Увага! Поўны змест
Алесь па матэматыцы атрымаў двойку. Гэтую двойку настаўніца Вера Іванаўна ў дзённік яму паставіла.
Хлопчык прыйшоў дамоў, разгарнуў дзённік, на двойку глянуў і сціснуў кулакі.
– У-у-у! З-за цябе маме настрой сапсую.
Алесю вельмі хацелася па двойцы кулаком стукнуць. Ды што з таго! Усё роўна з дзённіка яна не ўцячэ. І балець ёй не будзе.
Алесь закрыў дзённік і задумаўся. Што зрабіць, каб маме настрой не псаваць? Відаць, з сябрамі трэба параіцца. Яны нешта падкажуць, дапамогуць.
Алесевы сябры – Косця і Рыгорка – непадалёку жывуць. Ён заўжды з Косцем і цукеркамі, і пячэннем падзеліцца. А з Рыгоркам у адной футбольнай камандзе гуляе.
Прыйшоў Алесь да Косці, запытаўся:
– Што зрабіць, каб двойка маме настрой не сапсавала? Парай!
– Дзённік схавай.
– Мой дзённік мама кожны вечар правярае. Яшчэ горш будзе, калі даведаецца, што схаваў.
– Думай! На тое галава ў цябе. А мне адпачыць трэба. Стаміўся я, – сказаў, як адрэзаў, Косця.
Алесь апусціў галаву і да Рыгоркі накіраваўся.
– Рыгорка, мая двойка па матэматыцы маме настрой сапсуе. Што рабіць?
– Табліцу множання вывуч і маме сёння ж раскажы. Калі аднаму цяжка, разам павучым, – прапанаваў Рыгорка.
– Ты, напэўна, не адпачыў пасля ўрокаў, – сказаў Алесь.
– Адпачыў, не хвалюйся.
Цяжка ўздыхнуў Алесь:
– Што ж, будзем вучыць. Ты ў мяне пытайся, а я буду адказваць. Так лягчэй запамінаецца.
Рыгорка і Алесь селі на канапу. "Два памножыць на пяць". "Дзесяць". "Два памножыць на сем". "Шаснаццаць". "Не, чатырнаццаць. А колькі будзе два памножыць на восем?" "Шаснаццаць".
Вывучылі на "два", на "тры" пачалі вучыць.
– Можа, на сёння хопіць? У футбол трэба пагуляць, – уздыхнуў Алесь.
– Мы ж з табою дамовіліся! – напомніў Рыгорка.
Зноў сталі вучыць. На "два" вывучылі, на "тры" вывучылі і нават на "чатыры". Усё-ўсё вывучылі, што Вера Іванаўна на дом задала.
Радасна на душы ў Алеся, радасна на душы ў Рыгоркі.