Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Алена Васілевіч - Як я быў доктарам
Увага! Поўны змест
Ідучы на работу, мама загадала мне:
– Вова, у дванаццаць гадзін закапаеш Наташы вочы. Альбуцыд у шафцы.
– А-ай...– гатовая вось-вось раскіснуць, скрывілася мая любая сястрыца.
– Не «ай»! – строга спыніла яе мама і ўдакладніла, звяртаючыся да мяне: – Па дзве кроплі ў кожнае вока.
Мама ведала, каму дае даручэнне, і ўсё ж не стрымалася:
– I, калі ласка, нічога не пераблытай, як гэта ў цябе часта бывае...
Спачатку я хацеў быў пакрыўдзіцца, але перадумаў – я ж не дзяўчынка, каб надзімаць губы ад кожнай дробязі. Мой настрой узняўся, бо ўсё-такі не каму-небудзь іншаму, а мне мама даручыла лячыць Натку, і, непрыкметна тузануўшы сястру за касу, я горача запэўніў маму:
– Не хвалюйся, мамачка, роўна ў дзве гадзіны я закапаю ёй па дванаццаць кропель у кожнае вока!
– Я так і ведала! Ты ўжо і зараз, не паспела я за дзверы выйсці, усё пераблытаў... Не па дванаццаць кропель, а па дзве! I не ў дзве гадзіны, а ў дванаццаць... Ды глядзі, у школу не спазніся!..
– Не спазнюся, мамачка, не! Ідзі на работу, а то сама спознішся... Я добра памятаю: у дванаццаць па дзве!
Ледзь не падштурхваючы, я правёў маму да дзвярэй, там яна яшчэ раз строга паўтарыла сваё: «Глядзі ж, не забудзь і нічога не пераблытай», і я нарэшце з нейкім шчаслівым адчаем шчоўкнуў ключом у дзвярах.
Перакруціўшыся на адной назе і робячы выгляд, што бягу на каньках, я накіраваўся ў пакой, дзе была Натка – мая хворая, або пацыентка, як кажа наш сусед па калідоры, доктар Бабровіч.
Натка сядзела, надзьмуўшыся, на канапе і перагортвала тоўсты стос «Мурзілак», сабраных за некалькі гадоў і сшытых тоўстымі шэрымі ніткамі,– гэта мяне тата прымусіў падшыць «Мурзілкі», каб не валяліся дзе папала, а былі разам.
Я паглядзеў на Натку: падумаеш, грамацейка знайшлася! У самой шчокі тоўстыя, ружовыя, на галаве бант, таксама ружовы, і два такія ж ружовыя банты ў тоўстых белых косах.
Я ніколі не мог прайсці паўз сястру, каб не пацягнуць яе за гэтыя косы з бантамі.
Так я зрабіў і зараз.
– Пусці, а то як дам!
Хоць Натцы ішоў усяго толькі сёмы год – мне ўвосень споўніцца ўжо адзінаццаць! – і дома яна была страшэнная плакса, здачы даваць яна ўмела. На нашым двары яе баяліся ўсе малыя. Але то былі малыя, а я... Зрабіўшы страшны твар і гіпнатызуючы Натку жудасным позіркам, я наблізіўся да яе і зларадна зашаптаў:
– А я табе закапаю не па дзве, а па дванаццаць кропель альбуцыду ў кожнае вока! Ага!
I я зарагатаў тым агідным смехам, які мы чулі ў махноўца, калі глядзелі ў тэатры лялек «РВС» Аркадзя Гайдара. Не ведаю, што больш напалохала Натку – мой страшэнны выгляд ці дванаццаць кропель альбуцыду, але яна пранізліва піснула, ускочыла з нагамі на канапу і загаласіла на ўсю кватэру:
– Не буду! Не хачу! Я маме скажу, як прыйдзе!..
Да мамінага прыходу было яшчэ далёка, мама толькі што выйшла...
А ўсё астатняе – «не буду», «не хачу» – мяне асабліва не турбавала. Я быў старэйшы ў доме і быў надзелены бязмежнай уладай.
Каб не аглухнуць ад гэтага піску і плачу, я парашыў лепш перайсці да халоднай вайны.
– Не хочаш, не будзеш, – значыць, аслепнеш! – тонам, ад якога, як мне здавалася, павінна была застыць кроў у жылах, прыгразіў я.
Натка ў момант прыціхла, недаверліва глянула на мяне і прыкусіла кончык указальнага пальца зубамі. Гэта азначала, што яна або нешта хітруе, або сапраўды спалохалася.
Цяпер, калі перамога была на маім баку, у мяне чамусьці зусім адпала ахвота дражніць сястру. Аднак, паколькі я ўсё ж быў пераможцам, я не мог і не хацеў першым пачынаць перагаворы. Першай павінна была папрасіцца яна. У мяне.
Але сястра не спяшалася прасіцца. I я, каб яшчэ больш узвысіць сваю ўладу, падышоў да шафкі, дзе стаяла наша хатняя аптэчка, узяў з палічкі бутэлечку з альбуцыдам, павольна паднёс яе да правага вока, потым пабоўтаў, паглядзеў на святло. Затым, не спяшаючыся, узяў у рукі піпетку – такую шкляную трубачку, з маленькім гумавым пухірком на канцы, для закапвання вачэй...
– Мама сказала ў дванаццаць закапаць. А зараз яшчэ няма дванаццаці, яшчэ рана... – нібы сухі кляновы ліст, прашалясцеў у мяне за спіной дрыжачы шэпт.
Я распрастаў плечы і, не адказваючы Натцы, зноў паўтарыў па парадку ўвесь свой дослед: паднёс бутэлечку з альбуцыдам да вока, паглядзеў кроплі на святло, націснуў некалькі разоў піпетку.
– Яшчэ не пара закапваць,– мацней задрыжаў за маёй спіной роспачны шэпт.
Па натуры я зусім не такі строгі і злосны, якім заўсёды стараўся здавацца перад сястрой. З мяне ўжо было даволі і сваёй улады, і яе страху перад гэтай уладай, і яе слёз. Стоячы бокам да сястры, я суха сказаў:
– А я і не збіраюся зараз закапваць.
– Мама гаварыла, каб мы прыбралі кватэру,– ратуючыся ад маіх лекаў, выдумала першае, што ёй прыйшло ў галаву, Натка.
– Ты што будзеш рабіць? – як і належыць мужчыну і пераможцу, велікадушна спытаў я. – Вазьмі павыцірай пыл, а я пайду дарожкі выб’ю...
– Я таксама хачу выбіваць дарожкі! – запярэчыла Натка, але, успомніўшы пра сваё заняволенае становішча, адразу ж пакорна адмовілася: – Ну добра, давай зробім, як ты хочаш...
Як я хачу!.. Мая сястра, якая ніколі ў жыцці нікому і ні ў чым не ўступала, цяпер гаварыла мне: «Давай зробім, як ты хочаш...» Вось што значыць перамога!
Я скакаў па лесвіцы цераз дзве прыступкі і цягнуў, нібы хвост, доўгую дывановую дарожку. Я нават спяваў «Барабаншчыка»:
Однажды ночью на привале
Он песню весёлую пел,
Но, пулей вражеской сражённый,
Пропеть до конца не успел...
Праз гадзіну нашу кватэру было не пазнаць. Мы з Наткай, калі хацелі, умелі парадаваць маму. Мы нават падлогу вымылі, хоць спачатку і не думалі яе мыць. Праўда, шаруючы анучамі, мы не заўважылі, як намачылі і запэцкалі адзенне: я – сваю новенькую школьную форму, а Натка – сукенку, якую ёй падарылі на дзень нараджэння.
Пакуль мы з Наткай прыбіралі ў кватэры, а потым мокрай шчоткай чысцілі адзенне і сушылі яго на батарэі, час праляцеў непрыкметна. I калі мы зноў апрануліся, я раптам успомніў пра свае доктарскія абавязкі. Я глянуў на гадзіннік – які жах! Ужо было палова першай гадзіны.
– Натка! – закрычаў я.– Хутчэй лажыся на падушку, я табе закапаю вочы...
Натка скрывілася, але пакорна падмасціла сабе пад галаву аж тры вышываныя падушкі, што ляжалі на канапе, і легла, а я, кінуўшыся да шафкі, схапіў кроплі, піпетку і паспешліва прыступіў да сваіх абавязкаў доктара.
– Глядзі на паляўнічых! Глядзі на паляўнічых! – нервова камандаваў я сястры, якая ніяк не магла расплюшчыць вочы. У нас над канапай вісела карціна мастака Пярова «Паляўнічыя на прывале».
Натка глянула на паляўнічых, і я ў гэты момант капнуў ёй у вока адну кроплю.
– Ой-ёй-ёй! – заенчыла Натка. – Холадна!
– Дзе холадна? – здзівіўся я, мерачыся капнуць другую кроплю.
Але Натчына вока нібы зашылі. Яна качалася па канапе і ўсё прыгаворвала:
– Ой, Вовачка, холадна! У воку холадна!
Ад нашага суседа, доктара Бабровіча, я чуў, што з хворымі трэба абыходзіцца ласкава і далікатна, нават калі яны гавораць глупства або патрабуюць таго, чаго і самі не разумеюць.
– Гэта табе толькі так здаецца, – як мага больш ласкава сказаў я Натцы, хоць зараз куды з большай ахвотай тузануў бы яе за касу.– Ты глядзі толькі на паляўнічых...
Натка паверыла мне і зноў на нейкі момант расплюшчыла вока, і ў тую ж хвіліну я капнуў ёй другую кроплю.
– Ой, паміраю, ой, холадна!
Я ведаў, што другой такой прытворшчыцы, як наша Натка, у цэлым свеце няма. Я раз нават чуў, як мама гаварыла пра гэта з татам. I таму зараз не звяртаў асаблівай увагі на крыкі. Калі яна ўжо схапіла кан’юнктывіт – так называў хваробу Наткі доктар Бабровіч, – дык трэба ж неяк ратавацца. Пасля, калі вочы перастануць балець, можна будзе ёй добра надаваць. Але пакуль што, добра памятаючы, як павінен абыходзіцца з хворымі доктар, я як мага больш пяшчотна ўгаворваў сястру:
– Вось і ўсё! Вось і добра! Бачыш, адно вока ўжо закапалі. Цяпер давай другое... Глядзі на паляўнічых...
Але Натка толькі качалася па канапе і лямантавала:
– Ой, холадна! Ой, у нос пацяклі кроплі!
Гэта ўжо ніяк нельга было зразумець. Мне самому не раз закапвалі вочы альбуцыдам, але я ніколі не мёрз і ніколі кроплі не цяклі мне ў нос. З такой пацыенткай я напэўна мог спазніцца ў школу, ужо не кажучы пра тое, што, вядома, не паспею паснедаць і павінен буду ісці з дому зусім галодны.
– Ну, ведаеш, няма мне тут часу з табой цацкацца! – павысіў я нарэшце голас.– Глядзі на паляўнічых!
Як і ўсякая, нават самая смелая дзяўчынка, Натка баялася сапраўднага мужчынскага тону. Яна спалохана маргнула, і я тут жа спрытна капнуў ёй кропельку ў другое вока!
– Ай, Вовачка, міленькі, больш не трэба!
Што за глупства! Засталося капнуць адну толькі кроплю...
– Глядзі, піскуха! – далей вытрымліваць свой ласкавы доктарскі тон я не мог. – Вось я закапаю гэтыя кроплі сабе, хоць у мяне няма ніякага кан’юнктывіту...
Я нават не лёг, як Натка, на падушкі, а толькі адкінуў галаву і – раз, два! – закапаў сабе спачатку ў адно вока! Раз... – у другое!
I тут жа, не бачачы свету, я вобмацкам паставіў на край стала бутэлечку з лякарствам, паклаў піпетку і кінуўся на падушку поруч з Наткай.
– Ну што? – прастагнала Натка, тручы вочы кавалкам марлі.
– Н-нічога, зараз п-пройдзе, – не маючы сілы расплюшчыць вочы, прамармытаў я.
– Табе не холадна?
– Гм... Нешта халаднавата... У цябе не праходзіць?
– Не-е, – зарумзала Натка. – Яшчэ далей у нос пацякло...
«Пацякло ў нос» і мне. Пацякло нешта пахучае, рэзкае, халоднае. I, галоўнае, нельга было расплюшчыць вачэй.
– Ну, табе ўжо лепш? – спытаў я.
– Не, яшчэ горш... А табе?
Я вымушаны быў прызнацца, што і мне «холадна» і «яшчэ горш»...
– Што гэта за такі альбуцыд? Я больш ніколі не буду ім закапваць вочы. Я яго вон выкіну!..– хныкала Натка і совала па канапе нагамі.
Я ўжо і сам гатовы быў выкінуць за акно агідную бутэлечку... Раптам мяне насцярожыў нейкі добра знаёмы пах. У чым справа? Альбуцыд жа не пахне.
Я працягнуў руку да стала, схапіў бутэлечку і паднёс яе да левага вока, у якое паспеў капнуць усяго адну кроплю і якое яшчэ крышку расплюшчвалася... Цяпер ужо холадна зрабілася не толькі маім вачам, але і вушам, і нагам, і ўсяму целу...
У руках у мяне было ментолавае масла – ад насмарку!
– Натка, мы аслеплі! – у роспачы крыкнуў я.
У Наташы, як і заўсёды, на ўсё быў толькі адзін адказ: яна загаласіла на ўсю кватэру.
– Хутчэй бяжы на кухню! – крыкнуў я і, схапіўшы сястру за руку, пацягнуў яе да ўмывальніка.
Адкруціўшы кран, я прыгаршчамі пачаў ліць ваду сабе на твар, на вочы. Тое ж рабіла і знявечаная маім лячэннем Натка. Аднак умыванне мала дапамагло. Тады я наліў у кубкі гатаванай вады з чайніка. Узяўшы па кавалку марлі, мы з Наткай пачалі прамываць вочы цёплай вадой. Нам зрабілася крыху лягчэй. Тады мы пачалі наліваць ваду з чайніка яшчэ і яшчэ...
Нарэшце Натка спытала ў мяне:
– Ну што, цяпер мы не аслепнем?
Я не паспеў адказаць, бо да нас пастукалі. Мы кінуліся адчыняць. Суседка, цётка Поля, убачыўшы нашы чырвоныя твары і вочы, успляснула рукамі.
– Бацюхны мае, што гэта з вамі?
– Мы аслеплі! – урачыста паведаміла Натка.
– Што-о?!
– Мы закапалі вочы ментолавым маслам замест альбуцыду,– растлумачыў я.
– Божа ж мой! – ускрыкнула цётка Поля і, нічога больш не сказаўшы, кінулася да дзвярэй.
Мы былі вельмі здзіўлены яе паводзінамі: замест таго, каб пашкадаваць нас і чым-небудзь дапамагчы, яна пабегла да суседзяў.
Мы замкнулі на ключ кватэру і зноў пайшлі мыць цёплай вадой свае вочы. Цяпер у нас ужо была маленькая надзея – а можа, і не аслепнем? Вачам стала цяплей, і яны не так слязіліся. Толькі, праўда, з насоў у нас пацякло, як пры добрым насмарку.
Хвілін праз дзесяць у нашы дзверы застукалі так, што мы з Наткай аж скалануліся.
– Хто гэта? – прашаптала Натка.
– Не ведаю,– таксама шэптам адказаў я.
Стук паўтарыўся з новай сілай.
– Можа, зладзеі?
– Не, зладзеі прыходзяць ноччу, – не зусім упэўнена супакоіў я сястру.
Стук не спыняўся. За дзвярыма моцна гаманілі. Мы разабралі голас цёткі Полі:
– Далібог, яны там, мусіць, патруціліся... Я траха не самлела, як убачыла. Белыя як палатно!..
– Можа, у каго з суседзяў ключ падыходзіць да гэтай кватэры? А то прыйдзецца ламаць дзверы, – сказаў малады жаночы голас.
Мы з Наткай надышлі да самых дзвярэй і насцярожыліся.
– Няма такога ключа. Ва ўсіх у нас розныя ключы, – гаварыла цётка Поля. – Пабягу сякеру вазьму ды кватаранта свайго паклічу. Адны, без мужчыны, мы тут нічога не зробім...
На пляцоўцы затупалі, забегалі,– відаць, пабеглі па сякеру. Мы з Наткай не дыхалі.
За дзвярыма нехта грубым жаночым голасам сказаў:
– Такіх матак, што пакідаюць у дзяцей пад рукамі што папала, трэба было б у турму саджаць.
– Мяне непакоіць, што за дзвярыма не чуваць ні гуку – зусім інакш, заклапочана і мякка, азваўся другі, малады голас.
Пры гэтых словах у нашы дзверы зноў пастукалі.
Мы з Наткай пераглянуліся.
– Не трэба адчыняць, – прашаптала Натка, – а то нашу маму засудзяць і пасадзяць у турму...
– А калі дзверы пасякуць?..
На пляцоўцы пачуліся цвёрдыя крокі, нехта моцна штурхануў дзверы, і мужчынскі голас крыкнуў:
– Дзеці, ану адчыняйце!
– Ён нас бачыць...
Натка, а следам за ёю і я на пальчыках адышлі да вешалкі і схаваліся за старое маміна паліто...
– Ламіце, кажу вам, дзверы! Гэта ж, не раўнуючы, дзеці, а не пянькі яловыя! Можа, іх там ужо і жывых няма – Цётка Поля была, відаць, страшэнна напалохана і ледзь не плакала.
Заскрыгатала жалеза, затрашчалі дзверы... Мы з Наткай стаялі за вешалкай і чакалі, што вось-вось паляцяць трэскі... Што будзе, калі вернуцца дадому мама з татам і ўбачаць паламаныя дзверы? Больш маўчаць было нельга.
– Мы жывыя! – нейкім вельмі тоненькім галаском закрычала Натка і кінулася да дзвярэй. Я – услед за ёю.
– Мы жывыя! – лямантавалі мы ў адзін голас, ніяк не могучы павярнуць ключ у замку.
Калі дзверы, нарэшце, адчыніліся, мы твар у твар сутыкнуліся з дзвюма жанчынамі ў белых халатах. За іх спіной стаялі цётка Поля, яе кватарант і яшчэ суседзі з іншых кватэр.
– Ну што тут у вас? Жывыя? Здаровыя? – пераступаючы нарог, звярнулася да нас маладая цёмнавалосая жанчына ў белым халаце. Гэта была доктар «Хуткай дапамогі». Яна глядзела на нашы чырвоныя твары, і вочы яе смяяліся.
Мы з Наткай збянтэжана апусцілі галовы.
– Ну, хутчэй расказвайце ўсё па парадку.
– А вы не будзеце саджаць у турму нашу маму? – спытала Натка. Нас цяпер больш за ўсё непакоіла гэта.
– Не, не буду,– смеючыся паабяцала маладая жанчына.
Старэйшая, таксама ў халаце, з чамаданчыкам, не згадзілася:
– А варта было б!.. Каб ведалі, як дарэмна ганяць «Хуткую дапамогу»...
– Ну, ну, Іванаўна...– мякка спыніла яе маладая і зноў звярнулася да нас:
– Ну, дык што здарылася?
– Вова лячыў мяне...– паказала на мяне Натка.
Я ўжо крыху пасмялеў, перастаў баяцца доктаркі з чамаданчыкам і расказаў усё па парадку.
1957
Похожие статьи:
Алена Васілевіч → Алена Васілевіч - Калінавая рукавічка
Алена Васілевіч → Алена Васілевіч - Пачакай, затрымайся...
Алена Васілевіч → Алена Васілевіч - Вернісаж