Сцяпану Гаўрусёву
Забыта многае ў жыцці,
З дарогі змецена і змыта.
Мне ў жыта хочацца ўвайсці,
Мне вечнасцю здаецца жыта.
Вазьму шурпаты каласок
На чуйным провадзе саломы –
I адзавецца мне здалёк
Мой продак – сейбіт незнаёмы;
Жней невядомых галасы
Ўсплывуць над постаццю сухою.
Раскалыханы каласы
Густой паўдзённаю смугою.
Тут даспявае пад смугой
Зліццё надзей, жаданняў сумесь.
Гудзе жытнёвы провад мой –
Часоў былых і новых сувязь.
I даспявае далягляд
У трапяткім мембранным гуле.
Шукаюць рукі тых зярнят,
Каб нас таксама дзесь пачулі.
1965 г.
Крыніца: Пысін А. Выбраныя творы. У 2-х т. Т 1. Вершы. / [Прадм. Р. Бярозкіна]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1980. – 304 с.
Похожие статьи:
Аляксей Пысін → Аляксей Пысін - Домскі арган
Аляксей Пысін → Аляксей Пысін - Туман
Аляксей Пысін → Аляксей Пысін - Петрык і сонца
Аляксей Пысін → Творчасць Аляксея Пысіна
Аляксей Пысін → Аляксей Пысін - Пісьмо птушак