1
Палохае мяне гадзіннік пясочны,
Стрэлка секундная,
Дванаццаты ўдар апоўначы,
Тэлефонны званок сярод ночы.
Выгнаннікам адчуваю сябе
У натоўпе вялізным
І кожнаму стрэчнаму рады
Дзе-небудзь у лесе ці ў полі.
2
Яшчэ ўчора, табой аблашчаны,
Меў я крылы, і зоркі, і неба,
Меў цябе і сонца.
Птушкі адляцелі ў вырай.
Хмары пахмурныя вяшчуюць ноч.
...Як цяжка быць вязнем
Сваіх успамінаў!
3
Адпачнём з дарогі.
Дойдзем толькі
Вунь да таго ўзгорка,
Што падпірае зорнае неба.
Распалім касцёр –
Хай пагрэюцца зоркі.
Самую сквалчэлую, як птушанятка,
За пазухай адагрэю.
4
Чуеш, спяваюць зоры,
Якія дзіўныя галасы
У гэтым нябесным хоры!
Журлівыя, светла-звонкія,
Натомленыя, як дзіцячыя, – тонкія.
Самотныя, бесклапотныя,
Радасныя, гаротныя.
Чуеш, спяваюць зоры.
Якія дзіўныя галасы
У гэтым нябесным хоры!
5
Крылы свае адагрэўшы на ўзгорку,
Як дзікія галубы, пырхнулі зоркі.
Пырхнулі зоркі і ў небе расталі,
А нашу журбу з сабою не ўзялі.
Пойдзем, каханая, сцежкай надрэчнаю,
Недзе пад вечар нагонім зоры.
Пойдзем, каханая, першаму стрэчнаму
Скажам: «Дзень добры!»
Похожие статьи:
Пераказы → Зямля круглая
Язэп Пушча → Язэп Пушча - Зоры мітусяцца, свецяць
Пераказы → Купальскія светлякі
Пераказы → Сузор’і
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - Ноч на Прыпяці і казка пра зоркі