Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Аляксей Якімовіч - Якая літара лепшая?
Сустрэліся Варанянятка і Верабейка, сталі літары пісаць. "Ч", – напісаў Верабейка. А Варанянятка сказала:
– Не падабаецца мне гэтая літара.
– Якая літара табе падабаецца? – пытаецца Верабейка.
– Мне падабаюцца тры літары "А", "Р", "К", – прамовіла Варанянятка. – Калі іх усе разам скласці, то вельмі прыгожа выходзіць. Вось паслухай: кар-р, кар-р ...
– Табе зусім-зусім не падабаецца літара "Ч"? – засмуціўся верабейка.
Варанянятка яму:
– Зусім.
Пакрыўдзіўся Верабейка. Ён так стараўся, калі пісаў літару "Ч", а яна не спадабалася.
– Літара "Ч" мне нават спяваць дапамагае, – паціху прамовіў ён. – Паслухай: чык-чырык, чык-чырык ...
– Дакажы, што яна лепшая, напрыклад, за літару "К", – сказала Варанянятка.
– Не ведаю, як даказаць, – сказаў Верабейка.
– Значыць, літара "Ч" горшая, – крыкнула Варанянятка.
Бег Шпачок. Пачуў ён спрэчку.
– Я дакажу, што літара "Ч" не горшае за літару "К", – сказаў.
– Паспрабуй, – натапырыла пер’е Варанянятка.
– Ёсць месяц, назва якога пачынаецца з літары "Ч", – сказаў Шпачок. – Калі б не было літары "Ч", то і не было б назвы гэтага месяца.
– Гэты месяц называецца чэрвень, – крыкнуў Верабейка.
– Ну і што, – прамовіла Варанянятка. – Ёсць ... Ёсць слова "Кавун", якое пачынаецца з літары "К". Ведаеце, які ён салодкі!
Шпачок ў адказ:
– Ёсць слова "чый". Яно пачынаецца з літары "Ч". Слова "кавун" складаецца з двух складоў, а слова "чый" складаецца з аднаго.
Далей працягвае Шпачок:
– З літары "Ч" пачынаецца слова "часопіс".
– Калі б не было гэтага слова, то мы не ведалі б, што ёсць такія дзіцячыя часопісы, як "Вясёлка", "Бярозка". Цікавыя гэтыя часопісы? – падхапіў Верабейка.
– Цікавыя, – пагадзілася Варанянятка. – Але ж у слова "часопіс" і літара "А" ўваходзіць. Не было б літары "А" – не было б гэтага слова.
А Шпачок:
– Не было б літары "Ч" – не было б гэтага слова.
– Выходзіць, усе літары патрэбныя? – здзівілася Варанянятка.
– Няма лепшай? Няма горшай?
– Усе патрэбныя, – сказаў Шпачок. – Няма лепшай, няма горшай. Усе літары ў словах дружна, ладна жывуць.
– І нам трэба дружна, ладна жыць! – усклікнуў Верабейка.
– Дзякуй табе, Шпачок, за навуку, – сказала Варанянятка.
– Да пабачэння. – крыкнуў Шпачок і пабег.
І Верабейка з Вараняняткам, спяваючы, няспешна пакрочылі па сцяжынцы. Цікавіцеся: як спявалі яны? Варанянятка каркала: "Кар-р, кар-р..." Верабейка чырыкаў: "Чык-чырык, чык-чырык..."
Похожие статьи:
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Аўтамат
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Аладкі
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Хітры воўк