Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алена Васілевіч - Тамарына астаноўка

   Нахмураная тайга абступіла з абодвух бакоў чыгуначную лінію. Бяжыць, уцякае ад яе сталёвая лента, дзе-нідзе пераскочыць цераз таежную рэчку, схаваецца ў тунелі. Выбежыць з-пад зямлі, а тайга, многагалосая, непраходная, зноў наступае на яе, сціскае ў сваіх абдымках...
   Загубіўся і здаецца закінутым і ўсімі забытым у таежнай глушы невялікі домік пуцявога абходчыка. Гадоў пятнаццаць таму назад тут не спыняўся ні адзін цягнік. Праляціць, бывала, кур’ерскі, задрыжаць услед яму шыбы ў вокнах, жаласна зазвіняць шклянкі ў невялічкай пасуднай шафцы. А цягнік ускалыхне прарэзлівым свістам тайгу, папужае звяр’ё і птаства і мчыцца далей.
   Абудзіць разы два ў суткі таежную цішу таварняк, пройдзе паштовы – і зноў ціха і адзінока вакол доміка пуцявога абходчыка.
   Яшчэ на досвітку ўстае і накіроўваецца ў сваю звычайную дарогу пуцявы абходчык. Ліхтар у руках, за плячыма торба з рознымі прыладамі чыгуначніка, сярод якіх ляжаць два сцяжкі: жоўты і чырвоны.
   Рупліва тупае каля печы гаспадыня: распальвае дровы, рыхтуе мужу і дачцэ снеданне.
   Не спіцца і Тамары. Яе галава занята сваімі дзіцячымі клопатамі. Хуценька ўстае яна, прыбірае свой ложак, мыецца.
   – Куды ты, дачушка, так рана? Паспала б крыху яшчэ. Большая вырасла б, – кажа ёй маці.
   – А ў школу? – пытаецца ў сваю чаргу дачка, складаючы кнігі. – Хіба ты забыла?
   Да школы, дзе вучылася Тамара, было восем кіламетраў. Таму з дому дзяўчынка выходзіла заўсёды на досвітку. Бліжэй не толькі школы, нават сяла ніводнага не было. Першыя два гады вадзіў і сустракаў яе дзень у дзень бацька. Потым ужо, на трэці год, Тамара пачала хадзіць адна. Бацька праводзіў яе толькі тады, калі ў яго трапляліся якія-небудзь справы на станцыі, дзе была школа.
   Самым непрыемным на ўсім Тамарыным шляху быў тунель. Два разы ў дзень хапаў ён дзяўчынку і, сціснуўшы незразумелым страхам дзіцячае сэрца, штурхаў яе наперад. Глуха адклікалася па кожны крок рэха. Чужым, дзікім здаваўся ўласны голас. Стараючыся адагнаць ад сябе страх, Тамара дадавала кроку, бегла... А ззаду нехта таксама бег, моцна тупаў нагамі, здавалася, вось-вось дагоніць...
   Чыгунка вырывалася на прастор, насустрач сонцу, і дзяўчынка ўздыхала з палёгкай, смела аглядалася назад. Але ззаду нікога не было. Толькі заміраючае рэха недзе ў другім канцы тунеля ўсё яшчэ паўтарала яе крокі.
   Летам у дарозе было смялей. Ідучы дадому, Тамара некалькі разоў садзілася адпачываць. Яшчэ здалёк, нібы добрай знаёмай, ківала ёй кучаравай галавой-верхавінай маладая хвойка. Адступіўшы некалькі крокаў убок, важна гойдаўся, вітаў яе стромкі кедр. Ля старой, пахіленай да зямлі гадамі і бурамі бярозы дзяўчынка садзілася, быццам каля роднай цёткі. Скідала з галавы хустку, рассцілала яе па зямлі і, нібы па абрусе, расклаўшы ўсё, што засталося з яды, частавалася, уголас размаўляючы сама з сабой і з цёткай-бярозай.
   Моцна размаўляць і спяваць зрабілася звычкай для Тамары. Маці не раз вучыла яе, што калі зробіцца страшна, трэба размаўляць уголас. Дзяўчынка паспрабавала раз – і ёй чамусьці стала страшна. Другі раз яна адчула сябе лепш, а потым было ўжо ніколечкі не страшна. Наадварот, прыемна было расказваць дрэвам, чыгунцы, птушкам вывучаныя на памяць вершы, спяваць ім свае песні. Усё навокал слухала яе, паўтарала на свой лад, несла далей – па тайзе.
   Кожны дзень даганялі і пераганялі Тамару або ішлі насустрач ёй цягнікі. Злосна чмыхаючы на ўсю тайгу, яны выдыхалі з магутных жалезных грудзей чорную хмару дыму, на момант хаваючы ў ім верхавіны магутных дрэў.
   Засланіўшыся рукой ад сонца, дзяўчынка доўга махала ўслед кожнаму цягніку, аж пакуль з вачэй яе не знікаў апошні вагон.
   А потым ішла далей.
 

* * *

   Аднойчы зімой пасля поўдня ўзнялася страшэнная завіруха. Пад вечар яна так разгулялася, што свету белага не відаць было.
   Тамара са школы не прыйшла.
   У хаце пуцявога абходчыка маці ламала рукі. Мінула ўжо колькі часу, а ні дачкі, ні мужа, які пайшоў ёй насустрач, не было.
   Не пераставаў па-воўчы выць у коміне вецер, па-ранейшаму ашалела кідала ў шыбы прыгаршчамі снегу мяцеліца. Пераваліла ўжо далёка за поўнач, а іх усё не было.
   Нарэшце пуцявы абходчык вярнуўся. Ён акінуў трывожнымі вачыма пакой і, не ўбачыўшы дачкі, бездапаможна сеў на лаву. У школе яму сказалі, што Тамара пайшла дадому...
   Доўга яшчэ круцілася, не магла нацешыцца завіруха. Нарэшце, стаміўшыся, яна заціхла, нібы заснула.
   Раніцай, палохаючы прарэзлівым свістам навакольную цішыню, наблізіўся да маленькага доміка цягнік. Пуцявы абходчык, як і заўсёды, падняўшы жоўты сцяжок, паказваў, што дарога яму адчынена.
   Параўняўшыся з пуцявым абходчыкам, цягнік яшчэ раз прарэзліва свіснуў і, сцішыўшы ход, раптам спыніўся... Не ведаючы, што здарылася, толькі адчуваючы, што здарылася нешта вельмі важнае, абходчык бягом кінуўся да паравоза. Адчыніліся дзверы – і чырванашчокая, вясёлая, кінулася з падножкі да бацькі Тамара.
   – Забірай, служба, сваю казу ды не пускай болей блукаць яе адну ў завіруху па тайзе, – высунуўшыся з акна, сказаў абходчыку машыніст.
   Цягнік зноў гукнуў на ўсю тайгу і памчаўся далей.
   – Дзе ты была, дачушка? – не памятаючы сябе ад радасці, дапытваўся бацька.
   І вось што расказала яму Тамара.
   Ідучы не па чыгуначнай лініі, а ўздоўж насыпу, непрыкметна для сябе, калі пачалася завіруха, Тамара збілася з дарогі і паглыбілася ў лес. Тут, зусім згубіўшы напрамак, яна доўга блукала, з плачам клікала на дапамогу, але ўсё было дарэмна.
   Капец, мусіць, быў бы невясёлы, каб, на шчасце дзяўчынкі, не напаткаў яе паляўнічы, які запазніўся ў лесе. Ён жыў якраз непадалёку ад станцыі, дзе была школа, і, даведаўшыся, адкуль Тамара, папрасіў раніцай машыніста давезці яе дадому.
 

* * *

   Неўзабаве пасля гэтага здарэння каля маленькага доміка пуцявога абходчыка спыніўся паштовы цягнік. Злезлі два незнаёмыя чалавекі ў чыгуначнай форме.
   – Тут будзе астаноўка, – сказалі яны Тамарынаму бацьку.
   – Чаму? Якая? – нічога не разумеў пуцявы абходчык.
   – Тамарына астаноўка, – адказалі яму чыгуначнікі і, бачачы, што ён і цяпер нічога не разумее, растлумачылі: – У Маскве даведаліся аб здарэнні з вашай дачкой і далі такі загад. Цяпер тут будуць спыняцца пасажырскія цягнікі. І ваша дачка будзе ездзіць у школу і са школы.
 

* * *

   Тамара ўжо вырасла. Напэўна, ужо скончыла інстытут і, напэўна, сама працуе. А маленькая, на хвілінку, астаноўка каля доміка пуцявога абходчыка ёсць і зараз.
   – Тамарына астаноўка, – гаворыць праваднік і расказвае пасажырам яе гісторыю.

1950


Крыніца: Васілевіч А. Выбраныя творы. У 3-х т. Т. 3. Апавяданні, успаміны, партрэты, эсэ. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. – 493 с.

 

Похожие статьи:

Алена ВасілевічАлена Васілевіч - Пачакай, затрымайся...

Алена ВасілевічАлена Васілевіч - Калінавая рукавічка

Алена ВасілевічАлена Васілевіч - Вернісаж

Алена ВасілевічАлена Васілевіч - Сябры

Алена ВасілевічАлена Васілевіч - Горкі ліпавы мёд