Таго б ніколі не зазнаці
Нідзе нікому на зямлі...
Ах, нашы маці, нашы маці,
Што вы ў вайну перажылі!..
Як сіратліва з кожнай хаты
Дымілі ўранні каміны!..
А там жа... падалі салдаты,
Салдаты... Вашыя сыны.
А вы з тых даляў незнаёмых
Штодня чакалі іх... жывых.
Але... прыходзілі дадому
Вам пахаронкі замест іх.
Гаротным выцертым шынелем
Шарэў тады вам ранні час –
І вы дачасна ўсе сівелі,
Дачасна гора гнула вас.
І хоць вы долю пракліналі
І прачыналіся ад сноў,
Аднак... пакуль жылі – чакалі
Сваіх загінуўшых сыноў.
За ўменне ваша так чакаці –
Паклон вам нізкі да зямлі...
Ах, нашы маці, нашы маці,
Што вы за нас перажылі...
1975
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → І надыходзіць дзень
Пераказы, дыктанты → Сустрэча з маці
Янка Золак → Янка Золак - Ода маці
Пераказы, дыктанты → Да маці
Пераказы, дыктанты → На скрыжаванні