Адсылаюцца сваты –
рэй пусты...
Трубу абрыне
не абраны, не святы:
для рабыніча – рабыні.
Як страла трымціць –
прыспеў...
Курны дым – як сцелюць воўну...
Налучыўся неспадзеў
карны выкуп за князёўну.
Слынна
ў варварскія дні
выкшталцоўвалася крэда:
пры вачах шчытной радні
абняслаўлена Рагнеда.
Уладзімір, уладар,
праз вякі крычыць здарэнне,
праз вякі гудзе пажар:
чад і слёзы – парадненне.
Ад радзіны анідзе –
парадненне –
анікога.
Праз вякі на збой ідзе –
тлен і парасткі –
дарога.
Цесны церам,
змор звініць,
зазвініць душа-вярэда...
Прыпадзе каханка ніц...
Занясе лязо Рагнеда,
не за волю і дабро –
за няволю і змірэнне...
О, рабыннае таўро –
з пераможцам парадненне.
Неназванаю была,
неназванай засталася –
знак святлейшага гала
пад хусцінаю Настассі.
На зняверанай вярсце
адрачонымі начамі
прыадчыніцца:
расце
сын – вачамі палачанін.
Адраджэнне:
заснуе...
адрадненне:
верне краю
род упарты –
ўсе свае...
Род адступнікаў карае.
А пакуль, князь,
а ці знаў –
ты не сам тут...
Як закляцце – прыўзнімае Ізяслаў
меч,
атрыманы ад маці.
Похожие статьи:
Алесь Разанаў → Алесь Разанаў - Радзіма
Алесь Разанаў → Алесь Разанаў - Арышт Кастуся Каліноўскага
Алесь Разанаў → Алесь Разанаў - Вецер
Алесь Разанаў → Творчасць Алеся Разанава
Алесь Разанаў → Алесь Разанаў - Горад