Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алесь Салавей - Домік у Менску

1

Цвіці, вясна мая, цвіці!
З табой парываў пошуг поруч.
Няхай знікае ў нябыцці
глухіх часін туга і горыч.

Бязмежжа ніваў калыхай,
пашлі ім веслівыя сокі –
зямлі і неба дар – няхай
узносіць іх узрост высокі.

З тваёй ацвеценай красой
насіцьму ўсцешаную мрою:
на луг, аздоблены расой,
ступлю з праддзёнаю зарою.

Прайду па ім гаспадаром,
паклон пашлю багаццю ніваў,
сустрэну песняю свой дом –
вяшчуняй спору й плённых жніваў.

Цяпер-жа – немань, ноч над ім,
тугой засмучаным харомам,
ахутаў далі зманны дым,
спакой трывожаць высі громам.

Жуда над вокнамі брыдзе,
круччо сядзіць на шэрых стрэхах...
Ты засталася у бядзе,
мая пакіненая ўцеха!
 

2

А з тым харомам-домам я
маленькі дом успамінаю:
над самай Свіслачай стаяў,
ці сёння ён стаіць – не знаю.

Я ў ім пражыў аднюткі дзень
і ёй у ім глядзеў у вочы.
З вакна зайздросціў нам прамень,
як мы, на розвіт неахвочы.

Я голас ейны ў доме чуў –
той звон крыніц, нібы срабрысты.
Я з насалодаю адчуў
ягоны спеў крыштальна-чысты.

Пабачыў працу ейных рук
на ўзорах, ёю вышываных.
Я чуў – на вулцы голскі брук
змаўкаў, нібы зачараваны.

Мне помніць доўга дзень у тым
у доме простым, а раскошным.
Я мілым быў і дарагім
ягоным госцем – мо й апошнім.

Бязмежна ўдзячны дому й дню –
няўтоме рук і сціплай працы:
пазнаў я з імі прасціню
пышнейшай над усе палацы.
 

3

Мы нарадзіліся наўзбоч
здаволлем выпешчаных сцежак.
Сляпіла вочы цемра-ноч,
святлом нам быў маленькі ўзмежак.

Мы працярэбвалі шляхі
да межаў дзён, заўсёды ясных, –
ды адшпурляў віхор ліхі
да ночаў вечных і заўчасных.

Не песціў зваблены пагляд
зарніцаў ранніх і вячорных –
хмурнеў суровы гул гармат
сцяной дымоў – густых і чорных.

Нязгаснасць радасці здалёк,
як зніца, клікала, будзіла –
ды прыбліжальны мужны крок
гняла антыхрыстава сіла.

Мы не спыняліся, яе
вось-вось імкліва дасягалі...
Нястомна зло ланцуг куе
і не сціхаюць штормаў хвалі.

Куды ні глянь – на растанёх
прапекла крыж пакут прыгнула.
I тое, чым-бы жыць я мог, –
адным-аднюткім днём мільгнула.
 

4

Пакінуў з болесцяй яго –
ізноў паклікалі дарогі.
А дому йшчэ ні аднаго
я не знайшоў – так свет убогі.

Як шоўк – ля дому на двары
краса мураваў аксамітных.
Як жвір – заморскія каўры
маіх прытулкаў нявыбітных.

Ля дому ў пуні моцны сон,
як пух – і сена, і салома.
Як грант – чужы начлег-прыгон,
не адпачынак – толькі ўтома.

Ці-ж у маёй бядзе цяжкой
магільны холад камяніцы
замене сціплы мой пакой
у вокнах з позіркам дзянніцы?

Ці-ж у мужчынскіх споднях твар
пад голс эпохі маляваны,
заменіць мне яе – той чар,
ні з кім у свеце незраўнаны?

I той, хто страціў дом-харом,
пазнаў ля сцен чужых і ўпартых:
палац з раскошай і дабром
яго, найбеднага, не варты.
 

5

I з росным ранкам, з ясным днём,
і на зары, і на паўдзённі,
“адзіны дом, каханы дом” –
няўціхна сэрца б’ецца-звоне.

Граніц мінаючы драты,
брыдзе мой лёс гарбатым дзедам.
“Каханы ты, адзіны ты” –
утораць сэрцу думкі следам.

Званочкі-краскі, васількі.
Ці-ж то яны? Яны-ж – далёчы.
Між іх мільгаюць матылькі.
А ў думках – толькі дом і вочы.

Рамонкі – безліч, безліч іх!
Адна краса – палі і ўзмежкі.
А мне здаецца – вочаў тых
глыбокі смутак і... усмешкі.

Маркотны шлях. I пад ступой
скрыпяць пяскі, бы снег аб полаз.
Я не спаткаюся з табой
і больш не чуцьму ейны голас.

Ізноў палі. I бялізна
садоў-гаёў; на сэрцы – склока:
вакол вясна, цвіце вясна,
а вы... не блізка – так далёка...
 

6

“Драўляны дом, блакітны дом!
Маіх найлепшых мар прытулак.
Ці так-жа ўсё сваім вакном
глядзіш на вузенькі завулак?

“Ці шчасцем ты сваім багат,
ці шашаль сцены твае губіць?
Ці так-жа ўсё зялёны сад
тваю ідылію галубіць?

“Скажы ты мне, скажы ты мне,
дзе зараз тая, што начамі
малілася сваёй вясне –
такая... з сінімі вачамі?

“Ці ёй цяпер, як і тады,
ад нечага ўсё сумна, цяжка?
Як пражывае малады
свой век прыгожая манашка?

“Што з ёй цяпер? Свой ціхі сум
яна ў вачох па мне ці носіць?
Гаротнасць цяжкіх яе дум
каго развеяць яна просіць?

“Драўляны дом, пястуй свой сон,
гадуй у садзе свой спачынак.
Ты мар найлепшых пантэон,
адзіны дум маіх прыпынак”.
 

7

О, незабыўныя радкі
майго калегі М. Сяднёва!
Вы дум цвяцістыя вянкі,
цытую вас я слова ў слова.

Я з вашым аўтарам пра вас
успамінаў у Беластоку,
і з вамі я тужыў ці раз
ля водаў Рыскае затокі;

і праз далейшыя шляхі
былі вы песняю адзінай;
ступаў я з вамі праз імхі
лясоў Эстоніі гасціннай;

і пры наслані – дымных днёх –
былі вы знічкай успаміну,
жылі ўва мне ў трывожных снох
і ў бамбасховішчах Берліну.

Ды Reich’у згін не пахіснуў
і не паставіў на калены;
мяне ад вас не адхіснуў
і стогн руін агністай Вены.

Як з вамі я, вы ідзяцё
за мной па скалах Альпаў хмурых.
I вы, як дом, – маё жыццё,
мая нясхільнасць у віхурах.
 

8

Як дом над Свіслачай-ракой –
найсціплы скарб мае сталіцы,
так згадка – плач тугі, якой
цяпер трымцяць і вёснаў гліцы.

Адпорны сіберным вятром –
ён частка цэлага харому,
ды мне цяпер – бы сам харом,
нібы мой дом самога дому.

Яна-ж у ім – яна жыла,
мо й сёння зносе ў ім няўцеху,
і пад крывавым пеклам зла
не знае радасці і смеху.

Мо ў тундрах, мо сярод пяскоў
нясе пакрыўдны здзек сваволі –
і па слядох яе бацькоў
далей грыміць ланцуг няволі...

Туга салодкая мая
даўно зы мною не сябруе,
а ў сэрцы джгаліць, як змяя,
і ў ёй, нібы ў вагні, гару я.

I дакарае мне: – “Чаму-ж
і дом, і ў ім яе пакінуў?
Няхай-бы ты – і смел, і дуж –
харобрым рыцарам загінуў”. –
 

9

Ты дакарай мне, дакарай,
мая туга – неўтаймаванасць!
Бясслаўна я пакінуў край.
А дзе-ж ахвярная адданасць?..

На дол, сцякаючы крывёй,
спадала чэрапная каска.
Ішла-паўзла на змену ёй
чырвонасплюшчаная маска.

Адна прад сконам: – “О, mein Gott” –
і смерць на месцы спатыкала.
– “Даёшь! Дави его, вперёд!” –
другая побач не змаўкала.

А дом... Яна – ці-ж гэта сон? –
сказала ветліва і цвёрда:
– “Ідзі!” – бы грайкіх струнаў звон
прагуў распачлівым акордам.

– “На край і неба, і зямлі
ідзі, а злыбядам не дайся.
Адтуль, дзе толькі ў снох былі,
непераможаным вяртайся”. –

Яна сказала ў доме мне –
і я паслухаўся наказу.
...Была вясна. Маёй вясне –
заўсёды жыць, бы казцы-сказу.
 

10

А беларуская вясна –
я не знайшоў нідзе ёй роўных.
Краса на ўсёй зямлі – адна,
ды шмат у ёй аздоб чароўных.

I рознасць іхная ў вясне –
і ў тэй вясне харому-дому...
Як першы цёплы дзень блісне,
марозу весцячы утому, –

гарыць крыштальны, чысты снег,
і дзень, як сонца, – прамяністы.
Ледзь кропля звонкая зы стрэх
спадзе, маўляў змарагд агністы, –

і ажывае свет красы:
і дол, і неба – зоры й зоры;
і прачынаюцца лясы,
гамоняць рэкі і вазёры;

снягі струменямі вады
да іх імкнуцца нястрымліва,
плывуць і крышацца ільды,
пад сонцам таюць зігатліва.

Яшчэ руцвянаю травой
не ўскрыты ўзрэччы і пралескі,
а пад нябёснай сінявой цвітуць
блакітныя пралескі.
 

11

Пяшчоту весніх абыймоў
зямля ўдыхае шырай-шырай.
Шпакі вяртаюцца дамоў –
не вабіць іх далёкі вырай;

лятуць у свой харом – у ім
найбольш, як дзе, цяпла й раздолля...
I з днём праменна-залатым
п’юць дрэвы сок святла й здаволля.

Цвіце, адцвітвае гарэх.
Снягі зыйшлі. А дол – пад беляй:
Сё пух асінавы, бы снег,
кладзецца лёгкаю пасцеляй.

Дымнее пахкая ралля –
ёй сейбіт зерне дорыць-сее.
Пчала спяшае да вулля.
Блакіт насупліва хмурнее.

Разважна крочыць першы гром
за хмарна-змрочнымі дзвярыма.
Зямля, абмытая дажджом,
буяе пышнасцяй кілімаў.

Зноў адчыняе дзверы выш,
рвучы суцэлле хмар на болкі, –
зіяе з іх праменны спіж
дугой шматколернай вясёлкі...
 

12

Вясна праводзіла ў шляхі,
дзяліла смутак разьвітання.
Над ёй глуміліся штыхі –
зняслаўцы ейнага світання.

I прэч, губляючы сяброў,
спяшалі захаду вандалы.
I зноўку неслі здзек і кроў
сыны усходняе навалы.

Агнём пяклі адны адных
і агрызаліся агнямі.
Распачы крык, апошні ўздых –
нат ночы зблыталіся з днямі.

Як лістапад, спадала з дрэў
вясна, адцвілая заўчасна;
і сам харом шугаў гарэў,
гарэў, здавалася, нязгасна;

схаваўся ў дыме і агні
і дом зруйнованай сталіцы...
I доўга йшчэ ў далячыні
займаўся полыск палавіцы.

Жаўрэў крывёю небакрай –
куды ні йшоў я і ні ехаў...
Вялік шырокі свет-бяскрай –
бясконцы шлях пакут-няўцехаў.
 

13

За дом, за пышную вясну
ішоў і йду, і не спынюся.
Павекаў стомных не зымкну
у несціханай завірусе.

Мае цярністыя шляхі
вядуць да дзён, заўсёды ясных, –
не адшпурне віхор ліхі
да ночаў цёмных і заўчасных.

Шукае спрагнены пагляд
зарніцаў ранніх і вячорных.
Сьціхае строгі гул гармат
і кане дым – густы і чорны.

О, нездарма зара здалёк
мяне і клікала й будзіла:
пад прыбліжальны мужны крок
трасецца злыдніцкая сіла.

Само сабе ланцуг куе
прапекла й зло пад штормаў хвалі.
Я не згубіў зары – з яе
вачэй не зводзіў у навале.

I на апошніх растанёх
хай не зымкаюцца павекі,
каб тое, чым я жыць не змог,
было маім – было навекі.
 

14

I з росным ранкам, з ясным днём –
і на зары, і на паўдзённі –
цябе я помніў, дом-харом,
цябе я помню і сягоння.

Твая аздоба пекнаты –
і па-над полем, і на полі.
Каханы ты, адзіны ты,
ты мне не быў чужым ніколі!

Ішоў праз далеч нацянькі,
ступаў апоўдні, апаўночы,
у жыце бачыў васількі,
мне ў іх яе зіялі вочы.

Стаптаў ці мала мурагоў,
пераступаў, мінаў узмежкі –
да незабыўных берагоў
мяне вялі яе усмешкі.

I верыў: ёй не быць рабой!
I прыйсце блізкае вяшчую:
няўхільна ўбачуся з табой
і голас ейны зноў пачую.

Сустрэне цвецень-бялізна
усіх садоў, адыйдзе склока.
Вакол вясна, цвіце вясна –
і вы так блізка, недалёка.
 

15

Цвіці, вясна мая, цвіці!
З табой парываў пошуг поруч.
Няхай знікае ў нябыцці
глухіх часін туга і горыч.

Бязмежжа ніваў калыхай,
пашлі ім веслівыя сокі –
зямлі і неба дар – няхай
узносіць іх узрост высокі.

З тваёй ацвеценай красой
здзяйсняю ўсцешаную мрою:
на луг, аздоблены расой,
іду з праддзённаю зарою.

Прастую ў даль гаспадаром,
паклон нясу багаццю ніваў.
Цябе вітаю песняй, дом –
вяшчуняй спору й плённых жніваў.

Пад сонцам светла-маладым
і нада мной, табой – харомам –
не засціць неба трутны дым,
блакіт развеяў хмары громам.

А поруч нас яна ідзе,
аб ёй і водгалас – як рэха...
Цябе не кінуў у бядзе, мая
нястрачаная ўцеха!

1944-1945

 

Похожие статьи:

Алесь СалавейАлесь Салавей - Пад шэлесты лісця

Алесь СалавейТам, на пякельным таку, дзе цапамі малоцяць галовы...

БиографииАлесь Салавей

Алесь СалавейАлесь Салавей - Лясы. Узгоркі. Паплавы...

Алесь СалавейАлесь Салавей - Спі...