Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Анатоль Бутэвіч - Як сасна з бярозай пасябравала
Адбылося гэта ранняй вясной. Як толькі стала прыграваць сонейка, шышкі на лясной сасне сталі шурпатымі і бухматымі. Адна лускавінка адставала ад другой, цягнулася насустрач сонцу. Тады ў цёмнай глыбіні шышкі можна было ўбачыць маленькае чорнае зернейка. Дагэтуль яно хавалася ад прыродных нягод і цікаўных вачэй у цёплым і ўтульным дамку. Атуляла зернейка празрыстае крыло-ветразь. Калі ж сасну пачынаў хістаць ветрык, ветразь ажываў і варушыў зернейка.
І вось адно зернейка не вытрымала спакусы. Захопленае яркім сонечным святлом, яно выпырхнула на волю. Гэта ўбачылі іншыя. Што тады пачалося! Адно за адным з шышак выскоквалі ўсё новыя зернейкі. Ласкавы ветрык падхопліваў іх у свае далоні і веерам рассыпаў у паветры. Гэты мітуслівы клубок нагадваў патрывожаны пчаліны рой.
Неўзабаве тое першае зернейка адарвалася ад сваёй маці-сасны, ад роднага лесу і паплыло-паляцела на крылах ветру. Нечакана гарэза-ветрык пачаў падымаць яго ўгару.
– Бывайце, родненькія, – закрычала зернейка. – Я лячу да сонца… Да самага сонца!
І мо з-за вялікай узрушанасці, а мо ад нечуванай радасці зернейка не пачула папярэджання сваіх аднапляменнікаў:
– Не спяшайся, зернейка. Не адрывайся ад зямлі. Там вельмі горача, згарэць можаш…
Але зернейка не чула іх. Яно забаўлялася з ветрам. Вось зернейка над вялікім полем. Вось унізе заблішчала незвычайнае люстэрка.
– Гэта возера, – патлумачыў ветрык.
Раней зернейка нічога падобнага не бачыла. Таму ўсё было яму цікава. Пільна ўзіралася ў вуліцы вялікіх гарадоў і маленькіх вёсак. Там снавала шмат людзей. Многія пазіралі ў неба, засланяючы далонню вочы ад сонца. Зернейку здавалася, што яны вітаюць яго, запрашаюць у госці.
І яно пачало апускацца. Ляцела так хутка, што ад страху ажно галава закружылася.
Яму так захацелася папрасіць дапамогі ў сваіх сяброў, што стала азірацца навокал. Ды дзе іх убачыш, калі зернейка адляцелася мо на дзясяткі кіламетраў.
Ды не пакінуў небараку ў бядзе ветрык. Ён падхапіў зернейка і панёс над самай зямлёй. Супакоілася зернейка, пачало цудоўнымі пейзажамі любавацца. А тады нечакана папрасіла ў ветру:
– Адпусці мяне на волю. Хачу на зямлю, у свой лес, да маёй матулі сасны.
– Я адпушчу, – адказаў вецер, – але ж твой родны лес вельмі далёка адгэтуль.
– Нічога, як-небудзь дабяруся.
– Ну глядзі, не пашкадуй, – адказаў вецер і сцішыўся.
Зернейка пачало апускацца. Ды не было лесу там, куды давялося прызямліцца. Унізе чарнела асфальтам шырокая дарога. Спалохалася зернейка, пашкадавала, што адарвалася ад сваёй сямейкі. "Ну, усё, – падумала. – Так недарэчна давядзецца загінуць".
Яно напружылася, пахітала ў паветры крылом-ветразем і ўпала. Ляжыць на высахлай за зіму траве. Зусім побач узвышаецца дзіўнае дрэва. Галінкі – без іголак, кара – белая.
– Не бойся мяне, я бяроза, – патлумачыла дрэва. – Хоць і расту не ў лесе, а каля дарогі, выратую цябе.
Зернейка паабяцала не адрывацца ад бярозы. Сцішылася, у сухую траву схавалася і цесна-цесна да сваёй ратавальніцы-бярозкі прыціснулася.
Так мінуў не адзін дзень. Сонейка ахвотна сагравала зямлю. Дажджавыя кропелькі яшчэ больш адбельвалі белую бярозу, шчодра палівалі зернейка. Неўзабаве на бярозе з’явіліся першыя лісточкі. Каля яе зазелянела трава-мурава. Зернейка і не заўважыла, як моцна прыляпілася да зямлі. А калі захацела адарвацца, не змагло. Пругкі карэньчык прабіўся з яго і стаў урастаць у зямлю.
Неўзабаве на свет вылузнуўся кволы сасновы парастак. Каля самай бярозкі. Усё вышэй клікала яго шчодрае сонейка. Ад ветру бяроза захінала.
"А мо і добра, што тут маё прыстанішча, – падумала зернейка. – Ніхто не крыўдзіць, белая бярозка сапраўднай маці стала".
Так мінуў адзін год, другі. Расце сабе сасонка, сілы набіраецца. Цесна прыціскаецца да сваёй ратавальніцы.
А тады пачала сасонка ўслед за сонейкам галоўкай вадзіць, цяпло яго ловячы. Не заўважыла, як адзін раз абвіла бярозавы ствол, пасля яшчэ раз і яшчэ…
Неяк на шашы, што вядзе ў Нясвіж, спынілася машына. З яе выйшлі тата з мамай і іхні сынок Коля. Любуюцца бярозкай, яе густалістай кронай. А тады сынок як закрычыць:
– Тата, мама, паглядзіце, што каля бярозкі расце!
Зірнулі тыя і надзівіцца не могуць: як гэта сасна так цесна вакол бярозы абвілася? Не ведаюць яны, што гэткім чынам маладая сасонка аддзячвае сваёй ратавальніцы, аберагае яе ад розных нечаканасцяў. Бо вядома, што ўдваіх заўсёды лягчэй бараніцца.
Прызнаюся, што гэты цуд прыроды сапраўды знаходзіцца на дарозе Нясвіж-Гарадзея. Будзеш ехаць у Нясвіжскі замак – спыніся, падзівіся і моцы духу набярыся, сапраўднаму сяброўству павучыся.
Похожие статьи:
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Танец соснаў
Іван Навуменка → Іван Навуменка - Сасна пры дарозе