Уранні карона знайшлася, а ўдзень яе ўкралі.
Яна была залатая – і злыя суседзі зайздросцілі нашай хаце: за што ім даецца гэткае шчасце – яны такія ж, як мы.
Маўчаць платы і вароты.
Перамяшчаюцца ўпотай цені.
Бацькі не знаходзяць ад роспачы месца: і хто мог падумаць, што за каронай сочаць...
Я пералажу праз плот у суседскі, зарослы травой, падворак, дзе жылі калісьці брат і сястра.
Былі б яны сёння тут – я расказаў бы ім пра сваё няшчасце, якое магло стаць шчасцем, я расказаў бы ім пра карону, якую не ўпільнаваў.
Але падворак глухі: няма ні сястры, ні брата.
Дзесьці, дзе зараз яны жывуць, таксама няма і мяне для іх.
Брат мае сястру, сястра мае брата, а я маю тое, кім ёсць.
А ўжо гукаюць-шукаюць мяне бацькі па сядзібе нашай.
«Знайшлася ў другі раз карона, – кажуць яны. – Тая была залатая, а гэтая модная, але ўсё роўна карона, і зноў на тым самым месцы – у лебядзе... Золата ўкрасці зладзеі ўкралі, а ўкрасці карону саму не здолелі: вось яна...»
Крыніца: Разанаў А. Вастрыё стралы: Версэты, паэтычныя мініяцюры. – Мн.: Маст. літ., 1988. – 159 с.
Похожие статьи:
Алесь Разанаў → Алесь Разанаў - Рагнеда
Алесь Разанаў → Алесь Разанаў - Радзіма
Алесь Разанаў → Алесь Разанаў - Арышт Кастуся Каліноўскага
Алесь Разанаў → Творчасць Алеся Разанава
Алесь Разанаў → Алесь Разанаў - Вецер