Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алесь Разанаў - Піла

   Ці гэта ліпень, ці лістапад, у пілы — пільніца, напружаная часіна: нібы навачасны Пілат, яна заўзята дапытваецца ў ліпы, піхты, яліны, клёна адказу на адно і тое ж пытанне: у чым ісціна? — і, намерваючыся любою цаною «даплыць» да ісціны, то плаўна, а то з запалам паглыбляецца ў іхнюю сарцавіну, у іхнюю «замкавіну», але ўсялякі раз плён яе допытаў — пыл, пілавінне.
   У палоне сваёй заўзятасці, сваёй паляўнічасці піла засляпляецца: яна перапалавіньвае дрэвы наскрозь, разнімае іх на палены, і там, дзе яна спадзяецца набыць большую глыбіню, яна набывае большую плыткасць, што неўзабаве заканчваецца карою, якая ледзьве ліпіць, ды голай, пустой паверхняй, і там, дзе яна спадзяецца сустрэцца з ісцінай, яна сустракаецца з парадоксам, якога ніяк не можа засвоіць і які ўвесь час перажоўвае-перапіліквае ўголас: калі глыбей, то плытчэй, калі глыбей, то плытчэй...
   Піла адмаўляецца ад якой бы там ні было платы: яна аскетычна-пляскатая, і што яна п'е, тое выплёўвае.
   Пілатаж у пілы просты, пілігрымка аднастайная: наперад — назад, назад і наперад, аднак яны немінуча «ўліпаюць» у запамежную рэчаіснасць канцэнтрычных кругоў і капілярных трубак і адбываюцца паводле законаў ірацыянальнай лічбы «Пі» — лічбы, якая не ведае завяршэння.

Похожие статьи:

Алесь РазанаўТворчасць Алеся Разанава

Алесь РазанаўАлесь Разанаў - Рагнеда

Алесь РазанаўАлесь Разанаў - Вецер

Алесь РазанаўАлесь Разанаў - Арышт Кастуся Каліноўскага

Алесь РазанаўАлесь Разанаў - Радзіма