Вабіць незнаёмая дарога,
І сабе ты скажаш: прыкмячай.
А калі дарог на свеце многа,
Друг мой, Іван-чай?
Ды тваіх, смаленскіх, не забуду
У снягах, дажджах і сіняве.
Тройчы адбівалі вёску Буду,
Тройчы паміралі за яе.
А пад Будай – хлопцы пахаваны,
А пад Будай – многія сябры.
Аляксеі, Віктары, Іваны...
Гліна коўзкая. Падзол сыры.
Узышлі травой і гарыцветам,
Узышлі на радасць ці жальбу?
Вунь Іван стаіць па-над кюветам,
Галавой ківае: «Вось жыву.
Не здзіўляйцеся, што ўвесь чырвоны;
Восем куль было – крывёю сцёк.
Скора восень. Каркаюць вароны.
Жоўты каля ног маіх лісток.
Хочаш – пачастую нашым чаем,
Я ж цяпер навекі вадахлёб».
Не, Іване, з чаем – пачакаем,
Закурыць не лішне нам было б.
Мы цыгарку скруцім па-былому,
Пусцім шызы дым на правады.
Першая зацяжка – мне, жывому,
Бо занадта ў сэрцы гаркаты.
Чырвань, чырвань, колер праваты...
1964
Похожие статьи:
Аляксей Пысін → Аляксей Пысін - Забыта многае ў жыцці...
Аляксей Пысін → Аляксей Пысін - Туман
Аляксей Пысін → Аляксей Пысін - Пісьмо птушак
Аляксей Пысін → Творчасць Аляксея Пысіна
Аляксей Пысін → Аляксей Пысін - Домскі арган