Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Аляксей Дудараў - Пухнацік

Увага!!! Поўны змест

   Ён нарадзіўся свежым ранкам у глыбокай горнай цясніне. Там, сярод цяжкіх валуноў, бруілася імклівая і неспакойная рачулка. Яе халодная вада так білася аб каменне, што драбнюткія пырскі высока ляцелі ўгору, кружыліся ў паветры і павольна асядалі… З гэтых пырскаў ён і нарадзіўся. Бялюткі, кучаравы, з тоўстымі шчочкамі… Толькі з’явіўся на свет і адразу ж адчуў, што ўмее лятаць.
   І ён паляцеў хутчэй прэч са змрочнай цясніны ўгору, да блакітнага неба і яснага сонца. Ляцеў, ляцеў, аж раптам бачыць, што над цяснінай вісіць нехта вялізны і сівы. Вісіць нерухома, быццам дрэмле… Падплыў, прывітаўся:
   – Добрай раніцы, дзядзечка волат! Той расплюшчыў старэчыя вочы і адказвае:
   – Добрай раніцы… Толькі я не волат. Я – стары дзед Туман.
   – А я яшчэ не ведаю, хто я і як мяне завуць… Толькі-толькі нарадзіўся… Ля рэчкі…
   – Ты маленькае воблачка, – сказаў дзядуля Туман. – А завуць – Пухнацік.
   – Я лятаць ужо ўмею, – пахваліўся Пухнацік. – Як нарадзіўся, так і паляцеў адразу… Вось як!
   – Усе воблачкі лятаюць, – паблажліва ўсміхнуўся дзядуля Туман. – Яны ўвесь час падарожнічаюць па небе.
   – Па небе?! – усклікнуў Пухнацік. – І я таксама буду?
   – І ты пабываеш у розных мясцінах, шмат чаго ўбачыш… Толькі памятаў, – з перасцярогай загаварыў дзядуля Туман, – ты ніколі не павінен плакаць… Ніколі! Ні ад крыўды, ні ад жалю… Як толькі заплачаш – усё.
   – Што, памру? – напужаўся Пухнацік.
   – Не, не памрэш, проста знікнеш. Растанеш у небе, і цябе больш не будзе… Зразумеў?
   – Ага.. Ані слязінкі ніколі ў мяне не капне.
   – Ну, бывай, Пухнацік… Шчаслівай табе дарогі! Падзякаваў Пухнацік дзядулю Туману за добрую параду і паляцеў далей. Гарэза Ветрык адразу ж падхапіў яго і панёс высока над зямлёй да засмужанага далягляду. Унізе горы, стэпы праплываюць, зверху сонейка яркае свеціць, навокал блакіт неабсяжны… Хораша Пухнаціку і весела.
   Ляцеў ён, ляцеў, ды раптам пытаецца ў Ветрыка:
   – Слухай, Ветрык, а што гэта за цёмная пляміна па зямлі бяжыць за намі? Куды мы – туды і яна..
   – А гэта ты, – адказвае Ветрык.
   – Ну? – засмяяўся Пухнацік. – І тут я, і там я… Нават смешна. Як жа такое можа быць?..
   Ветрык растлумачыў:
   – Тут – гэта ты, а там – твой цень. Зразумеў?
   – Зірні, зірні, Ветрык, – раптам закрычаў Пухнацік. – Там на мяне нехта ўзлез!...
   – Гэта чалавек у твой цень схаваўся… Сонейка апоўдні гарачае і сярдзітае, ад яго ўсе хаваюцца..Вось і чалавек, бачыш, змарыўся, прылёг адпачыць… У цяні прахалода… Ну, хопіць размаўляць, паляцелі далей.
   Але толькі яны адляцелі, як чалавек падняўся і пайшоў даганяць цень. Дагнаў, зноў прылёг.. Пухнацік спыніўся і кажа:
   – Слухай, Ветрык, а давай мы цень мой пакінем тут, а самі далей паляцім. Хай чалавек адпачывае…
   – Нічога не атрымаецца, – адказаў Ветрык. – Калі ты хочаш, каб цень твой тут быў, – павінен і сам тут застацца.
   – Ну добра, – уздыхнуў Пухнацік. – Ты ляці без мяне, а я пачакаю, пакуль ён адпачне… Шкада ж чалавека.. Я цябе потым даганю, калі сонейка будзе не такое сярдзітае.
   – Бывай, Пухнацік! – развітаўся Ветрык і знік.
   Да самага вечара вісеш нерухома Пухнацік, а ўнізе, на зямлі, у яго цяні спаў чалавек. Калі сонейка схілілася на захад, пачырванела і зноў стала спакойным і ласкавым, чалавек падняўся, зірнуў у неба і гукнуў:
   – Дзякуй табе, воблачка! – і пайшоў сваёй дарогай. А Пухнацік паплыў далей. Схавалася сонейка, рассыпаліся па небе зорачкі, выглянуў рагаты месяц.. Пухнаціку захацелася спаць. Ён прымасціўся на схіле гары і задрамаў.
   Раніцай зноў рушыў у дарогу. Доўга-доўга плаваў над гарамі, над стэпамі, над пустынямі, шмат чаго пабачыў, шмат пра што даведаўся, а потым сам не заўважыў, як зажурыўся. Сумна аднаму ў падарожжы.
   Азірнуўся Пухнацік па баках. Неба чыстае, ані воблачка…
   – Дзе ж мае брацікі? – уздыхнуў ён.
   Раптам угледзеў далёка белую кропку. Паплыў Пухнацік туды. Думаў, што гэта таксама воблачка. Падплывае бліэй, бачыць, гойдаецца ў паветры нехта белы, з намаляваным ротам і з хвастом.
   – Добры дзень, – прывітаўся Пухнацік.
   – Хы-хы-хы! – адказаў хвастаты.
   – Ці не мой ты брацік?
   – Ну, ну! – абурана закрычаў той, што з хвастом. – Я – змей!
   – Змеі не лятаюць, яны поўзаюць.
   – А я паветраны! Хы-хы-хы! Папяровы! Я ад сваіх гаспадароў уцёк.
   – Хочаш быць маім брацікам? – прапанаваў Пухнацік. – Будзем разам лётаць. І табе і мне весялей будзе.
   – Яшчэ што! – адказаў папяровы Змей. – Ты ж толькі воблачка, а я – Змей! Не трэба мне ніякіх брацікаў!
   – Дрэнны ты Змей, – сумна сказаў Пухнацік і падаўся прэч.
   Паплыў ён, паплыў – бачыць: ляціць нехта ўверсе. Таксама белы, таксама з хвастом, а на галаве – нібы піка чырвоная. Пухнацік за ім.
   – Ты Змей? – пытаецца.
   – Не, не Змей, – адказаў той, што ляцеў.
   – Ты воблачка?
   – Не, не воблачка.
   – Дык хто ж ты?
   – Проста бусел…
   – Дык, можа, ты мой брацік?
   – Я ж сказаў, што бусел я. А ты – воблачка.
   – І ты не хочаш быць маім брацікам? – зарумзаў Пухнацік, але ўспомніў, што яму пдакаць няможна.
   – Чаму не хачу? Давай будзем братамі, – сказаў добры бусел. – Паляціш да мяне на радзіму?
   – Далёка? – зацікавіўся Пухнацік?
   – Вельмі далёка… Там цяпер вясна.. Цёплы дожджык зямлю палівае…
   – А што такое дожджык? – спытаўся Пухнацік.
   – Дожджык гэта… калі воблачкі плачуць, – адказаў бусел.
   – Тады бывай, – сумна ўздыхнуў Пухнацік. – Плакаць я баюся…
   – Бывай, – памахаў на развітанне крыламі бусел. – І не сумуй.. Знойдзеш ты сабе браціка…
   Бусел паляцеў. Пухнацік зноў застаўся адзін. А ў небе, як на тую бяду, ні хмурынкі. Спякота…
   Шукаў, шукаў Пухнацік сваіх брацікаў, аж раптам бачыць – скала ўнізе, а на схіле той скалы ляжыць маленькае белае воблачка.
   – Ды гэта ж і ёсць мой брацік! – узрадаваўся Пухнацік, хуценька апусціўся, падплыў бліжэй і бачыць, што брацікаў тут вельмі многа. Усе малюсенькія, з жоўтымі тварыкамі, з белымі пялёсткамі. У кожнага зялёненькая тонкая ножка. Стаяць яны адзін ля аднаго, галоўкі журботна апусцілі.
   – Добры дзень, брацікі, – прывітаўся Пухнацік. – Хто ж вас пакрыўдзіў? Чаго вы такія сумныя?
   – Мы рамонкі, – адказала адна кветка. – Ветрык нас прынёс сюды ў гэтую пустыню, калі мы яшчэ насеннем былі. Мы прараслі, а цяпер во даводзіцца паміраць.
   – Чаму?
   – Дожджыку няма, зямля сухая, а мы піць хочам…
   – Піць. Піць.. – танюсенькімі галасочкамі падхапілі астатнія рамонкі.
   – Не трэба плакаць, бо вы растаць можаце…
   – Піць, піць…
   – Ну, брацікі, мае, ну, не плачце, калі ласка, бо і я заплачу, а мне нельга, – пачаў суцяшаць Пухнацік. – Скажыце, дзе той дожджык, – я яго знайду.
   – Дожджык бывае, калі воблачкі плачуць, – адказалі рамонкі і зноў журботна і жаласліва схіліліся над парэпанай ад спякоты зямлёй сваімі белымі пялёсткамі. І Пухнацік заплакаў. Так шкада яму стала белых рамонкаў, што ён забыўся пра папярэджанне дзядулі Тумана. Паліліся з яго кропелькі чыстай вадзіцы, кропелькі дажджу… Напіліся рамонкі ўдосталь, павесялелі, расправілі свае пялёсткі.
   А Пухнацік? Не, ён не знік. Ён ператварыўся ў лёгкую белую смугу над рамонкамі і ў кропелькі празрыстай расы, што нават у самую спёку блішчаць на пялёстках кветак…
   Той, хто робіць добрае, – ніколі не знікае.

Похожие статьи:

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Чорная панна Нясвіжа

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Радавыя

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Парог

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Князь Вітаўт

БиографииАляксей Дудараў