Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Аляксей Якімовіч - Вось дык суседзі!

   Здарылася з Зайкам няшчасце. Бег ён па сцяжынцы, наступіў на востры сучок і параніў лапку. Забралі яго ў лясную бальніцу.
   Тыдзень, другі ляжыць Зайка – ніхто з суседзяў не наведвае.
   Прыляцела ў лес Варона, закрычала:
   – Непр-рыгожа! Непр-рыгожа!..
   Сапраўды, непрыгожа. Сабраліся звяры на паляне, каб вырашыць, каму да Зайкі ў бальніцу ісці.
   – Жонка ў мяне захварэла, кашляе, – кажа Мядзведзь. – Прасіла, каб малінніку наламаў... Можа, ты яго наведаеш, Ліса? Помніш, летась на дзень нараджэння Зайка табе пуховую пярыну падарыў?
   Закруціла Ліса хвастом:
   – Нара ў мяне пасля дажджу абвалілася. Трэба рамантаваць. Няхай Воўк збегае. Зайка яму новы кажух аддаў, не пашкадаваў.
   Завыў Воўк:
   – Дома ваўчаняты сядзяць галодныя. У краму пабягу... Няхай Дзік наведае Зайку. Той заўсёды яго жалудамі частаваў.
   – А хіба Зубру ён не дапамагаў сена касіць? – зарохкаў Дзік. – Няхай Зубр і сходзіць у бальніцу. У мяне вунь бульба на полі някопаная.
   – У мяне атава някошаная, – апусціў галаву Зубр.
   Ад шуму ды крыку прачнулася Чарапаха. Яна тут, на паляне, спала. Пытае:
   – Чаго спрачаецеся, паважаныя?
   – Зайка лапку параніў, – загаварыў Мядзведзь. – Ужо два тыдні ў бальніцы ляжыць.
   – Бедны Зайка! – пашкадавала Чарапаха. – Сумна яму там аднаму.
   – Схадзіла б ты да яго, ад мяне прывітанне перадала, – хітра прыжмурылася Ліса.
   – Добра, – пагадзілася Чарапаха. – Пайду.
   – Скажы, што і я люблю яго, – напомніў Мядзведзь.
   – I ад мяне перадай прывітанне, – рохкнуў Дзік.
   – I ад мяне, – падняў галаву Зубр.
   А Воўк завыў на ўсё горла:
   – I ад мяне не забудзься!.. Пацікаўся, як кормяць яго.
   – Не хвалюйцеся. Ад усіх перадам прывітанне. Скажу Зайку, што вельмі чулыя і добрыя ў яго суседзі, – прамовіла Чарапаха і, павярнуўшыся, папаўзла паціхеньку ў бальніцу.
   Мабыць, і цяпер яшчэ да Зайкі дабіраецца.

Похожие статьи:

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Аладкі

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Аўтамат

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Байка пра казла

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Вераб’ёвы госці

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Хітры воўк