Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Творчасць Анатоля Вялюгіна

   Анатоль Сцяпанавіч Вялюгін нарадзіўся 27 снежня 1923 г. у вёсцы Машканы Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. Займаўся на рабфаку ў Віцебску, затым на літаратурным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута (1939-1940) і адначасова працаваў у газеце «Звязда». На пачатку вайны ён апынуўся далёка ад Беларусі: з верасня 1941 г. вучыўся ў Свярдлоўскім педінстытуце. Неўзабаве А. Вялюгіна мабілізавалі ў армію: яго накіравалі ў Луганскую авіяшколу. Пісьменнік ваяваў на Сталінградскім фронце, быў цяжка паранены і доўга лячыўся ў шпіталі. У 1945-1946 гг. працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва». Больш трыццаці гадоў узначальваў аддзел паэзіі ў часопісе «Полымя» (з 1946 па 1984 гг., з невялікімі перапынкамі).
   Анатоль Вялюгін уганараваны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі (1968), атрымаў званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі (1969).
   За гады літаратурнай дзейнасці паэт выдаў шматлікія вершаваныя зборнікі. Том выбраных твораў «З белага камення – сіняе пламенне» (1993) з’яўляецца своеасаблівым творчым падрахункам аўтара і сведчыць пра крытычнае пераасэнсаванне Анатолем Вялюгіным сваёй творчасці савецкага часу.
   Трэба таксама адзначыць, што пісьменнік актыўна займаўся мастацкім перакладам, а яшчэ стварыў сцэнарыі двух мастацкіх і сарака дакументальных фільмаў.
   Творчасць Анатоля Вялюгіна ў пасляваенны час вылучалася вобразнай свежасцю, пошукам новай паэтычнай мовы. А гартавалася яго слова ў віхуры ваенных гадоў, пра што добра сказаў Рыгор Барадулін: «Анатоль Вялюгін – пачатак радка нашага акрыленага, уздужалага і памужнелага ў суровых выпрабаваннях беларускага верша». Вось які драматычны вобраз стварыў паэт у далёкім 1941 г.:

 

... Краю любы,

ты гарыш у памяці жывой,
як сланечнік

па-над стромай згубы

з сонечнай прабітай галавой.
Сланечнік з прабітай галавой»)


   Наперакор гладкапісу, спрошчанасці і схематызму, якія панавалі ў тагачаснай паэзіі, Анатоль Вялюгін імкнуўся прэзентаваць якасна новую культуру паэзіі. Ён дэманстраваў адмысловыя эстэтычныя ўзоры верша, узбагачаў мастацкую свядомасць, будзіў і пашыраў чытацкае ўяўленне.
   У прадмове да пасмяротна выдадзенай кнігі А. Вялюгіна «Заклён на скрутны вір» (1995) паэт У. Някляеў зазначыў: «Майстар, ён у павагу браў найперш майстэрства». А яшчэ раней Міхась Стральцоў пісаў, «што мастацтва Анатоля Вялюгіна вельмі высокай пробы і зайздроснага, ні ў кога не пазычанага майстэрства». Гэты беларускі аўтар – таленавіты мастак слова, паэт яркага вобразна-метафарычнага мыслення. Для яго манеры пісьма характэрна незвычайная экспрэсіўная выяўленчасць слова. Вось адна з эстэтычна тонкіх і эмацыянальна непасрэдных выяў навакольнага свету:

Сонца звініць – залатая пчала,
вісне над кронаю.

Ад радасці вочы мае расцвілі,
пагодныя, памаладзелыя:
на шэрай,

як пер’е,

цёплай раллі

Яблыня белая.
Сады зацвілі...»)


   Метафара – каралева ў паэзіі А. Вялюгіна. З жывапіснай сакавітасцю ствараў ён вершы-замалёўкі і разгорнутыя пейзажы. Вобразны свет паэта поўны буйства фарбаў, колераў, пахаў, вабіць сваёй дзівоснасцю і хараством: «Белазорае бабіна лета // у гародчыку расцвіло», «...Паглядзі: // запаліць свае зоры // зноў наважыўся белы бэз», «Золкай ноччу духмянае вецце // стукне ў шыбу – харошы госць!» («Белазорае бабіна лета...»); «Па ярах сумётамі – белая чаромха», «Чуеш, малады, / / як шуміць у белым / / бацькаўшчына наша», «...п’яны цвет чаромхі... // песня... // халады» («Чаромхавыя халады»). Паэт вельмі любіў чаромхавую квецень і птушыныя спевы: «Лясной чаромхі шугавея – // ад паху салавей!» («Салаўі»).
   Суб’ектыўная асацыятыўнасць А. Вялюгіна, у сваёй аснове сюррэалістычная, уражвае смеласцю і нечаканасцю: «Там, дзе ў лузе з любай / / мёд пілі пчаліны, / / закусілі губы / / да крыві каліны» («Летнік»); «...бліснуць цёплыя пяскі, як дзясны // абмялелае ракі» («Лета»); «Аповесць мора – на граніце / / шчарбатых заімшэлых пліт...», «...Бурліць раўнівы, цяжкі, у белай шапцы, вал» («Рыбацкі могільнік») і інш. Вялюгінскую асацыятыўна раскаваную метафорыку ў свой час не разумелі асобныя крытыкі, лічылі яе мудрагелістай і незразумелай для чытача. Так, у адным з артыкулаў не віталася «прыўнясенне мадэрна ў лірыку прыроды» (П. Пестрак). Чытаючы творы Анатоля Вялюгіна, напісаныя ў другой палове 80-х – 90-я гг., можна падзівіцца «святлу метафар залатых» («Псалом паэзіі»), заточанасці рыфмы, кінематаграфічнай аб’ёмнасці створаных карцін і малюнкаў, магутнай архітэктуры верша:

 

На сконе дня за часам дымнагрывым,
калі заціх пяхоты абмалот,
на сыпкім зрэзе жоўтага
абрыву мігціцца беражанак востры лёт.
(«Заклён на скрутны вір»)


   Паэт Анатоль Вялюгін меў выключны музычны слых. Яшчэ адна вызначальная рыса яго паэтычнага стылю – меладычнасць, яркая гукапіснасць. Узнёсла-ўрачысты гімн красе прыроды гучыць у вершы «Спелы бор». Лес паўстае як святліца, храм, які напаўняе велічная музыка аргана:

З усіх сабораў ёсць сабор,
дзе згодзен я маліцца:
у спелым леце, спелы бор,
звіняць твае званіцы.
(«Спелы бор»)


   Гукавая выверанасць радка, пластычнасць пісьма вызначае паэтычны лад верша «Квітнее сон». Узвышаная вясновая музыка, поўная руху і жыцця, мяжуе з філасофскім адчуваннем вечнасці:

Ліловы квет, у цвеце сон,
сцюдзёны скрыгат крыг, –
чароўны Грыг!
Астральны звон,
крануўся промняў Грыг.
Ляшчыны дым, грачыны крык
на скібы баразён –
вясна гартае чарнавік
маіх астатніх дзён.


   Музычнасць вялюгінскага стылю тонка адчуў кампазітар І. Лучанок, які стварыў на вершы паэта цудоўныя песні «Бярозка», «Закасі мае вёсны».


Крыніца: Бельскі А. І. Класікі і сучаснікі ў школе: Дапам. для настаўнікаў. – Мн., 2005.

Похожие статьи:

Анатоль ВялюгінАнатоль Вялюгін - Лета

Анатоль ВялюгінАнатоль Вялюгін - Белазорае бабіна лета...

Анатоль ВялюгінАнатоль Вялюгін - Дзіва

Анатоль ВялюгінАнатоль Вялюгін - Сланечнік з прабітай галавой

Анатоль ВялюгінАнатоль Вялюгін - Сады зацвілі...