Ля хорама дзяржавы
Яліны і шынелі
На холадзе куржава
Дасвеццем заінелі.
Здароў, сухі аўторак!
На сесіі сягоння
У ляманце разборак
Агніцца меч Пагоні.
Ні меча, ні арала
Як след не браўшы ў рукі,
Гарлаюць генералы –
Акопнікаў унукі.
А іх, штабных у зорках,
Што спрытна зарабілі, –
Як снегіроў на горкай
Аснежанай рабіне.
Пасля крутой размовы
Аб мове і Расіі
Яны на час зімовы
Вакацый зноў прасілі.
З аўторка да суботы
Пасля агнішча духу
На гойданках дрымоты
Дабрэла пасядуха.
Сягоння ж ёй пабудка,
Парт-гвардыі Саветы, –
У сёдлах крэслаў пудка
Адкінуты газеты.
На плошчу кліча плошча
Галосна а зубаста.
Калоціць залу пошчак
Прысуду плошчы:
– Баста!..
Нямала ж перла бродам
Да вабных круч кар’еры,
Між імі і народам –
Міліцыі бар’еры.
Не злічыш да суботы
Пад ветласцю жалезнай,
На колькі тысяч ботаў
Падкута незалежнасць.
1994
Літаратура і мастацтва. 1994, 29 красавіка.
Похожие статьи:
Анатоль Вялюгін → Творчасць Анатоля Вялюгіна
Анатоль Вялюгін → Анатоль Вялюгін - Дзіва
Ніна Мацяш → Ніна Мацяш - Незалежнасць
Анатоль Вялюгін → Анатоль Вялюгін - Сланечнік з прабітай галавой
Анатоль Вялюгін → Анатоль Вялюгін - Лета