Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Аляксей Дудараў - Сінявочка

Увага!!! Поўны змест

   У ціхай лагчыне, пад старой разгалістай вярбой жыла маленькая чыстая крынічка. Яе звалі Сінявочка. Крыштальная вадзіца ўдзень і ўночы, улетку і ўзімку бруілася з Сінявочкі, бы нітачка-ручаінка, і збягала ў Зялёную Сажалку, што жыла па суседству. Пухнатыя воблакі кожную раніцу, бы ў люстэрка пазіралі ў Сінявочку, прыхарошваліся і, перш чым плыць у свае далёкія падарожжы, заўсёды гаварылі:
   – Ах, якая прыгажуня гэта Сінявочка! Такая цудоўная, такая празрыстая!
   У спякотныя летнія дні ў крынічцы купалася Сонейка, ноччу на паверхні вады разам з зорачкамі адпачываў вастрарогі Месяц. Сінявочка была вельмі добрая, яна з усімі сябравала, і кожны, хто толькі захоча, мог падысці і напіцца яе срэбнай халоднай вадзіцы... За гэта ўсе птушкі і звяры, што жылі ў лагчыне, любілі Сінявочку. I яшчэ яе любілі за тое, што ў начны супакой сваім звонкім голасам крынічка спявала песні... Нават самы дзівосны спявак салавей і той прылятаў да крынічкі, садзіўся на ніжнюю галінку старой вярбы і слухаў, як Сінявочка спявае:

 

Цюр-лі, цюр-ді ля лоз
Струменіцца вадзіца,
У спёку і ў мароз
Прыходзь сюды напіцца...


   Вось толькі адна Зялёная Сажалка не любіла Сінявочку. Яна злавала на крынічку за тое, што да яе ўсе прыходзяць, з ёю сябруюць, а Зялёную Сажалку і не заўважаюць нават... Ды і не любяць!
   – Ква-ква-ква! – зарагатала вясёлае Жабяня, калі Зялёная Сажалка паскардзілася яму. – За што цябе любіць? Сама вунь нікога не любіш!
   – Мала што! – адказала капрызная Зялёная Сажалка. – Не люблю, а мяне хай любяць...
   – Гэтак не бывае, – сказала Жабяня. – I не будзе! Сінявочка дык вунь добрая і ласкавая... Спявае для ўсіх, усіх у госці запрашае... А ты? Зялёнае слізкае павуцінне апранула на сябе, ваду схавала, усіх сваіх жыхароў прагнала прэч... Стары Карась і той уцёк ад цябе.
   – Змоўкні, плюгаўка! – злосна закрычала на яго Сажалка. – Расквакалася тут! Я ўсе роўна лепшая за вашу мізэрную Сінявочку. У мяне вада цёплая, а яна лядзяш...
   – Ква-ква-ква! – зноў зарагатала Жабяня. – Гэта яна летам, у спёку, халодная, а зімой – цёплая... А з цябе вунь бурбалкі ідуць... Ква-ква-ква!
   Зялёная Сажалка ўсхадзілася не на жарт.
   – Калі захачу, – пагрозліва прамовіла яна, – то ад вашай Сінявочкі і знаку не застанецца.
   – Дурніца! Сінявочка з Сонейкам сябруе. Яно цябе як прыпячэ, дык за адзін дзень высахнеш ушчэнт.
   – Не высахну! Я вялікая!
   – Высахнеш... Ты вялікая таму, што цябе вадой Сінявочка поіць, а так бы... Ква-ква!
   – Ідзі адсюль! – сярдзіта булькнула на яго Сажалка.
   – Ква на цябе! – адказала Жабяня і паскакала далей.
   А злая Зялёная Сажалка задумала чорную справу.
   Цёмнай ноччу, калі Сінявочка праспявала сваю песеньку і задрамала, Зялёная Сажалка ўзяла сваё слізкае павуцінне, спляла з яго цяжкі нерат, употайкі падкралася да крынічкі і ўскінула на яе... Апляла і заблытала. У гэтую ноч над лагчынай вісеў густы туман, і ўсе сябры Сінявочкі не бачылі таго, што зрабіла Сажалка, і не змаглі прыйсці на дапамогу крынічцы.
   Ранкам, калі сонейка прагнала прэч туман, калі прачнуліся звяры і птушкі, усе здзівіліся, што ў лагчыне не чутно песенькі Сінявочкі… Белыя воблакі шукалі сваю сяброўку, шукаў спявак Салавей, шукала вясёлае Жабяня, але Сінявочкі нідзе не было відно. Зелёнае павуцінне Сажалкі прыціснула яе да зямлі і схавала...
   Як ні білася крынічка, як ні спрабавала выбрацца з-пад нерата да сваіх сяброў, але ўсё было марна. Толькі некалькі кропелек прасачылася праз слізкае павуцінне, але ўсе палічылі гэтыя кропелькі за расу.
   I вось Сонейка паднялося высока і таксама пачало шукаць сваю сяброўку. Яно так пільна ўглядалася ў лагчыну, што берагі Зялёнай Сажалкі адразу ж пачалі сохнуць, а яна сама мялець проста на вачах...
   – Вой! – залямантавала Зялёная Сажалка. – Вой, ратуйце! Паміраю! Дапамажыце! Не буду больш! Даруйце!
   Але ніхто яе не слухаў і ніхто не ішоў на дапамогу фанабэрыстай і нядобрай Сажалцы. Усе шукалі крынічку і не маглі знайсці.
   На шчасце, тым цёплым ранкам ішлі паўз лагчыну ў лес па грыбы хлопчык і дзяўчынка.
   – Дзіўна! – сказаў хлопчык, калі яны праходзілі каля Сінявочкі. – Тут жа ля вярбы павінна быць крынічка, а яе чамусьці няма...
   – Гэта тая, якую завуць Сінявочкай? – спытала дзяўчынка.
   – Тая. Але дзе ж яна?
   – Давай пашукаем.
   Яны паставілі на сцяжынцы свае кошыкі і пачалі шукаць крынічку. Абышлі вакол старой вярбы.
   – Вось! Вось яна! – радасна запляскала ў ладкі дзяўчынка. – Бачыш кропелькі? Зарасла толькі...
   – А мы зараз яе вызвалім! – сказаў хлопчык і ўчапіўся за слізкі нерат Зялёнай Сажалкі. – Фу, брыдота нейкая... Дапамагай...
   I яны разам пачалі аддзіраць ад беднай крынічкі брыдкі нерат... Той супраціўляўся, чапляўся за берагі Сінявочкі, але ўрэшце затрашчаў, і крынічка вызвалілася.
   Блакітная свежая вадзічка зноў заіскрылася пад Сонейкам... Хлопчык і дзяўчынка кінулі слізкае павуцінне назад у перасохлую Сажалку, выцерлі аб траву рукі, наліліся з Сінявочкі чысценькай вадзічкі, узялі свае кошыкі і пайшлі ў лес...
   А вольная Сінявочка зноў заспявала сваю вясёлую песеньку.

1981 г.

Похожие статьи:

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Радавыя

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Князь Вітаўт

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Чорная панна Нясвіжа

БиографииАляксей Дудараў

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Парог