Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алесь Салавей - Звіняць званы святой Сафіі

Юрку Віцьбічу
 

1

Вітанне, космасу прастор!
Нішто мне нейкі перавал там!
Ad astra слынных лётаў створ
узнёс мяне на зайздрасць Альпам;
шугнуў удаль, як метэор,
з найноўшай зброі пальнуў залпам...
Ты не мінеш смяротных ран,
пантэра хіжая, тыран!
 

2

I папярхнуўся спеў застольны,
і чорнай сцёк упыр крывёй;
змярцвеў гармідар беспатольны,
прад сконам гаркнуўшы савой.
А над Дзвіною горад стольны
схіліўся думнай галавой,
і, ўскалыхнуўшыся ў стыхіі,
загуў змагарны звон Сафіі.


3

З канцоў паўстала даўніна,
з аддаляў выйшаў год за годам;
і адпаўзла ў нябыт мана,
і вечны скон прыйшоў нягодам.
А непакорная Дзвіна
плыве з былым і з новым згодам,
і новым днём гудзе здавён
Святой Сафіі грымны звон.
 

4

Святляр жыцця, цямняр агоній
і неўміручасці сімптом —
няўціхны звон. Гудзьбе ягонай
званы астатнія гуртом
утораць згодай неўгамоннай:
Дзын-дум! Бам-бом! Дзын-дум! Бам-бом!
Сваё паўторнае світанне
спаткаць выходзьце, крывічане!
 

5

Звініць Святой Сафіі дар,
не моўкне збытая надзея.
Займай пасад свой, валадар,
нашчадак слаўны Чарадзея!
Паслухай: звону кажны ўдар —
жыцця вялікшая падзея.
Хай здрада б’ецца ў цвердзь ілбом...
Дзын-дум! Бам-бом! Дзын-дум! Бам-бом!


6

Звіняць званы Святой Сафіі —
гамоніць збуджаная даль,
ірвуцца путы векавыя,
і ломіцца кайданаў сталь.
Нясуць законы вечавыя
сумлення чыстага крышталь
людству, зямлі, святлом спавітай,
крывёю праўднаю здабытай.
 

7

Званы звіняць. Шумяць на ўтор
лясы Крывіччыны блакітнай;
вітае іх Птушыны Top
сузор’ем, поле — песняй жытняй,
валвой — азёраў буд-гутор,
узбераж — казкаю ракітнай...
Вялікі край, шматспеўны край,
легендаў вечных мудры бай!
 

8

Звіняць званы. А па далёкай
зямлі (там — ноч, святла — нідзе)
яшчэ ўсё мучыць катаў лёкай
выгнанца ў зморы і нудзе.
Ды краты нішчацца. Шырокай
далінай шлях-зварот вядзе
у сёлы ўсіх дароў на нівах,
у месты ўсіх званоў гуллівых.
 

9

Званы звіняць. І гэн — з нямой
чужыны, горнай і бяздомнай,
ідзе мой брат і сябра мой —
змагар краіны зычназвоннай.
Заміны — бачыць ён — гурмой
над прорвай рухнулі прадоннай;
ён чуе — кліча вольны дом:
«Да-дому! Бом! Дзын-дум! Бам-бом!»
 

10

Звіняць званы Святой Сафіі,
Дзвіной імчыцца бурны стром.
Грымяць паходы баявыя,
сусвет узрушыўшы суздром.
Зямля пяскі змяла сухія, а
зёры стрэслі лёд-паздром.
.  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  . 
.  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  . 
 

11

Няма табе канца і краю,
абшар, прамудрасці сабор!
Я выйду з кола небакраю —
я неўтрыманасці сябёр!
Мяне да дум маіх — да краю
прымчыць найноўшых лётаў створ
туды, дзе ў велічнай стыхіі
звіняць званы Святой Сафіі.

1946

 

Похожие статьи:

Алесь СалавейТам, на пякельным таку, дзе цапамі малоцяць галовы...

Алесь СалавейАлесь Салавей - Спі...

БиографииАлесь Салавей

Алесь СалавейАлесь Салавей - Пад шэлесты лісця

Алесь СалавейАлесь Салавей - Лясы. Узгоркі. Паплавы...