У бабулькі у Агаты
Жыў стары казёл рагаты,
Гэткі сівенькі,
Сівагрывенькі.
I разумны ж быў:
Сам ваду насіў,
Сам у печы паліў,
Сам і кашу варыў,
Бабу з дзедам карміў,
Барадой матаў –
Хату падмятаў.
Шмат казёл рабіў і шкоды –
Лазіў часта ў агароды,
Пасвіўся у полі –
У аўсе найболей.
А за полем быў лясок, –
Ён відаць казлу здалёк.
Вось казёл у лес ідзе:
– Што там смачнае расце?
Можа, у лесе густа
Вырасла капуста?
Ходзіць ён па ельніку,
Бродзіць па бярэзніку, –
Ні капусты, ні салаты
Не знаходзіць барадаты.
Раптам нехта штурх у бок:
– А, папаўся,галубок!
Я даўно цябе чакаю,
Ўсё на поле паглядаю...
Тупнуў наш казёл нагой:
– Хто ты, гэтакі герой?
Будзем дужацца з табой!
– Няма часу! – кажа воўк
I схапіў казла за бок.
– Бэ-э, – казёл тут забляяў
I, як сноп, на мох упаў...
Баба палку узяла
Ды пайшла шукаць казла.
Пахадзіла па палях,
Па балотах, па лугах,
Заглянула і ў лясок.
Бачыць: спіць пад елкай воўк.
– Гэй, – спытала у ваўка, –
Ці не бачыў казялка?
Прахапіўся сонны воўк:
– А які твой казялок?
– Козлік сівенькі,
Сівагрывенькі,
Барадаценькі
Ды рагаценькі...
Шэры воўк зарагатаў:
– Як жа, як жа – спатыкаў:
Ля дарогі
Бачыў рогі,
Ля маста –
Шматок хваста...
Баба ўголас: – О-ё-ёй!
А казельчык жа ты мой!
Хто ж цябе са свету збыў?
Каб яго пярун забіў!
Села баба на клапа,
Паехала да папа.
– Ах ты, бацюхна-папок,
Дам табе я піражок,
Што сама яго спякла:
Памяні майго казла,
Казла сівага,
Сівагрывага,
Барадатага
Ды рагатага!
– Ой ты, баба дурная,
Хто ж казлоў памінае?
Людзі рэжуць казлоў,
Як цялят ці бараноў,
З шкуры шыюць боты...
– Што ты, бацька, што ты?
Мой казёл не просты быў:
Па ваду ён сам хадзіў,
Сам у печы ён паліў,
Сам і кашу варыў,
Мяне з дзедам карміў,
Барадою матаў –
Хату падмятаў.
Дам яшчэ рубля. Прашу,
Памяні яго душу!
– Мала, баба, мала:
Прыбаў трохі сала.
Баба сала дала,
Памянуў поп казла.
Похожие статьи:
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Аўтамат
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Хітры воўк
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Аладкі
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Смелы Васька
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Вераб’ёвы госці