Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Алесь Якімовіч - Чарнавочка

Увага!!! Поўны змест

   З настаўнікаў свайго класа дзеці найбольш любілі Івана Рыгоравіча. Мусіць, таму і далі яму другое простае і ласкавае імя – дзядзя Ваня. Іван Рыгоравіч быў класным кіраўніком, а дзядзя Ваня – лепшым сябрам. Іван Рыгоравіч выкладаў родную мову, а дзядзя Ваня часта, як роўны з роўнымі, любіў «зрэзацца» з заўзятымі класнымі шахматыстамі, наладжваў гульні, вадзіў на экскурсіі і, апрача ўсяго, цікава расказваў розныя гісторыі. Але найбольш любілі вучні слухаць яго расказы з партызанскага жыцця.
   Аднойчы на ўроку англійскай мовы Коля, якога за круглыя пяцёркі па арыфметыцы сябры называлі «матэматыкам», узняў бунт супраць замежных моў. «Навошта, – кажа, – дарэмна толькі галаву ламаць. Хопіць мне і сваёй мовы. Я не збіраюся стаць настаўнікам замежных моў...»
   Праўда, Коля меў падставы так абурацца: у той дзень ён схапіў двойку ў выкладчыцы англійскай мовы Ларысы Аляксееўны, да таго ж не першую ў годзе...
   Даведаўшыся пра Колеў бунт, Іван Рыгоравіч затрымаў клас пасля ўрокаў.
   – А кім ты сам хочаш быць? – запытаўся ён у Колі.
   Гэтае пытанне не было для Колі нечаканым. Ён даўно ўжо марыць стаць настаўнікам, і абавязкова такім, як Іван Рыгоравіч, гэта значыць, ён будзе выкладаць родную мову і расказваць дзецям цікавыя гісторыі. Ён так шчыра і адказаў на пытанне настаўніка.
   Іван Рыгоравіч усміхнуўся, здаволены адказам, потым зноў запытаўся:
   – Дык навошта будучаму настаўніку роднай мовы вучыць арыфметыку?
   Коля запнуўся. Пра гэта ён ніколі не думаў. Таму замест адказу ён толькі падняў вышэй плечы і ніжэй апусціў галаву. Дзеці зашумелі, а Іван Рыгоравіч сказаў з ноткай строгасці ў голасе:
   – Усе гэтыя пытанні даўно вырашаны. Ты, Коля, не праў. Папрасі выбачэння ў Ларысы Аляксееўны і больш так не рабі. Усё, што мы вучым у школе, патрэбна і настаўніку будучаму, і інжынеру, і афіцэру. А што гэта так, раскажу пра адзін выпадак. Сядай.
   Коля сеў, надзьмуўшыся. У класе настала цішыня. Дзесяткі вачэй глядзелі на настаўніка, з цікаўнасцю чакаючы яго новага апавядання.
   – Была ў нас сувязная Валя, – пачаў Іван Рыгоравіч. – Да вайны скончыла чацвёрты клас. Праўда, вучылася не ў маёй школе. I мне, прызнацца, шкада, што не ў маёй, бо я і цяпер зайздрошчу тым настаўнікам, якія вучылі яе... Была яна невысокая, танклявая, з чорнымі як смоль косамі і такімі ж чорнымі вачыма. I заўсёды прыходзіла да нас з кошыкам у руках. Немцы, вядома, і не здагадваліся, што не па ягады ці грыбы хадзіла ў лес гэтая маленькая дзяўчынка, а што на дне яе кошыка, у патайных сховах, ляжала шыфраваная запіска або нават рэвальвер ці тол... Усё гэта перасылала нам праз Валю гарадская падпольная арганізацыя. Валя маскіравала кошык зверху рознымі шпількамі, іголкамі і іншай драбязой. «На хлеб мяняць іду ў вёску», – выстаўляла напаказ яна сваю «краму», калі хто з цікаўных пытаўся, куды ідзе. А памяць мела такую, што мы толькі дзіву даваліся: усё да макулінкі раскажа, дзе і што бачыла. I шчабятуха была, што і сарока не дакажа.
   У атрадзе ўсе яе ведалі і любілі. «Чарнавочка» – так празвалі мы Валю, і гэтае імя ёй падыходзіла нават больш, чым уласнае. Жыла яна дома з маткай, а бацька быў у нас у атрадзе.
   Іван Рыгоравіч зрабіў перапынак, паглядзеў на гадзіннік.
   – Не буду доўга затрымліваць вас, раскажу аб галоўным, – вёў ён далей свой расказ. – Аднойчы прыйшла ў атрад сумная вестка: Чарнавочка трапіла ў гестапа...
   Як потым высветлілася, здарылася гэта зусім нечакана. Раніцай яна збіралася ў атрад з чарговым кошыкам падарункаў для нас. I калі кошык быў ужо спакаваны і ўсё зроблена, як належала быць, у дзверы раптам пастукалі. Чарнавочка падумала, што гэта маці вярнулася з рынку. Але з асцярожнасці аклікнула: «Хто?» У адказ пачула нямецкую гаворку.
   Ці то былі гестапаўцы, накіраваныя здраднікам, ці выпадковы абход – невядома. Чарнавочка, аднак, не вельмі напужалася. Яна заўсёды любіла гадаць аб розных планах на выпадак небяспекі, і таму пачала адразу рабіць так, як і належала рабіць па яе плану. Яна адчыніла акно і ўхапілася за вадасцёкавую трубу. Па гэтай трубе можна было спусціцца проста ў сад. Але ці то ад спешкі, ці то кошык перашкодзіў, – яна не ўтрымалася на гладкай трубе і ўпала з вышыні другога паверха... А калі ўстала, дык адчула пякучы боль у ступні правай нагі. З гарачкі яна яшчэ прабегла некалькі крокаў. Потым пачала паўзці праз сад да суседніх будынкаў. А тым часам немцы паспелі зламаць дзверы і заўважылі яе праз адчыненае акно...
   Даведаўшыся аб бядзе, у якую трапіла Чарнавочка, мы ўсе дужа засмуткавалі. Цяжка было на сэрцы і ў камандзіра, і ў байцоў. Лішне і казаць, як перажываў такое гора родны бацька. Ён неяк раптам пастарэў, асунуўся. А праз нейкі час прыйшла ў атрад і маці. Ёй цяпер заставацца дома нельга было. I, гледзячы на пакуты бацькоў, мы яшчэ больш балюча адчувалі ўдар, які нанесла нам гестапа.
   «Што рабіць?» – было ў кожнага ў думках. Мы будавалі розныя планы, як выратаваць нашу любіміцу, і ўсе яны здаваліся нам ненадзейнымі. Заставалася толькі зрабіць налёт на гарнізон ворага. Але сілы ў нас былі няроўныя, і пры няўдачы мы рызыкавалі шмат чым.
   І колькі ні меркавалі, мы зноў і зноў варочаліся да першага пытання: што рабіць? Кожнаму з нас здавалася, што гэта яго родная дачка ў такой страшнай бядзе.
   Нарэшце я падышоў да камандзіра.
   – Дазволь, – кажу, – паспрабаваць шчасця...
   Камандзір недаверліва глянуў мне ў вочы. А калі я расказаў яму, што прыдумаў, згадзіўся.
   – Добра, – кажа. – Хоць і адчайны, і небяспечны твой план, ды мы – салдаты. Без рызыкі на вайне не бывае. А калі табе будзе цяжка, памятай – гэта ты робіш дзеля Чарнавочкі, нашай партызанскай дачкі!

* * *
   Праз некалькі дзён, у форме нямецкага палкоўніка, я апынуўся ў канцылярыі каменданта гестапа. Камендант быў у чыне капітана і дрыжаў перада мною, як трусік. Ён нават не адважыўся праверыць мае дакументы, хоць яны былі ў поўнай спраўнасці. Наконт гэтага ў нас у атрадзе недахопаў не было. Як і належала быць, са мной знаходзіўся мой ад’ютант – лепшы ў атрадзе стралок – Саша, які таксама сёе-тое кумекаў у нямецкай мове. I прыкацілі мы ў гарадок на самай лепшай трафейнай машыне.
   Камендант аддаў мые рапарт, а я ў сваю чаргу задаў яму некалькі звычайных пытанняў: які настрой у салдат, ці няма дэзерціраў і гэтак далей. Нарэшце я запытаўся аб арыштаваных – ці ёсць сярод іх асабліва небяспечныя для германскай арміі. Гестапавец паслужліва паказаў мне спіс арыштаваных і пачаў даваць свае тлумачэнні.
   У спісе значылася і прозвішча Чарнавочкі. Дрыжыкі прабеглі па маім твары, калі я вычытаў гэтае прозвішча. Я задушыў у сабе хваляванне і, паказваючы на год нараджэння, запытаў сур’ёзна:
   – А гэта блазнота па якой справе?
   Гестапавец ветліва растлумачыў. Пры гэтым ён са злосцю дадаў, што ад арыштаванай за ўвесь час не вырвалі ніводнага слова. Слухаючы, я стараўся рабіць выгляд, што абураны нахабствам малой злачынцы, і нават выказаў жаданне самому асабіста застрэліць гэтую... гэтую мілую Чарнавочку!
   Камендант ахвотна дазволіў мне выканаць жаданне.
   Прывялі дзяўчынку. Як яна змянілася! Збітая, скалечаная, уся ў сіняках, твар апух... Я ледзь стрымаў слёзы, убачыўшы яе. Беднае дзіця! А яна нават і не зірнула ў мой бок. Чорныя вачаняты былі апушчаны ўніз, і я не мог бачыць, што цяпер з імі сталася.
   Я ўсхапіўся з крэсла, выняў з кабуры рэвальвер. Калі б гестапавец убачыў, як задрыжала мая рука, ён мог бы здагадацца, што нешта няладнае творыцца з панам палкоўнікам. Але ён у гэты час глядзеў на Чарнавочку, як каршун, чакаючы свежай крыві.
   Чарнавочка раптам падняла свае вачаняты ды з такой агідай зірнула на мяне, што я ледзь не самлеў. Канешне, яна не пазнавала мяне, ды каб і пазнала, не паверыла б вачам сваім, бо ў такім выглядзе і ў такім месцы сустрэцца са мной, вядома, не спадзявалася.
   Я раптам апусціў рэвальвер.
   – Ведаеце што, – кажу гестапаўцу. – Мне прыйшла ў галаву забаўная думка: навошта пляміць падлогу? Я ж магу зрабіць гэта на лоне прыроды, з дальняга прыцэлу. Тады атрымаю поўнае задаволенне.
   – Гэта можна, пан палкоўнік, – адказаў гестапавец. – Толькі дазвольце ўзяць узвод аховы.
   – Навошта?
   – Небяспечна без аховы за горадам...
   Бачу, справа дрэнь. Згадзіцца на ахову, гэта значыць рызыкаваць і Чарнавочкай, і сваім жыццём. Праўда, мой прыезд ужо быў рызыкай. Аднак пакуль што я сяк-так спраўляюся са сваёю роляй. I тут я вырашыў: лепш рызыкаваць у кабінеце каменданта, дзе, апрача нас, нікога няма, чым пры ўзводзе салдат.
   Я глянуў на свайго ад’ютанта Сашу. Гэта быў умоўны сігнал.
   – Добра, – адказаў я каменданту. – Возьмем ахову.
   Гестапавец павесялеў.
   – Калі загадаеце адправіцца?
   – Праз пяць хвілін.
   Ён казырнуў і адвярнуўся да тэлефоннай трубкі.
   У гэты ж час камендант і асунуўся, як мяшок. Сашаў кінжал промаху не даў: трапіў якраз у такое месца, што абышлося без крыку...
   – Пайшлі, Чарнавочка! – сказаў я сваім звычайным голасам.
   Якое ўражанне зрабілі на яе мае словы, я не заўважыў, бо мы тут жа пакінулі кабінет.
   Патруль, што стаяў на двары, узяў на каравул, прапускаючы важнага госця.
   Машына наша была напагатове. Мы селі ў яе, і шафёр уключыў скорасць.
   На гэтым Іван Рыгоравіч спыніў свой расказ. Абвёў вачыма клас: слухачы сядзелі не зварухнуўшыся.
   Але тут раптам усе дружна загаманілі:
   – Расказвайце, расказвайце далей, Іван Рыгоравіч!
   Настаўнік махнуў рукою, сцішыў шум.
   – Далей было тое, аб чым вы ўжо здагадваецеся. Толькі, можа, крыху не зусім так, як вам здаецца. За горадам мы зноў трапілі ў небяспеку: патруль даў сігнал спыніць машыну... «Можа, паспелі аддаць загады на каравульныя пасты аб нашым арышце?» – мільганула ў мяне думка. Звычайнай праверкі я не баяўся – з маімі дакументамі можна было ездзіць дзе хочаш. «Поўны ход!» – загадаў я шафёру. Не лёгка было мне аддаваць такі загад. Гэта значыла, што мы трапляем з агню ды ў полымя: у такім разе патруль мае права страляць. Ваяваць з ім не хацелася: наробіш лішняга шуму, а перад намі яшчэ вялікая дарога.
   I калі мы праскочылі міма патруля, ён сапраўды адкрыў агонь. Потым я шкадаваў, што не знялі патруля адразу. А так... ад’ютанта майго Сашу мы дамчалі ў атрад з куляй у плячы... Але ўсё ж мы выратавалі любіміцу атрада. А чаму гэта мне ўдалося? На гэта пытанне адкажа нам Коля ў наступны раз.

1947 г.

Похожие статьи:

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Хітры воўк

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Аўтамат

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Аладкі

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Вераб’ёвы госці

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Байка пра казла