Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Асоба і творчасць Алеся Гаруна

   Алесь Гарун – самае вядомае сёння літаратурнае імя Аляксандра Прушынскага (1887-1920). Нарадзіўся ён у вёсцы Новы Двор, у межах цяперашняга Мінска, у сям’і чорнарабочых. У пятнаццацігадовым узросце, скончыўшы рамесную школу, Алесь пайшоў на свой хлеб: працаваў у розных майстэрнях і на мінскай мэблевай фабрыцы. Рана далучыўся да рэвалюцыйнай дзейнасці, ужо ў 1904 г. прыйшоўшы ў шэрагі радыкальных эсэраў. Першыя вершы Алесь Гарун напісаў каля 1905 г. ("Чаму так, скажэце…"). З 1907 г. яго творы пачалі з’яўляцца на старонках "Нашай Нівы". У той час іх аўтар ужо сядзеў у астрозе, падазраваны ў антыдзяржаўнай і тэрарыстычнай дзейнасці. 10 ліпеня 1908 г. Аляксандр Прушынскі разам з сваім паплечнікам Абрамам Левітасам быў асуджаны на катаргу, якая потым была замененая на пажыццёвую высылку ў Сібір. Месцам адбывання пакарання была вызначана Іркуцкая губерня. У нялёгкіх варунках высылкі яшчэ ў 1914 г. Алесь Гарун здолеў падрыхтаваць да друку зборнік лірыкі "Матчын дар". Гэтая кніга, аднак, выйшла толькі ў 1918 г., калі паэт, вярнуўшыся пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Мінск, уключыўся ў актыўную дзяржаватворчую працу ў складзе ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі. Перыпетыі гэтых гадоў канчаткова падарвалі здароўе Алеся Гаруна. Вымушаны пакінуць Беларусь у часе наступу бальшавіцкай арміі ўлетку 1920 г., ён даехаў да Кракава, дзе 28 ліпеня таго ж года ў вайсковым шпіталі і закончыўся яго зямны шлях.
   У ранняй, крыху рытарычнай паэзіі Алеся Гаруна дамінуюць матывы тугі па страчанай радзіме ("Вецер", 1910; "Журба", 1912;  "Як надарыцца мінута…", 1913; "Песня", апубл. у 1918), змагання з сацыяльнай несправядлівасцю ("Брацця, досыць цярпець нам і гнуцца…", 1907; "Ветру", 1909; "Юдам", 1913), усведамлення сваёй нацыянальнай адметнасці і годнасці ("Беларусам у чатырохлецце «Нашай Нівы»", 1910). У творчасці Алеся Гаруна 1912-1915 гг. заўважнае ўзмацненне псіхалагізму, паглыбленне мастацкай пластычнасці верша; усё большае месца ў яго творчасці займае філасофская лірыка, прысвечаная пытанням чалавечага існавання, жыцця і смерці. Яна дзіўным чынам вылучаецца на фоне актыўнай грамадскай пазіцыі аўтара сваёй глыбінёю, заспакоенасцю, у пэўным сэнсе кантрастуе з жарсцямі палітычнай барацьбы, якой аддаваўся Алесь Гарун. Нараджалася гэтая лірыка галоўным чынам у Сібіры. Да яе можна аднесці найперш такія вершы, як "Начныя думкі" (1908), "Ноч" (1911), "Думы ў чужыне" (1912), "Ідуць гады" (1913), "Жыцце" (1917), "На смерць", "Nocturno", "Літанне Адзіноце", "Адбітак", "Нязнаны госць" (усе апубл. у 1918) і некаторыя іншыя. Самі назвы большасці гэтых твораў сведчаць пра іх "начны" настрой. Ноч – улюбёны час пагружанага ў роздумы лірычнага героя Алеся Гаруна, у адрозненне ад "вечаровага" настрою значнай часткі лірыкі Максіма Багдановіча. Спадарожнікі лірычнага героя – зорнае неба ("Адбітак"), самота ("Літанне Адзіноце"), а часам і тыя пачвары, якіх спараджае свядомасць ("Ваўкалакі"). Апошні верш сугучны вершу "У ночным царстве" Янкі Купалы. Лірычны герой Алеся Гаруна, як і купалаўскі герой, таксама сумуе па сонцы, святле, вольным палёце. Але, калі ў купалаўскай філасофскай лірыцы наогул выразна выяўляецца цыклічная, "колавая" мадэль існавання, то ў Гаруна яна лінейная. Чалавечае жыццё (у Гаруна, урачыста, жы́цце) уяўляе сабою манатонны ланцуг часу, як, напрыклад, у вышэйзгаданым вершы "Ідуць гады". Гэтая манатоннасць суправаджаецца нязменным цярпеннем чалавека, які цягне на сабе нялёгкі крыж існавання. Апафеоз гэтай манатоннасці і вонкавай бязмэтнасці мы знаходзім у згаданым вершы "Жыцце", дзе відавочная паралель паміж існаваннем "цара жывёл" і вала, які бяздумна цягне сваё ярмо. "А ты, жывёлаў цар? Ці ж ты жывеш іначай?" – пытаецца паэт у чалавецтва. Страх бессэнсоўнага існавання ў лірычнага героя пераважае над страхам смерці, пра што сведчыць той жа верш "Думы ў чужыне". Лірычнага героя палохае не смерць, якая ўяўляецца яму спачынкам пасля зямных турбот, а ланцуг бессэнсоўнага, манатоннага, пазбаўленага волі існавання. У мадэлі чалавечага існавання паводле Алеся Гаруна – два полюсы, жыццё і смерць. Прамежкавых пунктаў, якія б разрывалі ланцуг існавання, амаль што няма. Паэта цікавяць найперш жыццё да нараджэння чалавека ("Нязнаны госць") ці пасля яго смерці ("Nocturno").
   Слязінка немаўляці з "Нязнанага госця" змушае лірычнага героя задумацца над таямніцай нараджэння і паварочвае яго да ўяўлення пра райскія сады, адкуль і прылятаюць у гэты свет душы немаўлят. У адным з самых сваіх знакамітых вершаў Алеся Гаруна "Nocturno" паэт, каб уявіць сабе пасмяротнае жыццё, вядзе дыялог з Адзінотай – нязменнай спадарожніцай апанаванага роздумамі лірычнага героя, і высвятляе, што плынь існавання, хоць і мае свае перапады і крайнія пункты, але ў сваёй сутнасці бясконцая. Гэтая выснова абапіраецца на вобраз-сімвал ручая, што бруіцца на зямной паверхні, хаваецца пад зямлёю, каб пасля зноў вынырнуць і пабегчы далей, да невядомае мэты. Смутак чалавечага існавання прыглушаецца тым суцяшэннем, што чуецца з вуснаў Адзіноты:

Аб смерць пытаеш ты? Калі сканчыцца
Жыццё тваё, – міленькі, не пытай!
Спрабуй ад думак тых, ад хворых палячыцца,
Прыходзь у гэты лес, паветра тут глытай.
Жыві, каб жыцце даць другім, малодшым,
Як дуб стары, што ўзгадаваў дубка.
А там… ручайка знік! І мы пуцём каротшым
Пайдзём ў зямлю за ім, каб выплыць, як рака.

   У вершы "Адбітак" Алесь Гарун шукае адказу на самае галоўнае пытанне, сэнсу чалавечага быцця, пытанне, якое хвалявала філосафаў і вялікіх паэтаў усіх часоў і народаў:

Дзіўлюся я на ззянне ясных зораў, –
І сумна-сумна так, што я не разам з імі,
Што жыць не лёс мне ў вышыне нагорнай
І сцежкамі хадзіць па небе залатымі.
 
Сярод нязнаных мне, нябачаных прастораў
Раўнінай той, што звецца Бесканечнасць,
Я лётаў думкаю б і воляй непакорнай
І, можа б, там пазнаў Цябе, Адвечнасць.
 
Дзіўлюся я на зораў ясных ззянне,
На сцежкі іх, ўсё тыя ж, як прад векам,
І сумна гэтак мне, і родзіць сум пытанне:
Нашто пачаўся я ад Бога – чалавекам?

   Знаёмячыся з паэзіяй Алеся Гаруна, немагчыма пры гэтым не падтрымаць думку англійскага літаратуразнаўцы Арнольда Макміліна наконт таго, што – заўсёды лірычны, Гарун вельмі рэдка бывае індывідуалістычны, нават у хвілі глыбокай дэпрэсіі ён мае здольнасць заклікаць да патрыятычнага аптымізму і перакананы ў тым, што галоўная мэта жыцця – служыць свайму народу. Намаляваны ў зачыне верша "Ён не згіне…" (1918) песімістычны вобраз роднай зямлі ўсё-такі не пазбаўляе паэта надзеі:

…Ўсё мне цяжкі вобраз той здаецца,
Ці адзін, ці хаджу між людзей я…
Толькі ж… раптам, часамі прарвецца,
Бы шаленства якое, надзея:

З-пад святых нябёс блакіту

Прамяніста сонца ззяе
І дзяцей зямлі з нябыту
І з заніку паднімае.
І буяе духам вольным
Той народ, што на раўніне,
І жывець жыццём давольным…
– Ён не згіне! Ён не згіне!

   Сваё слова Алесь Гарун сказаў і ў прозе. У апавяданні "Пан Шабуневіч" (апубл. у 1913) ён стварае вобраз звычайнага беларуса-шаўца, які адстойвае права быць беларусам, паўсюдна карыстацца беларускай мовай – і сутыкаецца з мурам чыноўніцка-бюракратычнай сістэмы. І як жа ўпартасць і імпэт пана Шабуневіча нагадваюць самаахвярны чын сённяшніх беларусаў-адраджэнцаў! Услухаемся ў яго словы, зварот да апавядальніка:
   "Праўда, праўда ваша. Яшчэ дачакаемся свята. Зробім сабе свята. Калі мяне скранула, што, як хлопец які, бегаю, то і з усімі тое будзе. А ведаеце што? – і пан Шабуневіч азірнуўся, ці хто не падслухвае. – Ведаеце, у мяне ёсцека думка, і хацеў бы яе з’існіць. Добра было б зрабіць у нас нешта кшталтам школкі беларускай. Чытаць, пісаць і крыху гісторыі. Га? Як на вашу думку? Хата ў мяне знойдзецца, а вы мо былі б настаўнікам…"
   Невялікае трохчасткавае апавяданне "П’ера і Каламбіна", упершыню надрукаванае ў 1918 г., сведчыць не толькі пра неардынарны літаратурны талент аўтара, а і ёсць знакавым – у тым сэнсе, што яго дзеянні адбываюцца зусім не ў звыклай беларускай вёсцы або беларускім мястэчку, і праблемы, з якімі сутыкаюцца героі, – не спецыфічна нацыянальныя, а хутчэй, агульначалавечыя. Так новая беларуская проза зрабіла крок у кірунку вяртання да – высокай еўрапейскай традыцыі.
   У падсавецкай Беларусі ад канца 1920-х гг. творчая спадчына Алеся Гаруна старанна замоўчвалася. Бальшавіцкія ідэолагі не маглі дараваць пісьменніку-рэвалюцыянеру, шматгадоваму вязню царскага рэжыму, ягоны небальшавізм. Толькі ў канцы 1980-х гг. імя гэтага адметнага творцы, фактычна класіка літаратуры – нашаніўскага перыяду, было вернутае аматарам беларускага прыгожага пісьменства. У 1988 г. выдавецтва "Мастацкая літаратура" факсімільным спосабам перавыдала яго адзіны прыжыццёвы зборнік "Матчын дар". У невялікім суправаджальным артыкуле да гэтага выдання выдатны творца нашай сучаснасці Васіль Быкаў пісаў:
   "Так ужо склалася ў нашай гісторыі, што жыццё рэдка песціла капрызлівым шчасцем сваіх песняроў, аднак лёс гэтага паэта быў асабліва сляпы і жорсткі. Несправядліва паставіўся ён да аўтара, неміласэрна аднёсся да яго нягучнай, надзвычай душэўнай, поўнай нутраной сілы паэзіі. Мабыць, не шмат трэба паэту для шчасця, але яму заўжды неабходна быць пачутым сваім народам. І, мусіць, найбольшаю карай для яго з’яўляецца немата, на якую ён бывае несправядліва асуджаны. Алесь Гарун прабыў у немаце ўдвая болей, чым ён пражыў на свеце…"
 


Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014

 

Похожие статьи:

Аляксей ПысінТворчасць Аляксея Пысіна

Міхась КавыльЖыццёвы і творчы шлях Міхася Кавыля

Янка ЗолакТворчасць Янкі Золака

Яўгенія ЯнішчыцТворчасць Яўгеніі Янішчыц

Анатоль ВялюгінТворчасць Анатоля Вялюгіна