Яшчэ не скончана дарога
І хочаш думаць аб зямным.
Не пакідай мяне, трывога,
Будзь спадарожнікам маім.
Ты дай адчуць дыханне хмары,
З якою едзе градабой,
Пазнаць між радасных на твары
І тых,
хто з смуткам і журбой.
Каб без разліку і без платы
Падаць руку таму,
хто брат,
Бо незваротныя ёсць страты,
І сам я чымсьці вінават.
Былі б сягоння мы намнога
І прыгажэй,
і маладзей,
Каб паважалі больш, чым бога,
Для нас народжаных людзей.
Трымаю споведзь, не маленне,
Бо і сябе я не бярог.
І мой суддзя – маё сумленне
Прад даллю будучых дарог.
Не папрашу ў яго амністый,
Ні парушынкі не ўтаю,
Хачу абноўленай і чыстай
Аддаць людзям любоў сваю.
1963 г.