Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Алесь Якімовіч - Зімоўка звяроў
Руская народная казка ў апрацоўцы А.Н. Талстога.
Пераклад з рускай мовы А. Якімовіча
У дзеда з бабай былі бык, баран, гусак ды певень і свіння.
Вось дзед і кажа бабе:
– А што, баба, певень нам не так і патрэбен, зарэжам яго к святу!
– Ну што ж, зарэжам.
Пачуў гэта певень і ўцёк уночы ў лес. Назаўтра дзед шукаў, шукаў – не знайшоў пеўня. Увечары зноў кажа бабе:
– Не знайшоў я пеўня, прыйдзецца нам свінню закалоць!
– Ну, закалі свінню.
Пачула гэта свіння і ўцякла ўночы ў лес.
Дзед шукаў, шукаў свінню – не знайшоў:
– Прыйдзецца барана зарэзаць!
– Ну што ж, зарэж.
Баран пачуў гэта і кажа гусаку:
– Уцякайма ў лес, а то зарэжуць і цябе і мяне!
I ўцяклі баран з гусаком у лес. Выйшаў дзед на двор – няма ні барана, ні гусака. Шукаў, шукаў – не знайшоў.
– Што за дзіва! Уся жывёла звялася, адзін бык застаўся. Давядзецца, відаць, быка зарэзаць.
– Ну што ж, зарэж.
Пачуў гэта бык і ўцёк у лес.
Улетку ў лесе прыволле. Жывуць сабе ўцекачы – гора не ведаюць. Але мінула лета, надышла зіма.
Вось бык пайшоў да барана:
– Што ж, брат, пара надыходзіць сцюдзёная – трэба хату будаваць.
Баран яму адказвае:
– У мяне кажух цёплы, я і так перазімую.
Пайшоў бык да свінні:
– Хадзем, свіння, хату будаваць!
– А мне хоць які мароз – я не баюся: зарыюся ў зямлю і без хаты перазімую.
Пайшоў бык да гусака:
– Гусак, хадзем хату будаваць!
– Не, не пайду. Я адно крыло падсцялю, другім накрыюся – мяне ніякі мароз не пройме.
Пайшоў бык да пеўня:
– Давай хату будаваць!
– Не, не пайду. Я зіму і так пад елкаю пераседжу. Бык бачыць – справы кепскія. Трэба аднаму турбавацца.
– Ну, – кажа, – вы як хочаце, а я пачну хату ставіць. I збудаваў сабе хатку адзін. Запаліў у печы і палежвае, грэецца.
А зіма настала халодная, пачалі прыціскаць маразы. Баран бегаў, бегаў, сагрэцца не можа – і пайшоў да быка:
– Бэ-э!.. Бэ-э! Пусці мяне ў хатку!
– Не, баран. Я цябе клікаў хату будаваць, дык ты: сказаў, што ў цябе кажух цёплы, ты і так перазімуеш.
– А калі не пусціш, дык я разганюся, выб’ю дзверы – табе ж будзе холадна.
Бык думаў, думаў: «Давай пушчу, а то замарозіць ён мяне».
– Ну, заходзь.
Баран увайшоў у хату і каля печкі на лаўку лёг.
Неўзабаве прыбегла свіння:
– Pox! Pox! Пусці мяне, бык, пагрэцца!
– Не, свіння. Я цябе клікаў хату будаваць, дык ты сказала, што табе хоць які мароз – ты ў зямлю зарыешся.
– А не пусціш, я лычом усе вуглы падрыю, тваю хату абярну!
Бык падумаў, падумаў: «Падрые вуглы, аберне хату».
– Ну, заходзь.
Убегла свіння ў хату і залезла ў склеп, пад падлогу.
За свіннёю гусак ляціць:
– Гагак! Гагак! Бык, пусці мяне пагрэцца!
– Не, гусак, не пушчу! У цябе два крылы, адно падсцелеш, другім накрыешся – і так перазімуеш.
– А не пусціш, дык я ўвесь мох са сцен выскубу!
Бык падумаў, падумаў і пусціў гусака. Зайшоў гусак у хату і сеў на прыпек.
Праз нейкі час прыбягае певень:
– Ку-ка-рэ-ку! Бык, пусці мяне ў хату!
– Не, не пушчу. Зімуй у лесе пад елкаю.
– А не пусціш, дык я ўзлячу на гарышча, усю зямлю са столі зграбу, у хату холаду напушчу!
Бык пусціў і пеўня. Уляцеў певень у хату, сеў на жэрдку і сядзіць.
Вось яны жывуць сабе упяцярых – пажываюць. Даведаліся пра гэта воўк і мядзведзь.
– Хадзем, – кажуць, – у хатку, усіх зьямо, самі будзем Там жыць.
Сабраліся і прыйшлі. Воўк кажа мядзведзю:
– Ідзі ты першы, ты дужэйшы.
– Не, я непаваротлівы, ты больш шустры за мяне, ідзі ты першы.
Воўк і пайшоў у хатку. Толькі ўвайшоў – бык рагамі яго да сцяны і прыпёр. Баран разбегся – ды трах, трах! – ваўка па рэбрах, А свіння са склепа крычыць:
– Рох-рох-рох! Нажы вастру, сякеры вастру, з жывога ваўка шкуру злуплю!
Гусак яго за бакі шчыпле, а певень бегае па жэрдцы ды крычыць:
– Так, так, так, куд куды, падавайце яго сюды! I ножык тут, і гужык тут... Тут яго і зарэжу, тут яго і падвешу!
Мядзведзь пачуў крык – ды ходу. А воўк тузаўся, тузаўся, ледзьве вырваўся. Дагнаў мядзведзя і расказвае:
– Ой, што мне было! Траха не забілі!.. Як усхапіўся мужычышча ў чорным армячышчы ды мяне віламі да сцяны і прыпёр. А крыху меншы мужычок, апрануты ў шэры армячок, мяне абухом па рэбрах, ды ўсё абухом па рэбрах. А яшчэ меншы за таго, у беленькім каптанчыку, мяне абцугамі за бакі хапаў. А самы маленькі мужычок, у чырвоным халаціку, бегае па жэрдцы ды крычыць: «Так, так, так, куд куды, падавайце яго сюды! I ножык тут, і гужык тут... Тут яго і зарэжу, тут яго і падвешу!» А з пад падлогі яшчэ нехта як закрычыць: «Нажы вастру, сякеры вастру, з жывога шкуру злуплю!»
Воўк і мядзведзь з таго часу да хаткі і блізка не падыходзілі.
А бык, баран, гусак ды певень і свіння жывуць там, пажываюць і гора не знаюць.
Похожие статьи:
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Байка пра казла
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Аўтамат
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Вераб’ёвы госці