ляжаў, адкінуўшыся на спіну, галавой на мяккай травяной купіне. Ногі ў вадзе, над ім срабрыста-белае неба, і думкі яго плылі, як гэта мяккая халодная вада. На нейкае імгненне Петраку здалося, што ён чуе, як нетаропка цячэ час — спакойна, ціха, вечна, сам сабой. Гэта было незвычайнае адчуванне. Ён адначасова адчуў сябе і хлапчуком, як яны некалі хадзілі з маці на балота збіраць журавіны і, натомленыя, прысаджваліся на мяккіх махавых купінах адпачыць, апусціўшы ногі ў расквашаных лапцях у балотную халодную ручаіну, і з імі быў Жулік — зусім малады, вясёлы, з жывымі адданымі вачыма; і бацькам — маладым і шчаслівым ад таго, што ў яго ёсць вялікая радасць, гэты жывы камячок — Ліля; і мужчынам, у якога ёсць жонка, якую ён кахае, а яна яго; і яшчэ некім, большым і мацнейшым, хто аб'ядноўваў разам усё гэта і яшчэ шмат што. I яго роднае сяло, ад якога ён адвыкае, адвык ужо, якое ён перастае любіць, хоць сам і стараецца ўгаварыць сябе любіць яго, бо яно ўжо нечым злуе яго, нечым не падабаецца яму, можа, тым, што не падобна на горад, што сюды нязручна дабірацца. У трох кіламетрах адсюль, за ляском, белай сілікатнай пірамідай узрасла воданапорная вежа, а каля яе выстраіліся двухпавярховыя і аднапавярховыя цагляныя дамы,— гэта туды перасяляюцца, у каго стае сілы і смеласці, пасялкоўцы.
Там, дзе бялее, быццам плыве над зялёным грабянцом лесу, белая вежа — цэнтр калгаса, туды перацягваюцца астаткі брыгады, і, відаць, хутка давядзецца пераязджаць і маці, разламаць гэтую старую хату і хлеў на дровы.
Пятрок устаў, пайшоў у двор. Жулік спаў. Толькі цяпер ён ляжаў у цяньку, ля варот: схаваўся ад сонца. Ён праспаў увесь дзень, цяжка і неяк вінавата ўзнімаў вочы на Петрака, калі той спыняўся ля яго. Пятрок два разы карміў яго. Пад вечар Жулік устаў на ногі, стаяў, хістаючыся, на трох лапах, падкурчыўшы пярэднюю: відаць, нехта добра ўгадзіў па ёй. Ногі яшчэ былі слабыя, зад вадзіла ў бакі, і сабака зноў лёг. Лежачы абнюхаў куст пырніку, малакроўную бледна-зялёную сцябліну лебяды, што выбілася праз шчыліну з агарода ў двор. Абнюхваў доўга, варушачы ноздрамі, быццам усё гэта бачыў першы раз у жыцці. Узяў травіну на зуб, паспрабаваў жаваць, пусціў зялёную сліну...
Начаваць Жулік не пайшоў пад паветку, застаўся ля плота.
Назаўтра ён ужо зрабіў некалькі кругоў па двары, але больш ляжаў, набіраючыся сілы. Ліля зноў не адыходзілася ад яго. Жулік дазваляў ёй рабіць з сабой усё, што яна хацела.
Ля Жуліка і застала яе маці, калі пад вечар заявілася з аўтобуса, убачыла і аж спалохалася: божа мой, што робць яе мілае дзіця — гуляе з нейкім аблезлым сабакам. Схапіла яе на рукі, панесла ў хату, доўга мыла і рукі і твар цёплай вадой з мылам. А вярнуўся Пятрок — ён хадзіў якраз у лес, — наляцела на яго: як ты можаш дапусціцца да такога, бацька называецца... — і пайшла, і пайшла... Пятрок пазіраў на яе, усміхаўся. Ён ведаў жонку, ведаў яе раўнівую любоў да дачкі, яе хваравітыя страхі: каб хаця з ёю нічога не здарылася, спытаўся пра другое: «Як даехала?» I Марына пачала расказваць, як ёй пашанцавала: толькі сышла з аўтобуса — ідзе машына сюды, на брыгаду, і нават было месца ў кабіне, словам, з дарогай усё было добра, але прыйшла з поля маці — Марына зноў успомніла сваё.
— Мама, вы толькі падумайце: заходжу ў двор, бацькі няма, недзе шлындаецца па лесе, а Лілечка гуляе з гэтым сабакам... А ў яго, можа, хвароба якая?
— А з кім ёй тут гуляць? — чамусьці зазлаваў Пятрок.
— Як з кім? З дзецьмі.
— Няма тут дзяцей, Марыначка. Трэба ісці на той пасёлак, там ёсць... А тут адны старыя,— нечакана падтрымала Петрака маці. — А якая хвароба можа быць у сабакі? Жыве разам з намі, і ходзіць разам са свіннямі, і есць з імі.
— Ай, мама, што вы гаворыце? Хай бацька меней па лесе шастае, а болей з дзіцем забаўляецца. — Яна зірнула ў акно і пабялела: ля плота ляжаў Жулік, а Ліля сядзела ля яго і ўплятала стужку ў хвост. Марына вопрамеццю выскачыла ў двор, схапіла дачку на рукі, турнула нагой Жуліка і, лупцуючы малую, прыпёрла ў хату.
— Вы толькі паглядзіце, што яна вырабляе! Толькі што пераадзела ва ўсё чысценькае. Божа мой, уся ў поўсці, уся ў пяску, у зелені. — Марына сама плакала, плакала Ліля, вырываючыся з рук, крычаў Пятрок. У хаце стаяў такі гвалт, што маці махнула рукой і пайшла ў грады: разбірайцеся самі, як хочаце...
Хвілін праз пятнаццаць у хаце ўсё ўляглося, і ўсе ўтраіх — Пятрок, Марына і Ліля, пераапранутая ў новую сукеначку, з новым банцікам на галаве — выйшлі на вуліцу і пайшлі ў бок лесу. Усё мірна і ціха было ў гэтай маленькай сям'і. Марына расказвала пра дарогу, пра тое, як начальнік участка не хацеў даваць ёй водпуск і як яна ўсё ж настояла на сваім. Пятрок слухаў яе. Толькі Ліля ўвесь час круціла галоўкай, азіралася на бабін двор, дзе пад плотам застаўся ляжаць хворы Жулік.
Ад'язджаў Пятрок назаўтра пад вечар. Ехаць рашыў цягніком, што ішоў ноччу, каб раніцай паспець на працу. Выйшаў за пасёлак, азірнуўся назад: метрах у дваццаці за ім, угнуўшы галаву да зямлі, куляўся на трох нагах Жулік. Ён узняў галаву толькі тады, калі да Петрака засталося метраў з пяць. Прыпыніўся, завіляў хвастом. Пятрок падазваў яго, пагладзіў за вушамі. Жулік цягнуўся галавой угору, намагаючыся лізнуць Петрака ў твар.
— Ну, а цяпер марш дамоў! — загадаў Пятрок. — Марш дамоў!
Жулік адскочыў убок. Ён стаяў на трох нагах, трымаючы перабітую на вісу. Пазіраў на Петрака, быццам не разумеў, што той хацеў.
— Дамоў! — яшчэ раз сказаў Пятрок і пайшоў сам, адразу ўзяўшы шырокі спорны крок. Азірнуўся адзін раз — Жулік стаяў на тым жа месцы. «Хай ідзе назад. Куды ён з перабітай нагой»,— супакоіў сябе Пятрок, быццам перад некім апраўдваўся. Але калі кіламетра праз паўтара, узбіраючыся на пагорак, Пятрок азірнуўся, то ззаду, метраў за дзвесце, убачыў Жуліка — той размерана куляўся ўслед па дарозе. Убачыў, што Пятрок стаіць, прыпыніўся, стаяў, высалапіўшы язык. Пятрок паклікаў яго. Жулік наблізіўся метраў на дваццаць, звярнуў да канавы, пачаў хлябтаць ваду, цікуючы вачыма за Петраком. Пятрок пайшоў далей, і Жулік зноў закуляўся за ім. Так яны і ішлі, як прывязаныя адзін да аднаго, не збліжаючыся: варта было Петраку стаць, як зараз жа прыпыняўся і Жулік, Пятрок ішоў далей — ззаду куляўся і Жулік...
Ісці трэба было праз сяло. Кіламетры на два выцягнулася яно па хрыбце невысокага і даволі роўнага пагорка. Час быў перадвячэрні, сонца толькі што зайшло, на вуліцы было шмат людзей — то групкамі па пяць-шэсць чалавек, то па адным яны сядзелі на лавачках, уважлівымі позіркамі праводзілі Петрака. Сяло стаяла недалёка ад чыгункі, і людзі здагадваліся, куды ідзе гэты чалавек... Недзе пасярод сяла на вуліцы хлапчукі гулялі У футбол. Пятрок ледзь прашыўся праз іх крыклівы і бегатлівы натоўп, падумаў, што Жуліку тут не прарвацца, футбалісты яго не прапусцяць. «Хай ідзе дамоў»,— зноў супакоіў сябе. I праўда, праз нейкі час пачуў ззаду крыкі, галёканне. З такім азартам і гвалтам хлапчукі маглі сустрэць толькі незнаёмага сабаку... Крыкі неўзабаве сціхлі, і Пятрок спакойна пакрочыў далей. Канец вёскі пераходзіў у грэблю, за якой пачынаўся даволі круты пад'ём на новы пагорак, за якім ішоў лес. За гэтым лесам і была чыгунка. На паўдарозе да лесу Пятрок раптам пачуў ззаду галасы сабак. Азірнуўся: у кустах на грэблі ішла валтузня, чулася гырканне, мітусіліся цені. Гырканне сціхла, і з кустоў выскачыў Жулік, але яго ў некалькі скачкоў дагналі два чужыя сабакі, і ўсе тры, скруціўшыся ў клубок, пакаціліся па зямлі. Пятрок кінуўся на дапамогу Жуліку. Сабакі так раз'ятрыліся, што не чулі, як падбег Пятрок. Ён нагой адкінуў аднаго з іх, другога, яны заякаталі, ірванулі наўцёкі. Жулік сядзеў на зямлі, залізваў пакусаны бок.
Далей яны ішлі, як гэта было заўсёды раней, калі Жулік быў маладзейшы, а Пятрок жыў у вёсцы: Жулік то пераганяў Петрака, то адставаў, то ішоў нага ў нагу. У лесе было цёмна, дарога цьмяна жаўцела ўперадзе, і Петраку было прыемна чуць то спераду, то ззаду, то збоку размераны сухі шоргат і бачыць круглы цёмны цень...
У станцыі людзей было мала, да адходу цягніка было болей дзвюх гадзін, і Пятрок выйшаў на двор, да Жуліка.
— Ну, а цяпер ідзі дамоў, — сказаў яму мяккім, лагодным голасам: яму і самому не хацелася разлучацца з сабакам. Ён пагладзіў яго за вушамі, па худой спіне, зноў паўтарыў: — Ну, ідзі...
Падышлі да водаправоднай калонкі. Пятрок пусціў ваду, напіўся сам, напіўся Жулік — з бетоннага жолаба.
— Ну, марш дамоў,— ужо строга загадаў Пятрок, падштурхнуўшы сабаку наперад, і Жулік пабег.
Пятрок вярнуўся ў вакзал, прылёг на лаўцы. Заснуў ён непрыкметна, забыўшыся на заўсёдны дарожны клопат: каб хаця не праспаць. Прачнуўся ад адчування, што вельмі цёпла стала ў твар, быццам падзьмуў аднекуль цёплы вецер. Потым нехта далікатна правёў мяккім па шчацэ, па губах... Пятрок расплюшчыў вочы: між лавак, пысай ля самага Петраковага твару, стаяў Жулік. У слабым паўзмроку цьмянага святла, што ішло са столі ад дзвюх лямпачак у вялізным пяціражковым люстры, мокрымі крышталікамі антрацыту блішчэлі яго вочы.
Дзверы ў станцыю былі адчынены.
У Петрака перахапіла дыханне.
Яны выйшлі на двор. Тут было халаднавата, высыпалі зоркі. Пятрок правёў Жуліка цераз пуці, яшчэ раз загадаў:
— Ну, ідзі дамоў. Ідзі!
Цяпер Жулік адразу закуляўся па сцежцы і неўзабаве прапаў у цемры. Пятрок вярнуўся ў станцыю: была пара браць білет.
Неўзабаве ён атрымаў пісьмо ад Марыны.
«У сяле вельмі добра, у лесе шмат чарніц, нават пайшлі баравікі,— пісала яна, прасіла, каб і ён прыехаў хоць на дзень-другі. А ў канцы пісьма было і пра Жуліка: — Жуліка нашага ўжо няма. Са станцыі ён тады вярнуўся, а праз некалькі дзён як быццам і зусім паправіўся. Ліля ад яго не адыходзіла — і карміла, і паіла. А пасля неяк раніцай, калі мама пайшла на работу, пайшоў з двара і ён. Пайшоў і не вярнуўся. Не вярнуўся ні назаўтра, ні напаслязаўтра. Няйначай, здох недзе. I ведаеш, не стала яго, і мне яго стала шкода. А ўжо Ліля, дык тая дні тры месца сабе не знаходзіць, і плача, і кліча яго, і ўпрошвае вярнуцца: ёй здаецца, што Жулік пайшоў ад нас таму, што мы пакрыўдзілі яго...»
Жулік застаўся Жулікам. Відаць, чуў блізкую смерць і, як усякі добры сабака, сышоў з двара, каб і смерцю сваёй не даваць лішніх клопатаў гаспадарам.
У адзін з марозных зімовых дзён Пятрок ішоў па добра ўезджанай многімі машынамі дарозе ў сяло. Ішоў і час ад часу спыняўся, адхінаў паліто, заглядваў за пазуху. Там, добра прыгрэўшыся, выцягнуўшы востры носік угору, сядзеў чорна-белы шчанюк з вясёлымі жывымі вачыма. Аддаючы яго, гаспадары казалі, што гэта чыстапародная лайка. Петраку ж больш за ўсё падабаліся гэтыя хітрыя, разумныя, быццам з балтыйскага бурштыну, рудавата-жоўтыя вочы.
1974