Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алесь Разанаў - Стары горад

   На ацішэлых падворках, ля гонты і чарапіцы, квітнее ружовы і белы бэз і асвятляе сваім цвіценнем, сваім разуменнем горад, што паглыбляецца ў даўніну.
   Кашлаты дзядоўнік натоўпіцца каля паркана:
   кожная лапушына — шаля,
   кожная лапушына — голас,
   кожная лапушына — далонь:
   наноў разважае зялёнае веча, наноў узважвае думнае веча кошт смерці і кошт жыцця...

   Пакінулі апошнія жыхары свае дамы-мураванкі, свае драўляныя хаты з аканіцамі і ліштвой і ўсё, што мелі, што нажывалі, што памяталі, што снілі, пабралі ў пярэбары, у перасяленне, у новы кут...
   Ды нехта ўсё роўна сюды вяртаецца неадольна,
   нешта ўсё роўна тут, быццам колісь, жыве:
   тут раптам зазвоняць званы трывожна,
   зацокаюць раптам падковы па бруку,
   раптам дзіця заплача,
   раптам некага нехта пакліча, і той адгукнецца ў адказ...
   Тут пласт на пласце, на падмурку — падмурак.
   Тут свае таямніцы, свой радавод, свой лад.
   Тут нешта тоіцца, нешта хаваецца, нешта ўхіляецца ад разгляду...
   Падводзіцца да старога горада вузкакалейка.
   Па старым горадзе ходзяць узброеныя патрулі.

Похожие статьи:

Алесь РазанаўАлесь Разанаў - Рагнеда

Алесь РазанаўАлесь Разанаў - Арышт Кастуся Каліноўскага

Алесь РазанаўАлесь Разанаў - Радзіма

Алесь РазанаўАлесь Разанаў - Вецер

Алесь РазанаўТворчасць Алеся Разанава