Дзе рэчкай, дзе борам, дзе лугам
Ты вабіш сабою здаля,
Зямля між Дняпром і між Бугам,
Спрадвечная наша зямля.
Цябе мы назвалі Радзімай
Не годам раней, не двума,
Не годам-двума прынялі мы
Тваё дарагое імя.
З тых дзён і па сёння прадвеснем
Па нівах і ціхіх гаях
Гучыць твая звонкая песня,
Пявучая мова твая.
І нам нездарма аддавалі,
Як скарб запаветны зямлі,
Каб мы − праз вякі шанавалі,
Каб мы − праз вякі бераглі.
Калі ж гэты скарб чужаніца
Панішчыць захоча ў агні,
Каму ж, як не нам, заступіцца,
Каму ж, як не нам, бараніць.
Табе прысягалі ў жыцці мы,
За вернасць пад кулі ішлі
Мы самі цябе, як Радзіму,
У сэрцы свае прынялі.
Шырокімі нівай і лугам
Пад сонцам цвіці ж, як цвіла,
Зямля між Дняпром і між Бугам,
Любімая наша зямля.
Похожие статьи:
Янка Купала → Тэма народнага жыцця і любоў да Радзімы ў творчасці Янкі Купалы
Пераказы, дыктанты → Скарбы нашай Радзімы
Пераказы, дыктанты → Ганарымся Бацькаўшчынай
Алесь Разанаў → Алесь Разанаў - Радзіма
Алесь Бачыла → Алесь Бачыла - Радзіма мая дарагая...