Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Анатоль Вялюгін - Прызнанне ў любові

Я заўсёды баюся
напышлівых выцвілых слоў,
што звіняць,
як жабрацкая медзь
у асенняй журбе.
Столькі год на падбор
словы плавіць
гарачая кроў,
каб я мог
у любові, нарэшце,
прызнацца табе,
Беларусь –
мая маці і мова,
паветра і хлеб!
Гэта ўзважана сэрцам,
на нервах расстайных дарог,
дзе не раз пад агнём
задыхаўся ад дыму і слеп,
даставаўся здалёку,
слязою апёкшы парог.

Я не помню,
якою парою
навек палюбіў:
калі верасам сінім
гарэлі трывожна лясы,
калі першы кляновік
з лядзінкамі вострымі піў,
калі скублі заснежаны стог
у зарэччы ласі,
ці тады,
як бахматы
пад чорнаю хмараю воз
асцярожна, дрыготка
ішоў па старому мастку,
і чаплялася сена
на вецце самлелых бяроз,
і маланак святло
апаліла душу хлапчуку?..

Першы след.
Ён дагэтуль
за сенненскай вёскай відзён,
дзе прывабіў падпаска
ў рамонкавых росах папар.
Я ад першай радоўкі
чытаю да сённяшніх дзён
родных ніў і світанняў
хвалюючы мудры буквар.
Ды не ўявіш сягоння цябе
без гранітных абноў,
і пявучых турбін,
і вядомых у свеце машын,
без лясных генералаў
і трох Беларускіх франтоў,
што ішлі на Берлін
і пакінулі ў тыле Берлін.
Шчасце –
маці такую любіць,
гонар –
гэткую мець.
Падарожнік ці госць,
па нязнанай хаджу старане,
а скажу: «Беларусь...» –
пачынае ўся зала грымець:
акрылёнага славай тваёй,
сустракаюць мяне.

Маеш верных сясцёр.
Ты шануеш іх дружбу, любоў,
абняла іх рукамі
галін зарунелых і рэк..
Залатымі вузламі
карэнне аршанскіх дубоў
так глыбока
з карэннем смаленскіх
сплялося навек.

Маладая ў грымотах вясны,
ў сівізне завірух –
не стаміла работа цябе,
не зламала вайна.
Вечна будзеш такой.
I тады,
як самкнецца мой круг:
з салаўінае пушчы калыска,
з дрымотнага бору труна...

Толькі зноў я ўзнімуся,
стамлёны паходам трубач,
каб уславіць твой сцяг
і тваю маладую хаду.
Можа, словы не тыя?..
Прабач мне, Радзіма, прабач –
для цябе, дарагая,
сапраўдныя словы знайду.

1958
 


Крыніца: Вялюгін А. З белага камення – сіняе пламенне: Кніга паэзіі. – Мн.: Маст. літ., 1993. – 254 с.